У Берандзея і Нептуна зіма па раскладзе

Нарэшце, сапраўдная зіма – хоць і холадна, але прыгожа. Асабліва ў лесе, дзе, здаецца, усё застыла да наступлення вясны. Але гэта толькі на першы погляд, бо жыццё тут кіпіць.

Як расказаў галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Курловіч, у моцныя маразы асабліва важная для лясных насельнікаў падкормка. Таму работнікі лясгаса, а таксама таварыства паляўнічых і рыбаловаў яшчэ з восені зрабілі запас кармоў і цяпер развозяць іх па імправізаваных лясных сталовых. Сена, зернеадходы і зерне, караняплоды, соль – жаданыя пачастункі для парнакапытных. Казулі, ласі імі не грэбуюць, заходзяць і дзікі.

Дарэчы, сезон палявання на дзікоў працягваецца, колькаснымі паказчыкамі іх адстрэл не абмяжоўваецца.

З 1 лютага можна адлоўліваць пасткавым спосабам баброў, дазволена паляванне і на пушных звяроў.

Як справы ў падлёдным царстве? Нядаўна праведзены лабараторныя даследаванні вады на ўтрыманне кіслароду. Традыцыйна ў нашым раёне праблемнымі месцамі з’яўляюцца Мініцкае вадасховішча і рака Шчара. Іменна з гэтых вадаёмаў адбіраліся пробы, і яны паказалі, што пакуль утрыманне кіслароду знаходзіцца на дастатковым узроўні, дадатковыя меры не патрабуюцца.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *