І юныя “Кастрычніка” наперадзе

Маладых спецыялістаў у СВК «Ордэна ”Знак Пашаны” Кастрычнік” з кожным годам становіцца больш. Цяпер у гаспадарцы — больш за тры дзесяткі працуючых юнакоў і дзяўчат ва ўзросце да 31 года (15 працэнтаў ад агульнай колькасці работнікаў). Такое ”амаладжэнне” тлумачыцца не толькі жаданнем маладых працаваць у сельскай гаспадарцы, але і клопатам пра іх. У СВК створаны ўсе ўмовы для прафесійнага росту маладых кадраў, прадугледжаны пэўныя льготы і сацыяльныя гарантыі.
Савет моладзі гаспадаркі і пярвічку БРСМ узначальвае ініцыятыўная, энергічная, няўрымслівая Ганна Фалько. На працягу 4 гадоў пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Ганна працуе ў эканамічнай службе СВК на пасадзе галоўнага эканаміста. Поле дзейнасці ў савета і пярвічкі шырокае: прапаганда традыцый нацыянальнай культуры, здаровага ладу жыцця, удзел у добраўпарадкаванні і навя-дзенні парадку. Маладзёжны савет СВК па выніках мінулагодняй работы заняў 2-е месца ў раённым конкурсе сярод аналагічных структур.
Штогод маладыя працаўнікі СВК ”Ордэна ”Знак Пашаны” Кастрычнік” — сярод пераможцаў і прызёраў раённых і абласных спаборніцтваў на жніве. На слыху ў многіх прозвішчы Дзмітрыя Анціпенкі (неаднаразовага пераможцы абласнога спаборніцтва сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня) і Міхаіла Міклашэвіча (пераможцы мінулагодняга раённага спаборніцтва на ўборцы сярод маладзёжных экіпажаў).
«Кастрычніцкая» каманда — нязменная ўдзельніца разнастайных раённых спартыўных спаборніцтваў. Не застаюцца ў баку маладыя вяскоўцы і ад палітычнага жыцця — актыўна ўдзельнічалі ў кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, працавалі на выбарчых участках у складзе ўчастковых камісій, былі назіральнікамі.
Мясцовым юнакам і дзяўчатам да ўсяго ёсць справа, ім неабыякава, як жывуць людзі побач, чым займаюцца ў вольны час. Таму і сумаваць не даводзіцца, бо справа па душы і для іншых знойдзецца заўсёды.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *