Канстанцін Сумар, старшыня Брэсцкага аблвыканкама: «Мадэрнізаваны завод прыме новы ўраджай»

Пры пад’ездзе да Задвор’я нельга не заўважыць новыя рысы пасялковага пейзажу, калі дакладней, – заводскага. Аптымістычна выглядаюць новыя памяшканні пад дахамі, дзе практычна ўвесь светлавы час шчыруюць будаўнікі. З пачатку студзеня, калі старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар у рабочай паездцы пабываў на ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, тут многае змянілася. Практычна ўзведзена шоха, хаця ў бліжэйшы час там належыць выканаць яшчэ пэўны аб’ём работ – заасфальтаваць саму пляцоўку, пад’езды да яе, правесці добраўпарадкаванне і іншае. Працягваецца і будаўніцтва цэха, дзе будзе ўстаноўлена новае тэхналагічнае абсталяванне.

Тады, 4 студзеня, Канстанцін Сумар пракантраляваў ход будаўнічых і рэканструкцыйных работ на прадпрыемстве, якое ўвайшло ў рэспубліканскую праграму мадэрнізацыі льнаводчай галіны, і паставіў задачы на бліжэйшую перспектыву. Былі дадзены адпаведныя даручэнні праекціроўшчыкам, будаўнікам, кіраўніцтву “Брэстаблаграсэрвісу”, Ляхавіцкага раёна і завода. І вось праз няпоўныя 2 месяцы – 26 лютага – губернатар у чарговы раз пракантраляваў ход выканання дадзеных ім даручэнняў. Кіраўнік вобласці непасрэдна на будаўнічай пляцоўцы вёў канкрэтную размову з праекціроўшчыкамі і будаўнікамі аб тэрмінах завяршэння будаўніцтва цэха па вытворчасці льновалакна, шохі для захоўвання трасты, эксплуатуемых будынкаў і вытворчых памяшканняў.

Канструктыўны дыялог быў прадоўжаны ў актавай зале льнозавода. Старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Уладзімір Парашка зрабіў справаздачу аб выкананні ўсіх пунктаў пратакола пасяджэння штаба па рэканструкцыі, якое адбылося на пачатку студзеня з удзелам губернатара.

“Праекціроўшчыкі абавязаны больш дакладна выконваць узятыя абавязкі. Бо менавіта па іх віне ёсць некаторыя зрывы па праектна-каштарыснай дакументацыі. Адпаведна, ускладняецца задача будаўнікоў”, – падкрэсліў кіраўнік Брэстчыны.

Адзначым, што значная частка праектных работ перададзена брэсцкай арганізацыі – сталічная не спраўлялася з самага пачатку.

“Хацелася б, каб праекціроўшчыкі паказалі, на што яны здольныя”, – сказаў Канстанцін Сумар.

”А вось да генеральнага падрадчыка — прадпрыемстваў Пінсксаўгасбуда – нараканняў практычна няма. Ім складана прад’явіць прэтэнзіі. Яны стараюцца і нават апераджаюць графік ”, – зазначыў Канстанцін Сумар. У якасці прыкладу паспяховага ўзаемадзеняння праекціроўшчыкаў і будаўнікоў Канстанцін Андрэевіч назваў рэканструкцыю Пружанскага льнозавода. Праектную дакументацыю там падрыхтавалі своечасова, а далей слова было за будаўнікамі – яны не падвялі, як і фірма, што займалася мантажом абсталявання.

Справаздачу аб ходзе спраў на сваіх участках работ трымалі галоўны інжынер праекта Леанід Шутман, генеральны дырэктар ААТ “Пінсксаўгасбуд” Валерый Мелеш. Сярод станоўчых момантаў, паўторым, – узведзеная шоха для захоўвання трасты, выкананая аптымізацыя зямельных угоддзяў ільнозавода. А вось асноўны корпус будучага цэха не даведзены да поўнай гатоўнасці, не гатова і фільтркамера, існуюць праблемы з камунікацыямі, кацельняй. І іх неабходна вырашаць, прычым рабіць гэта аператыўна. Ёсць і праект на агароджанне тэрыторыі. А мантажнікі з Калінкавіч чакаюць той гатоўнасці аб’екта, якая дазволіць ім заняцца ўстаноўкай абсталявання. Падчас пасяджэння вызначаны дакладныя даты завяршэння канкрэтных работ.

Дарэчы, пастаўлены задачы і па тых работах, якія належыць выканаць у старым цэху.

Многае залежыць ад наладжанага кантролю з боку кіраўніцтва раёна, ад ініцыятыўнасці, дзейснасці, мэтанакіраванасці дырэкцыі ААТ ”Ляхавіцкі льнозавод”.

Як рэзюмаваў Канстанцін Сумар, увогуле графік будаўніцтва выконваецца. Да канца красавіка новы вытворчы цэх павінен быць поўнасцю гатовы пад мантаж тэхналагічнага абсталявання, на якім будзе перапрацоўвацца сёлетні ўраджай ільну. Губернатар падкрэсліў, што работы неабходна выконваць якасна і хутка. Гэта справа годнасці прафесіяналаў. І дадаў: “Нам не павінна быць сорамна перад людзьмі, перад будучымі пакаленнямі за тое, што і як робім на гэтай зямлі – зямлі, на якой нарадзіліся і жывём. Трэба пакінуць на ёй добры след”.

Вольга БАРАДЗІНА.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *