Пра жыццё, пра бацьку, пра вайну

Чужы далёкі Афганістан

Чвэрць стагоддзя прайшло з таго часу, калі афганскую зямлю пакінуў апошні савецкі салдат. Гэта і гераічная, і трагічная старонка гісторыі краіны, якая болем адгукаецца ў многіх сэрцах. Тая вайна пакінула глыбокі і незабыўны след у лёсе больш як 80 нашых землякоў і іх сем’яў. Адзін з іх Аляксандр Несцяровіч. Сёння ён працуе будаўніком – займаецца самай мірнай прафесіяй на зямлі. Чалавек не публічны, надзвычай сціплы. Але пра яго захацеў расказаць сын Дзмітрый.

Эпізод за эпізодам успамінае пра бацькаву службу ў Афганістане сын Аляксандра Несцяровіча Дзмітрый. У іх сям’і афганская тэма – асаблівая, на ёй выхоўваліся абодва сыны. Дзмітрый, годна адслужыўшы ва ўнутраных войсках Рэспублікі Беларусь, зараз працуе на чыгунцы, Віктар – выпускнік школы, марыць, як і брат, стаць машыністам.

З баявымі таварышамі на афганскай зямлі.

– Бацька для нас з братам – прыклад ва ўсім. Перспектыва служыць у Афгане яго не палохала. Воінскі загад выконваецца, а не аспрэчваецца. Хаця пра тое, што будзе 2 гады служыць у далёкім і чужым Афганістане, не здагадваўся. Даведаўся пра месца службы – вайсковую часць у правінцыі Герат – толькі пасля шасцімесячнай сур’ёзнай ваеннай вучобы на поўдні СССР у горадзе Астрагожск. Бацьку было дзевятнаццаць. Сярод 18-гадовых хлопцаў ён адчуваў сябе больш вопытным, з добрай фізічнай загартоўкай.

Рэальнасць не ўкладвалася ў звычайнае ўяўленне пра вайну. Служыў вадзіцелем БТРа. Цяжка, па словах бацькі, было прывыкнуць да пастаяннай небяспекі і высакагорнага клімату: дзённай спякоты, калі слупок тэрмометра зашкальваў, уедлівага пылу і рэзкай начной прахалоды.

Бацька неаднойчы гаварыў, што думкі пра дом, родных адначасова і сагравалі, дапамагалі перажыць цяжкасці, і ў той жа час узрушвалі. Бывала, даходзіла да адчаю. Паступова прыйшло разуменне: трэба змірыцца і радавацца кожнай пражытай мінуце. Дом замяніла баявая машына, якая не раз выратоўвала жыццё падчас абстрэлу. А яшчэ БТР мог перакуліцца на разбітых горных дарогах… Аднойчы пасля такога выпадку некаторы час давялося ездзіць на бензавозе… Бацька часта ўспамінае, як душман страляў па калоне. Цэліў, пэўна, у бочку з палівам, а трапіў па капоце. Крышку капота сарвала…

Падчас 100-кіламетровага маршу.

Кандагар, Кабул. З гэтымі мясцінамі звязаны не толькі суровыя ваенныя будні, але і цікавыя выпадкі. У часці больш за 6 гадоў жыла маленькая вясёлая малпачка Ліза, якую салдаты знайшлі ў кішлаку. Яна стала для нашых салдатаў літаральна членам сям’і. Ёй неслі ўсё самае смачнае, паілі вадой з баклажкі. А яна, гарэза, неяк выхапіла грошы ў салдата і паскакала па кабінах. Дарэчы, малпа жыла ў часці да самага вываду савецкіх войскаў.

Па бацькавых расказах, мясцовае насельніцтва толькі з выгляду здавалася добразычлівым і мірным. Зброю бралі ў рукі нават дзеці.

Граматныя дзеянні камандзіраў, вайсковае братэрства, жорсткая дысцыпліна ў тых напружаных умовах дапамагалі выжыць, вытрымаць штодзённыя выпрабаванні. Без дружбы, падтрымкі сяброў служыць было б вельмі цяжка. За тысячы кіламетраў ад дому вайскоўцы адчувалі сябе сям’ёй. Бывала ўсякае, але ведалі, што таварыш заўсёды прыкрые. БТР бацькі перавярнуўся на горнай дарозе. Калона рушыла далей, а экіпаж баявой машыны застаўся чакаць, пакуль не прыйдзе тэхдапамога. Неўзабаве запасы прадуктаў скончыліся. 2 тыдні амаль без ежы. Калі праходзіла міма калона з другой вайсковай часці, бацька з сябрамі вырашылі папрасіць у іх правіянту. Сярод ваеннаслужачых быў зямляк – ён і падзяліўся сваім сухпайком…

Аляксандр Несцяровіч з сынам Дзмітрыем.

Вяртаўся дадому, выканаўшы свой армейскі доўг. Дабраліся да аэрадрома ў Шындандзе, на якім самалёты прызямляліся раз у два тыдні. Калі ж чаканы прыляцеў – на яго не паспелі. На другім колькасць месцаў была абмежавана – цягнулі запалкі, хто паедзе. Бацьку і яшчэ двум яго таварышам пашанцавала.

За выкананне баявых задач у шматлікіх баявых аперацыях у Кандагары і Кабуле мой бацька Аляксандр Несцяровіч узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі” і граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за мужнасць і вайсковую доблесць, праяўленыя пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу ў Рэспубліцы Афганістан. Мы, сыны, ганарымся ім.

Падзеі афганскай вайны назаўсёды звязалі баявых сяброў. Яны і сёння не парываюць сувязі, тэлефануюць, сустракаюцца.

У Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў бацька з землякамі, баявымі таварышамі па традыцыі збяруцца разам, каб ушанаваць памяць тых, хто застаўся на чужой зямлі. І ўспомніць сваё армейскае юнацтва, апаленае афганскай вайной.

Запісала Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з сямейнага архіва.

One thought on “Пра жыццё, пра бацьку, пра вайну

  • 19/02/2014 в 02:37
    Permalink

    Вот уж действительно настоящий мужчина.Прошёл Афган, вырастили с женой замечательных сыновей.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *