Закон суровы, але закон

З кожным днём роля пракуратуры значна ўзрастае, пракурорская абарона становіцца больш эфектыўнай, даступнай кожнаму грамадзяніну.
Інфармацыя пра тое, што правы і законныя інтарэсы кагосьці з грамадзян парушаны, паступае ў пракуратуру з розных крыніц: у выніку праведзеных праверак у рамках нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў, пры падтрымцы ў судзе дзяржаўнага абвінавачвання, удзеле пракурора ў разглядзе судом грамадзянскіх спраў. Але па-ранейшаму адной з важнейшых крыніц такой інфармацыі застаюцца звароты саміх грамадзян.
Так, за мінулы год у пракуратуру раёна паступіла 113 зваротаў грамадзян, за 5 месяцаў сёлета — паступіла 65. Не ўсе звароты разглядаюцца пракурорскімі работнікамі, частку з іх накіроўваюць кампетэнтным органам, упаўнаважаным на разгляд пытанняў розных сфер. Аднак неабходна адзначыць, што ні адзін зварот не застаецца без увагі.
Часта пры разгледжанні зваротаў становіцца відавочным, што правы і законныя інтарэсы грамадзян парушаны, а значыць, ёсць усе перадпасылкі для прымянення мер пракурорскага рэагавання ў межах паўнамоцтваў, прадастаўленых пракурорскім работнікам Законам Рэспублікі Беларусь “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь”.
Напрыклад, у пракуратуру паступіў зварот грамадзянкі П. аб тым, што ёю ў кнізе заўваг і прапаноў аднаго з будаўнічых прадпрыемстваў раёна была пакінута скарга на грубыя адносіны да яе пры размове з кіраўніком гэтага прадпрыемства. Па выніках разгледжання запісу ў кнізе заўваг і прапаноў ёй быў дадзены адказ, з якога вынікала, што зварот разгледжаны самім кіраўніком гэтага прадпрыемства, адпаведна меры ўздзеяння да яго не прымяняліся. Заяўніца з такім разгледжаннем яе звароту была не згодна, таму і звярнулася ў пракуратуру раёна, якая выявіла парушэнні заканадаўства аб зваротах грамадзян: скарга П. была разгледжана няпоўна, нявырашаны ўсе пастаўленыя пытанні, не прыняты меры па абароне яе правоў. Акрамя таго, скарга разглядалася асобай, дзеянні якой абскарджваліся, што ў святле патрабаванняў Закона “Аб зваротах грамадзян” з’яўляецца недапушчальным. У сувязі з гэтым, пракурорам раёна кіраўнік прадпрыемства быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў суме 140 тысяч рублёў.
Пры разглядзе звароту грамадзянкі М., прыбіральшчыцы майстэрняў аднаго з СВК раёна, устанавілі, што ёй не быў своечасова (за 2 дні да пачатку водпуску) выплачаны сярэдні заробак за час водпуску. Старшыні праўлення СВК накіравалі прадпісанне з патрабаваннем аб тэрміновым ухіленні парушэння працоўнага заканадаўства, па выніках разгляду якога М. быў выплачаны сярэдні заробак.
Яшчэ адным спосабам абароны правоў грамадзян з’яўляецца прад’яўленне ў суд заяў у іх інтарэсах. Найбольш важнымі ў гэтай сферы застаюцца іскі аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, якія прад’яўляюцца ў інтарэсах непаўналетніх, бацькі якіх належным чынам не выконваюць сваіх абавязкаў па іх выхаванні і ўтрыманні, а таксама заявы аб абмежаванні ў дзеяздольнасці асоб, што злоўжываюць спіртнымі напіткамі, наркатычнымі рэчывамі і ставяць гэтым сваю сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча.
Напрыклад, у пракуратуру звярнулася грамадзянка Б., якая ў заяве ўказала, што яе сын пражывае сумесна з ёю, аднак камунальныя паслугі не аплачвае, злоўжывае спіртным, траціць на яго ўсю зарплату, прадукты харчавання не купляе. У выніку Б. даводзіцца са сваёй невялікай пенсіі плаціць за камунальныя паслугі, карміць сына, купляць яму адзенне, што па-ставіла яе ў цяжкае матэрыяльнае становішча. У ходзе праверкі ўсе гэтыя факты пацвердзіліся, і пракуратура раёна накіравала ў суд заяву аб абмежаванні сына Б. у дзеяздольнасці, якая задаволена.
Існуе меркаванне, што пракурор – гэта, перш за ўсё, абвінавачвальнік. Але ёсць і іншы бок пракурорскай работы. Галоўнае – дабівацца таго, каб юрыдычныя і фізічныя асобы не парушалі патрабаванні заканадаўства, а дакладна іх выконвалі. Асноўнае правіла, якім кіруюцца ў сваёй дзейнасці пракурорскія работнікі, было сфармулявана яшчэ ў Старажытным Рыме: “Закон суровы, але закон”.
Юлія ЗАРУБАЙКА, памочнік пракурора раёна, юрыст 2 класа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *