Прадукцыя Ляхавіцкага райаграсэрвісу пастаўляецца па ста адрасах. Не толькі беларускіх

Дырэктар райаграсэрвісу Дзмітрый Несцяровіч

Сёлета ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” адзначыць юбілей – 10-годдзе ўтварэння гэтага шырокапрофільнага прадпрыемства ў цяперашнім фармаце, арыентаванага на сельскую гаспадарку.

Усё пачыналася ў 2004 годзе, калі адбылося аб’яднанне трох самастойных арганізацый – сельгастэхнікі, сельгасхіміі і райсельэнерга – у адзіную, асноўнай функцыяй якой было забеспячэнне сельгаспрадпрыемстваў раёна мінеральнымі ўдабрэннямі і правядзенне рамонту тэхнікі, вузлоў, агрэгатаў. З далучэннем з цягам часу саўгасаў “Адахаўшчына”, “Альхоўскі”, КУСГП “Малое Гарадзішча” пашырыліся і задачы райаграсэрвісу – дабавіліся раслінаводчая і жывёлагадоўчая галіны вытворчасці.

На сённяшні дзень райаграсэрвіс – адна з буйнейшых сельгасарганізацый раёна: зямельныя ўгоддзі раскінуліся на 8 тысячах гектараў (большыя толькі ў СВК “Шлях новы” і “Жарабковічы”), з якіх 4,9 тысячы гектараў – ворыва. Нягледзячы на тое, што глеба тут не надта ўрадлівая (сярэдні бала-гектар складае 23,1), мясцовыя земляробы імкнуцца дасягаць неблагіх вынікаў. Так, мінулагодняе жніво прынесла больш за 6 тысяч тон зерня пасля дапрацоўкі і перамогу ў раённым спаборніцтве сярод гаспадарак 2-й групы на ўборцы зерневых і зернебабовых. Прададзена ў лік дзяржзаказу піваварнага ячменю ўтрая больш запланаванага, паспяхова выкананы дзяржзаказ па продажу зерня. Сваё важкае слова райаграсэрвіс сказаў і на абласных спаборніцтвах, заняўшы другія месцы па вырошчванні бульбы і цукровых буракоў. Менавіта добры ўраджай бульбы і буракоў прынёс прадпрыемству і 2 пераходныя Ганаровыя сцягі, якія былі ўручаны на галоўнай раённай сцэне святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК у лістападзе 2013 года.

Электрагазазваршчык Аляксандр Паўлоўскі і начальнік РМЦ Уладзімір Ракашэвіч

Гаворачы пра раслінаводства, нельга не ўспомніць сапраўднага героя хлебнай нівы – мясцовага механізатара, а ў жніво – старшага камбайнера Андрэя Юруця, неаднаразовага пераможцу рэспубліканскіх, абласных і раённых спаборніцтваў на ўборцы зерневых. Між іншым, Андрэй – прадаўжальнік сельскагаспадарчай дынастыі Юруцёў: яго бацька Уладзімір Фёдаравіч узначальвае ў райаграсэрвісе філіял “Адахаўшчына”. Дарэчы, Юруці тут не адзіная сямейная дынастыя. Напрыклад, і дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Несцяровіч, хоць працуе на гэтай пасадзе ўсяго паўтара года, мае тут трывалыя карані: яго маці калісьці працавала галоўным бухгалтарам, а бацька 40 гадоў ўзначальваў трактарную брыгаду. Ды і нарадзіўся і вырас ён у вёсцы Каранеўшчына. Праўда, працаваць давялося ў Баранавіцкім райаграсэрвісе.

– Канешне, хваляваўся, калі атрымаў прапанову ўзначаліць Ляхавіцкі райаграсэрвіс. Працаваць сярод сваіх землякоў і ганарова і адказна ўдвая, – расказвае Дзмітрый Несцяровіч.

Як з моманту заснавання, па-ранейшаму аднымі з асноўных функцый прадпрыемства з’яўляюцца рамонт і тэхнічнае абслугоўванне сельскагаспадарчай тэхнікі, мантаж абсталявання для даільных залаў і зернесушыльных комплексаў. У 2013 годзе адзін з іх райаграсэрвісаўцамі быў зманціраваны ў СВК “Шлях новы”.

Токар V разраду Аляксандр Шышко.

Сёння нельга ўявіць прадпрыемства без выпуску сельскагаспадарчых агрэгатаў і запасных частак да іх. Тут, як гаворыцца, усё круціцца вакол галоўнага рухавіка вытворчасці райаграсэрвісу – рамонтна-механічнага цэха. Работнікі цэха на чале з Уладзімірам Ракашэвічам толькі за мінулы год выпусцілі тэхнікі ўласнай вытворчасці і запчастак на 34 мільярды 860 мільёнаў рублёў пры заданні – 1 мільярд 860 мільёнаў рублёў. Перавыканалі план у 34 разы!

Як расказаў Дзмітрый Несцяровіч, райаграсэрвіс выйграў тэндар на выпуск тэхнікі для сельгаспрадпрыемстваў Бела-русі, які праводзіў Белаграсэрвіс, адразу ў 3 намінацыях. 50 касілак КНД-9,4, 40 грабляў ВГР-7, 10 варушылак ВРП-8,3 закуплены Белаграсэрвісам па лізінгу і перададзены гаспадаркам Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Некаторыя мадэлі паспелі добра сябе зарэкамендаваць на мінулагодніх палявых работах. Аднак, тутэйшыя кулібіны не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. Ужо сёлета плануецца не толькі асвоіць вытворчасць, але і сертыфікаваць навінку – прэс для прасавання сенажу з упакоўкай яго ў стрэйч-плёнку. Гэта сумесная вытворчасць Ляхавіцкага райаграсэрвісу з партнёрамі з Польшчы, як лічаць на прадпрыемстве, – вельмі перспектыўны накірунак работы.

Прадукцыя райаграсэрвісу знайшла свайго пакупніка і ў суседняй Расіі. Барана АБ-9 запатрабавана ў Маскоўскай вобласці. Сёлета плануецца рэалізацыя ў Расійскую Федэрацыю і касілак КНД-3,9.

Слесары Мікалай Станчык і Аляксей Праневіч

Рамонтна-механічны цэх працуе пад поўную загрузку незалежна ад сезона. Цяпер, напрыклад, наладжаны выпуск каткоў – запасных частак да агрэгата АКШ для апрацоўкі глебы. Рамантуецца як уласная тэхніка для палявых работ, так і тэхніка іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна. Абслугоўваюцца жывёлагадоўчыя фермы: манціруюцца даільныя залы, малакаправоды, рамантуецца халадзільнае абсталяванне. Летась набылі трубагібачны станок з праграмным кіраваннем, з дапамогай якога пачаўся выпуск стойлавага абсталявання. Першыя два камплекты – для сваёй МТФ “Падбарочча” і фермы ў СВК “Ліпнянка” – зроблены. Гэта асабліва актуальна, улічваючы актыўную рэканструкцыю і мадэрнізацыю МТФ і ў іншых гаспадарках. Ёсць неабходны абменны фонд запчастак і асноўных камплектуючых, пэўныя напрацоўкі. І, безумоўна, сапраўдныя майстры сваёй справы – вопытныя зваршчык Аляксандр Паўлоўскі і токар Аляксей Калацкі.

Токары Валянцін Вашкевіч і Аляксандр Калацкі.

Сярод запатрабаваных паслуг райаграсэрвісу – аграхімічнае абслугоўванне сельгаспрадпрыемстваў раёна. Вапнаванне кіслай глебы, вывазка торфу, унясенне мінеральных удабрэнняў, іншая хімізацыя – усё пад сілу прадпрыемству. Для гэтага створана неабходная база забеспячэння, на якую пастаўляюцца ўдабрэнні. У 2013 годзе іх адгружана больш як на 14 мільярдаў рублёў. Калі сельгасарганізацыям не хапае ўласнага транспарту для вывазу ўдабрэнняў, аўтапарк райаграсэрвісу гатовы дапамагчы. Маецца таксама тэхніка для ўнясення мінеральных удабрэнняў і даламітавай мукі ў глебу.

Апошнім часам райаграсэрвіс на слыху і ў сувязі з рэканструкцыяй малочнатаварнай фермы “Падбарочча”. Калі ўсё пойдзе па плане, на пачатку ліпеня гэтага года плануецца запусціць першую чаргу комплексу: у рэканструяваным, амаль што новым будынку МТФ з даільна-малочным блокам (сучаснае тэхналагічнае абсталяванне для яго будзе закуплена па лізінгу) у зручных умовах размесцяцца 186 першацёлак. Будаўніцтва з рэканструкцыяй вядзецца гаспадарчым спосабам і з дапамогай генпадрадчыка ПМК-14 г. Ганцавічы і зроблена ўжо на 80 працэнтаў, паралельна ідзе і будаўніцтва даільна-малочнага блока. Як расказаў дырэктар прадпрыемства, асвоена 5 мільярдаў 800 мільёнаў рублёў (банкаўскія крэдыты, у тым ліку льготныя). У перспектыве будаўніцтва яшчэ адной залы, і тады на гэтай МТФ можна будзе адначасова ўтрымліваць 586 буронак.

Зараз у райаграсэрвісе працуе 366 чалавек. Калектыў немалы, але разам з тым на некаторых участках адчуваецца недахоп кваліфікаваных кадраў. Як адзначае Дзмітрый Несцяровіч, ёсць пэўныя праблемы з механізатарамі, нялішнім быў бы і ветурач. Кіраўніцтва арганізацыі шукае шляхі выхаду з такой сітуацыі, імкнецца пабываць на размеркаванні ў спецыяльных аграрных навучальных установах, зацікаўлена ў далейшым павышэнні кваліфікацыі сваіх працаўнікоў. Час пакажа, наколькі задуманае (а яго нямала) спраўдзіцца. Ва ўсякім выпадку, жаданне і магчымасці для ўвасаблення планаў ёсць.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Прэс для прасавання сенажу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *