27 чэрвеня — дзень моладзі

Паспрабуйце ўявіць без маладых любую сферу жыцця. Наўрад ці атрымаецца. Юныя і таленавітыя, нахнёныя і адораныя, цікаўныя і працавітыя юнакі і дзяўчаты – актыўныя ўдзельнікі сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, якія адбываюцца ў краіне, яны – у цэнтры культурных падзей і спартыўных спаборніцтваў. Дзяржава і грамадства зацікаўлены ў адукаваных, усебакова развітых маладых людзях, якія з’яўляюцца патэнцыялам і залогам здаровай будучыні нацыі.
На пачатак 2010 года агульная колькасць жыхароў Ляхавіччыны ва ўзросце ад 14 да 31 года склала 7388 чалавек, з іх 3940 — з сельскай мясцовасці.
Жыллёвае пытанне – адно з самых актуальных для іх. Значную падтрымку ў вырашэнні жыллёвай праблемы аказвае дзяржава. У горадзе хуткімі тэмпамі працягваецца ўзвядзенне жыллёва-будаўнічых кааператываў, а ў вёсцы і аграгарадках растуць катэджы ў межах праграмы адраджэння і развіцця вёскі. Наваселлі ў іх спраўляюць маладыя сем’і.
У хуткай будучыні знамянальнай падзеяй для ўсяго раёна стане адкрыццё пасля маштабнай рэканструкцыі гарадскога Дома культуры, дзе юнакі і дзяўчаты змогуць развіваць свае крэатыўныя здольнасці, таленты і творчасць.
Традыцыйна паспяхова дзей-нічаюць студэнцкія і валанцёрскія атрады, школьныя працоўныя брыгады. Не застаецца моладзь у баку і ад работы ў экалагічным накірунку, з задавальненнем і ініцыятыўна працуе на аб’ектах добраўпарадкавання.
Прозвішчы маладых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу раёна вядомы далёка за межамі Ляхавіччыны. Экіпажы зернеўборачных камбайнаў у складзе Аляксандра Юніка і Сяргея Казакевіча з СВК “Ляхавіцкі”, Андрэя Юруця і Мікалая Скрыцкага з ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс” – героі рэспубліканскіх ”Дажынак-2008 і 2009”.
Сваю нішу ў грамадскім і культурным жыцці раёна займаюць саветы па рабоце з моладдзю, створаныя на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Яны арганізоўваюць і праводзяць канкрэтныя мерапрыемствы, якія дазваляюць забяспечыць прававую і сацыяльную абароненасць маладых. Асабліва плённа працуюць такія саветы ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, УП “Ляхавіцкае ПМС”.
Для выяўлення і заахвочвання маладых сем’яў, якія займаюцца падсобнай гаспадаркай, у раёне праводзіцца традыцыйны конкурс “Лепшае вясковае падвор’е”.
Наша моладзь – энергічныя, вясёлыя юнакі і дзяўчаты, якія вераць ва ўласныя сілы і паспяхова рухаюцца наперад. Сёння на Ляхавіччыне 15 лаўрэатаў спецыяльнага Фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Папулярныя сярод юнакоў і дзяўчат спартыўныя спаборніцтвы, турніры: адкрытае першынство па лёгкай атлетыцы на прызы Генадзія Валюкевіча, міжнародны адкрыты кубак ЛДАКа па дзюдо, разнастайныя спартакіяды, чэмпіянаты. Адораная моладзь праяўляе і развівае свае таленты ў эстраднай студыі “Пунцовыя агеньчыкі”, народнай эстраднай студыі “Пачатак”, народнай эстраднай студыі “Экспрэс”. Сапраўдная кузня талентаў – заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народная дзіцяча-юнацкая студыя выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Апалон”. Штогод студыйцы становяцца пераможцамі і лаўрэатамі шматлікіх міжнародных конкурсаў, праслаўляючы родную Беларусь і сваю маленькую радзіму – Ляхавіччыну.
Сучасная моладзь уплывае на працэсы ў грамадстве, становіцца ініцыятарам карысных пачынанняў і перспектыўных ідэй. Немагчыма пералічыць усе справы і дасягненні юнакоў і дзяўчат, як і перспектывы, якія адкрываюцца перад імі, дзякуючы пастаяннаму клопату дзяржавы.
Заўтра моладзь Беларусі будзе святкаваць свой дзень. Са святам юнацтва, летуценнасці і натхнення вас, дарагія сябры. Шчасця, здароўя, аптымізму і бадзёрасці ўсім!
Алег ТРАЦЦЯК, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *