Праз тыдзень ляхавіцкі “Меліяратар” выйдзе супраць “Вікторыі”.

За месяц, што прайшоў з часу апошняй прысвечанай камандзе публікацыі, “Меліяратар” даў не адну падставу загаварыць пра сябе. Цэлых чатыры, калі лічыць па колькасці гульняў, праведзеных прадстаўнікамі Ляхавіцкага ПМС у аматарскім адкрытым чэмпіянаце горада Баранавічы па футболе ў залах. Як падзяліўся назіраннямі дырэктар прадпрыемства Сяргей Юшкевіч, па непадобных сцэнарыях праходзілі тыя сустрэчы, мелі розныя вынікі. Бачыцца, аднак, агульнае ў спаборніцтве прыкладна роўных сапернікаў правіла – чым бліжэй фініш, тым больш напружаная барацьба. Чэмпіянат жа Баранавіч завярнуў ужо ў фінішны створ: у нядзелю ў спарткомплексе “Атлант” пройдуць гульні перадапошняга тура. І, можа такое здарыцца, што з размеркаваннем прызоў многае стане зразумела.

Але спачатку пра тое, што ўжо зразумела: у чатырох апошніх выхадах на паркет “Меліяратар” перагуляў баранавіцкія каманды “Трык” і “Тытан”, унічыю завяршыў сустрэчу з ганцавіцкімі “Студэнтамі” і атрымаў адчувальнае паражэнне ад “Хабібі” з Баранавіч. Хоць спачатку ўсё складвалася на карысць ляхавіцкіх футбалістаў: вялі ў ліку, мелі шанцы для павелічэння сваёй перавагі. Але, па словах Сяргея Юшкевіча, вельмі добра праявіў сябе варатар сапернікаў. Быў супраць і “цягнуў” усё, што ляцела. У іншыя хвіліны і фартуна ў вобразе каркаса варот згуляла супраць “Меліяратара”. У выніку пройгрыш з лікам 4:11. Дарэчы будзе нагадаць, што першакругавая сустрэча гэтых каманд завяршылася з лікам 11:3 на карысць ляхавічан.

Нягледзячы на “згубленыя” ў чатырох апошніх турах ачкі, “Меліяратар” працягвае ўтрымлівацца на вышэйшым радку турнірнай табліцы. Ніжэй, з адставаннем у 3 балы, размяшчаюцца мінулагоднія пераможца і другі прызёр турніру баранавіцкія “Авіязавод” і “Вікторыя” адпаведна. Інтрыга ў тым, што іменна з названымі камандамі “Меліяратару” выпала памерацца майстэрствам у апошніх турах турніру. У заўтрашнім супрацьстаянні з “Авіязаводам” нашай камандзе не дапаможа яе лепшы бамбардзір Дзмітрый Прыхач. У яго ліміт “гарчычнікаў”, што аўтаматычна караецца пропускам адной наступнай гульні. А праз тыдзень “Меліяратар” выйдзе супраць “Вікторыі”.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *