Ляхавічы: кандыдаты ў дэпутаты атрымалі пасведчанні. Цяпер – агітацыя

Старшыня раённай камісіі Наталля Мацкевіч уручае пасведчанне кандыдата ў дэпутаты па Усходняй выбарчай акрузе №5 Аляксандру Бурбіцкаму

Завяршыўся чарговы этап выбарчай кампаніі – зарэгістраваны кандыдаты ў дэпутаты мясцовых Саветаў.

На 38 месцаў у Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў дваццаць сёмага склікання прэтэндуюць 40 кандыдатаў. 20 лютага ва ўрачыстай абстаноўцы яны атрымалі адпаведныя пасведчанні.

Як падкрэсліла старшыня раённай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Наталля Мацкевіч, з гэтага моманту кандыдаты ў дэпутаты маюць права пачынаць сваю агітацыйную кампанію.

Перадвыбарная агітацыя працягнецца да 22 сакавіка ўключна. Нагадаем, што ў раёне вызначаны месцы, дзе кандыдаты ў дэпутаты могуць сустракацца з выбаршчыкамі (іх пералік можна знайсці ў “ЛВ” за 12.02.2014 № 11).

У той жа дзень была праведзена жараб’ёўка, якая вызначыла чарговасць выступленняў кандыдатаў са сваімі перадвыбарнымі праграмамі і ідэямі ў эфіры праграмы “Ляхавіцкае раённае радыё”.

Дарэчы, сярод прэтэндэнтаў на мандат дэпутата – 12 жанчын.

Наогул, на Брэстчыне жадаюць бачыць сябе дэпутатамі 1315 жанчын – больш за 39 працэнтаў ад зарэгістраваных 3339 кандыдатаў у дэпутаты ў Саветы ўсіх узроўняў, якія прэтэндуюць на 3042 дэпутацкія мандаты. Па інфармацыі абласной выбарчай камісіі, 121 чалавек прэтэндуе на 57 дэпутацкіх месцаў у абласны Савет, 620 – у раённыя Саветы на 512 месцаў, 198 – у гарадскія Саветы гарадоў абласнога падначалення на 108 месцаў, астатнія – у Саветы пярвічнага узроўню. Адмоўлена ў рэгістрацыі 12 прэтэндэнтам.

Прыкладна палова зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты з’яўляецца дзеючымі дэпутатамі, 121 – вылучэнец палітычных партый. Што датычыць прафесійнай прыналежнасці, то найбольшая колькасць кандыдатаў у дэпутаты працуе ў сацыяльнай сферы (938 прэтэндэнтаў), на другім месцы – галіна сельскай гаспадаркі (836 кандыдатаў).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *