1 сакавіка адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з наркотыкамі

1  сакавіка штогод адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з наркотыкамі. Асноўная яго мэта – звярнуць увагу грамадства і асабліва моладзі на шкоду наркатычных рэчываў і акцэнтаваць увагу на тым, як важна быць побач з чалавекам, які трапіў у наркатычны палон, але вырашыў вырвацца з яго. Адна з найбольш актуальных праблем, звязаных са спажываннем наркотыкаў, – шырокае распаўсюджанне ВІЧ-інфекцыі сярод ін’екцыйных наркаманаў.

Па даных упраўлення наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі, у мінулым годзе на тэрыторыі Брэсцкай вобласці зарэгістравана 573 злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, псіхатропных рэчываў, прэкурсораў і іх аналагаў; узбуджана 114 крымінальных спраў па фактах іх збыту. Канфіскавана 43,5 кілаграма наркотыкаў. Выяўлена і ліквідавана 3 каналы пастаўкі на тэрыторыю нашай краіны: з Германіі, Польшчы, Расіі. З незаконнага абароту канфіскавана 5,5 тоны маку, які выкарыстоўваўся для прыгатавання наркотыкаў. За гэтымі лічбамі тысячы выратаваных жыццяў, часцей за ўсё маладых людзей, якія аднойчы паспрабавалі наркотык і сталі яго заложнікамі на ўсё вельмі кароткае жыццё. Большасць наркаманаў не дажываюць да 40 гадоў, паміраюць ад перадазіроўкі, суіцыдаў, траўмаў, цырозу печані, інфарктаў, інсультаў і г.д. Самая высокая рызыка падхапіць ВІЧ-інфекцыю ці гепатыт (98-100 працэнтаў пры аднаразовым увядзенні) праз забруджаныя шпрыцы.

Як паведамілі ў Брэсцкім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, у 2013 годзе на Брэстчыне зарэгістравана зніжэнне колькасці наркаманаў. На ўліку ў наркалагічных установах вобласці па стане на 1 студзеня 2014 года знаходзяцца 1487 хворых. Аднак, па меркаванні ўрачоў, супрацоўнікаў міліцыі, рэальныя лічбы распаўсюджвання наркаманіі ў некалькі разоў вышэйшыя.

Калі паглядзець у лічбавым эквіваленце, то атрымліваецца наступная карціна. 50 працэнтаў наркаманаў і таксікаманаў – маладыя людзі да 30 гадоў. Большасць нідзе не працуе і не вучыцца, каля 6 працэнтаў – школьнікі, навучэнцы, каля 15 працэнтаў – жанчыны, 30 працэнтаў маюць судзімасць.

Найбольш небяспечная сітуацыя па наркаманіі назіраецца ў Пінску, Брэсце, Баранавічах, Мікашэвічах, Кобрынскім і Пружанскім раёнах.

Што датычыцца Ляхавіцкага раёна, то, як расказаў урач псіхіятр-нарколаг райбальніцы Леанід Лапіч, на ўліку ў наркалагічным кабінеце знаходзяцца 6 хворых. З імі праводзіцца не толькі растлумачальная работа, але і аказваецца неабходная медыцынская дапамога. У прыватнасці, яны пастаянна праходзяць абследаванні на гепатыт, ВІЧ-інфекцыі і іншыя хваробы. Леанід Лапіч звярнуў увагу на той факт, што апошнім часам адным з найбольш распаўсюджаных наркатычных сродкаў сярод моладзі з’яўляюцца спайсы. Дарослым неабходна быць асабліва ўважлівымі да любых змяненняў у паводзінах дзяцей і пры неабходнасці не саромецца звяртацца за дапамогай да медыкаў. Ні ў якім разе нельга займаць пазіцыю чакання: усё будзе добра, мае дзеці ад наркотыкаў застрахаваны.

Усю неабходную інфармацыю па пытаннях наркаманіі і ВІЧ-інфекцыі можна атрымаць у кабінетах нарколага, інфекцыяніста, дэрматавенеролага паліклінікі, цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Таксама можна звярнуцца ў ананімна-кансультацыйныя пункты: г. Брэст (пл. Свабоды, 5, тэл. 23-96-82), г. Пінск (вул. Савецкая, 40, тэл. 30-09-96), г. Баранавічы (3-ы завулак Савецкі, тэл. 40-25-18).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *