Лютаўскія падснежнікі

Пакідаючы легкавы аўтамабіль каля пад’езда, мала хто задумваецца, што яго “жалезны конь” можа стаць перашкодай не толькі для іншых, але і для гаспадара. Па словах дырэктара КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандра Мядзвецкага, выпадкі, калі аўтатранспарт перагароджвае праезд спецтэхнікі, не рэдкасць. З-за нядбайных аўтааматараў да пад’езда не могуць праехаць ні машына хуткай дапамогі, ні выратавальнікі. А між тым, у надзвычайных сітуацыях кожная секунда на вагу золата. Часам скардзяцца людзі і на недакладнасць графіка работы смеццявоза, які спазняецца з-за загароджанага ўезду ў двары ці выезд.

З пачаткам маразоў і снегападаў актывізаваліся планавыя работы па падсыпцы дарог і тратуараў. Пакінутыя машыны значна перашкаджаюць камунальным службам выконваць свае абавязкі, асабліва калі трэба пачысціць вуліцы – даводзіцца манеўраваць паміж транспартам.

З-за нізкай тэмпературы паветра многія вадзіцелі па некалькі тыдняў не заводзяць свае аўто, ствараючы вакол непраходныя гурбы снегу. Як адзначыў дырэктар камунгаса, найбольш праблемныя стаянкі каля дамоў № 4 і 18 па вуліцы Южакова.

Часта тэлефануюць з-за няправільна прыпаркаваных машын і жыхары дамоў.

Дзяржаўтаінспектары расказваюць, што ім па нумарах машын даводзіцца выяўляць уладальнікаў так званых “падснежнікаў”, з якімі праводзяць растлумачальную работу. Як правіла, вінаватыя робяць адпаведныя высновы.

Пакінутыя на вуліцы машыны – гэта яшчэ і прынада для аматараў чужых рэчаў. Як паведамілі ў міліцыі, за мінулы год у раёне зарэгістравана 7 фактаў крадзяжоў з аўтамабіляў, 6 машын былі пашкоджаны. Дарэчы, з 21 студзеня абласная ДАІ з мэтай своечасовага выяўлення і спынення фактаў грубага парушэння правілаў дарожнага руху пачала новы праект “Увага! Брэсцкі “Перахват”. Калі чалавек стаў сведкам грубага парушэння ПДР (парушэнне правілаў праезду перакрыжаванняў, пешаходных пераходаў, правілаў манеўравання, рух на забаронены сігнал светлафора, стварэнне аварыйнай сітуацыі), ён можа пакінуць свой зварот на сайце ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама і прыкласці да яго відэазапіс. Адзіная ўмова – зварот не павінен быць ананімным.

У сітуацыі, якая складваецца зімой з паркоўкай машын каля пад’ездаў, трэба шукаць кампрамісы. Адзін з іх – набыццё ці будаўніцтва гаража. Другі варыянт – калі кожны ўладальнік аўтамабіля сам ачышчае месца вакол сваёй машыны. Знайсці выйсце можна. Галоўнае, шукаць зацікаўлена.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *