Аграрыі Ляхавіцкага раёна завяршаюць падрыхтоўку да вясенняй “сесіі”

Жалезны аргумент добрага ўраджаю.

Перыяды несупадзення надвор’я з календаром апошнімі месяцамі назіраюцца асабліва выразна. У тым ліку і на гэтым фоне “перакос” апошніх тыдняў не ўспрымаецца нават у якасці першай ластаўкі. Можа стацца, што поле пакліча сваіх аратых не проста хутка, а вельмі хутка. І тады – хто як падрыхтаваўся.

У прамым сэнсе жалезным аргументам на карысць паспяховасці пасяўной кампаніі з’яўляецца рабочая гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі. На першай стадыі – глебаапрацоўча-пасяўной: трактароў, машын для ўнясення ўдабрэнняў, перадпасяўной “даводкі” глебы, уласна сеялак. Хоць дзве апошнія аперацыі раздзельна выкарыстоўваюцца ўсё радзей – куды больш эфектыўнай альтэрнатывай ім даўно сталі камбінаваныя пасяўныя агрэгаты.

Як вынікае з даведкі райсельгасхарчу, рамонтны перыяд у сельгасарганізацыях Ляхавіччыны доўжыцца з кастрычніка і вядзецца згодна распрацаванага графіка. Толькі на працягу снежня-студзеня рамонтныя намаганні каштавалі гаспадаркам прыкладна 900 мільёнаў рублёў. Але дэфіцыт уласных грошай з’яўляецца актуальным для большасці сейбітаў. Гэта і асноўная прычына таго, што, па стане на сярэдзіну лютага, 100-працэнтным выкананнем рабочых графікаў пахваліцца могуць далёка не ўсе. У гэтай сувязі пытанне прыцягнення пазыковых асігнаванняў з’яўляецца востра надзённым. Размова вядзецца “вакол” 1,4 мільярда рублёў.

Пра трактары. Як растлумачыў намеснік начальніка райсельгасхарчу Міхаіл Новік, “надвор’е” на пасяўной прызваны рабіць іх энерганасычаныя аналагі. У сельгасарганізацыях Ляхавіччыны налічваецца 38 падобнага класу “жалезных” коней. Пераважная большасць – мадыфікацыі “Беларусаў”, ёсць трактары вядомай амерыканскай маркі, пара “Кейсаў”. Некалькі з іх знаходзяцца ў рамонце. Дзясятку, і гэта па самым сціплым падліку, машын патрабуецца тэхнічнае абслугоўванне. Працэдура няпростая і нятанная, найлепш, калі справу выканае спецыялізаваны дылерскі цэнтр. Гэта якасць, але і грошы. Па даных райсельгасхарчу, поўнае ТА аднаго трактара ацэньваецца ў 11 мільёнаў рублёў. Але лепш прафілактыка, чым куды больш дарагі рамонт, выкліканы яе адсутнасцю.

Камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты ўжо вельмі значна выціснулі са збожжапасяўных палеткаў класічныя монасеялкі. Іх прадукцыйнасць, якасць выканання работ і іх параўнальная эканамічная выгада пацверджаны гадамі практыкі і тысячамі гектараў апрацаваных палеткаў. І ад іх, у роўнай ступені з трактарамі, будзе залежаць пасяўны клімат. Але, як сведчыць згаданая даведка, не ўсе з наяўных у гаспадарках раёна глебаапрацоўча-пасяўных камбайнаў падрыхтаваны да выхаду ў поле – працягваюць рамантавацца.

У той ці іншай ступені кадравы дэфіцыт на вёсцы з’яўляецца праблемай круглагадовай. Аднак сезоннае – вясенняе, у прыватнасці – абвастрэнне асабліва відавочнае. Напрыклад, у райсельгасхарчы акрэслілі сітуацыю дэфіцыту кадраў, неабходных для правядзення веснавых палявых і іншых – па чарзе – работ па адной з гаспадарак раёна. Для работы на трактары МТЗ-3022 патрэбен адзін механізатар, на МТЗ-1221 гатовы пасадзіць чатырох, чакаюць кіроўцаў тры трактары з раскідвальнікамі ўгнаенняў, пагрузчык “Амкадор” для ўнясення мінудабрэнняў, для хімічнай праполкі, работы з плугамі і іншае. Прыведзены прыклад хутчэй горшы, чым тыповы для нашага раёна. Але становішча няпростае. Асабліва ў “Ліпнянцы”, “Востраве-Агра”, “Тальмінавічах”.

Шляхі рашэння? Адпрацаваная і правераная практыка “прызыву” на сезон масавых сельгасработ людзей і тэхнікі прадпрыемстваў, абсалютна верагодна, знойдзе працяг і сёлета – рыхтуецца адпаведнае рашэнне. Па словах Міхаіла Новіка, з года ў год асабліва актыўным памочнікам вяскоўцаў з’яўляецца Ляхавіцкае ПМС, адчувальная дапамога ДРБУ-200, торфабрыкетнага завода, ПМК-13, лясгаса, іншых раённых і арганізацый з суседніх Баранавіч.

Яшчэ – шэраг прафесійных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў вобласці, у першую чаргу, гатовы размеркаваць у раён сваіх выпускнікоў — маладых спецыялістаў. Напрыклад, прапанова такога кшталту паступіла ў райсельгасхарч з Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Ды і не толькі.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *