Працаваць на эфект

Чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета па барацьбе са злачыннасцю, забеспячэнні законнасці, абароны правоў і бяспекі грамадзян, што прайшло пад старшынствам кіраўніка райвыканкама Дзмітрыя Бурдука, мела па традыцыі злабадзённы парадак дня.
Па першым пытанні “Аб эфектыўнасці мер, што прымаюцца па рэалізацыі патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна” справаздачу трымаў першы намеснік начальніка РАУС Аляксандр Бурбіцкі. Было заяўлена, у прыватнасці, што прынятыя меры і намаганні дазволілі ў справаздачны перыяд – першыя 5 месяцаў бягучага года – станоўча ўплываць на дынаміку асобных відаў злачынстваў. За студзень-май на тэрыторыі раёна зарэгістравана 121 злачынства. Найбольшы ўдзельны “ўклад” у агульнараённую крымінагенную сітуацыю ўнеслі Ляхавічы – 48 злачынстваў. На тэрыторыі Востраўскага сельсавета зарэгістравана 11 злачынстваў, Навасёлкаўскага – 10, Конькаўскага – 9, Свяціцкага – 7, Крывошынскага, Альхоўскага, Жарабковіцкага, Начаўскага – па 6, Падлескага, Куршынавіцкага, Ганчароўскага – па 4 злачынствы. Каардынацыйны савет, у тым ліку і яго старшыня, звярнулі асаблівую ўвагу на рэцыдыўную злачыннасць. Асобамі з нязнятымі і непагашанымі су-дзімасцямі ўчынена практычна чацвёртая частка ўсіх злачынстваў. Адбыўся пры гэтым і іх значны колькасны рост: з 11 выпадкаў летась да 26 сёлета.
Прыкладна чацвёртая частка ўсіх злачынстваў – на сумленні нецвярозых грамадзян. Але, у адрозненне ад папярэдняга выпадку, тут назіраецца некаторы спад у параўнанні з годам мінулым.
У выніку супрацьпраўных дзеянняў за 5 месяцаў года ў раёне загінулі 6 чалавек: 4 смерці пацягнулі за сабой дарожна-транспартныя здарэнні, учынены 2 забойствы (летась мелі месца 2 смяротныя выпадкі). І раней, і на працягу справаздачных 5 месяцаў “хітом” злачынных праяўленняў па лініі крымінальнага вышуку з’яўляюцца крадзяжы, з якіх практычна палова – з жылых памяшканняў (толькі не з тых, што былі абсталяваны ахоўнай сігналізацыяй). У сувязі з гэтым старшыня райвыканкама адзначыў неабходнасць правядзення больш актыўнай тлумачальнай работы сярод насельніцтва. У тым ліку і ў першую чаргу – участковымі інспектарамі міліцыі. У адрас гэтай службы, дарэчы, на пасяджэнні прагучала нямала крытыкі.
У раёне прымаюцца меры па стварэнні і арганізацыі работы добраахвотных дружын і грамадскіх фарміраванняў. Арганізавана работа 18 добраахвотных дружын: 7 у райцэнтры, 11 у сельскай мясцовасці. Члены ДД выходзяць на ахову правапарадку па пятніцах, суботах і нядзелях, як правіла, сумесна з участковымі інспектарамі міліцыі. Дэкларуецца і шэраг іншых грамадскіх абавязкаў членаў ДД. Напрыклад, выхаваўчая работа з “цяжкімі” падлеткамі, неўладкаванымі сем’ямі, асобамі, што стаяць на ўліку РАУС, маюць розныя шкодныя “схільнасці” і іншае.
Пракурор раёна Аляксандр Ярашэвіч правёў параўнальны аналіз стану правапарадку на тэрыторыі Ляхавіччыны ў разрэзе іншых раёнаў Брэсцкай вобласці, выказаў сваё меркаванне па шэрагу іншых аспектаў пытання.
Салідарны Аляксандр Ярашэвіч і з агучанай раней думкай, наконт “праблемнасці” службы ўчастковых інспектараў РАУС. У сэнсе таго, што недастаткова кваліфікаваных, вопытных, якія б карысталіся аўтарытэтам у насельніцтва, прадстаўнікоў гэтай вельмі важнай міліцэйскай спецыялізацыі.
Вынікі работы па развіцці і ўдасканаленні тэрытарыяльнай абароны Ляхавіцкага раёна ў 2009 годзе і асноўныя задачы тэрытарыяльнай абароны на год 2010 і шляхі іх рэалізацыі – такім было другое пытанне парадку дня пасяджэння каардынацыйнага савета. Раскрываючы тэму, ваенны камісар раёна Ігар Гусак перш-наперш растлумачыў сутнасць паняцця. Было адзначана, што асноўныя намаганні па падрыхтоўцы тэрытарыяльнай абароны раёна ў 2009 годзе былі накіраваны на падрыхтоўку адказных асоб рабочай групы райвыканкама – савета абароны раёна – і раённага ваеннага камісарыята. Увогуле – усё згодна з планам, інструкцыямі, нарматывамі. Хоць ёсць і пытанні, для “развязкі” якіх вызначаны канкрэтныя тэрміны.
У якасці высновы пасля пасяджэння каардынацыйнага савета – патрабаванне старшыні райвыканкама Дзмітрыя Бурдука “працаваць на эфект”. Не на паперы, не дзеля “птушачкі”, на любым месцы і ў кожнай сітуацыі.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *