Мары збываюцца!

Для мяне жыццё – вясна, хоць і нарадзілася летам. Менавіта ў гэту пару года кожны дзень прыносіць нешта новае – першае лісце, сціплыя, але надзвычай пяшчотныя кветкі… Так і кожны дзень жыцця дорыць непаўторныя імгненні, знаёмствы, адкрыцці, – разважае ўладальніца мінулагодняга спецыяльнага прыза “Ляхавіцкага весніка” (штогод раёнка ўручае яго на ўрачыстасцях, прымеркаваных да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК) Ганна Дзяцел.

Ганна – прыклад кіраўніка новай фармацыі – маладая, адукаваная, амбіцыйная, мэтанакіраваная. Гэтыя якасці дзіўным чынам спалучаюцца ў ёй з пяшчотай, адкрытасцю, шчырасцю.

Яшчэ дзяўчынкай марыла навучыцца лячыць братоў нашых меншых. Паспяхова закончыла Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж, атрымала дыплом ветфельчара і па размеркаванні прыйшла ў лабараторыю ветэрынарна-санітарнай экспертызы Ляхавіцкай райветстанцыі. Паралельна вучылася ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, актыўна займалася грамадскай работай – узначаліла пярвічку БРСМ. Яе працавітасць, адказнасць, стараннасць не засталіся незаўважанымі, і неўзабаве малады спецыяліст узначаліла лабараторыю ветсанэкспертызы.

— Калі мне прапанавалі паспрабаваць сябе ў якасці выкладчыка ў нашым каледжы, вельмі хвалявалася, ці атрымаецца. Канешне, згадзілася – гэта так пачэсна, – расказвае Ганна Дзяцел.

Яна на працягу семестра 2012-2013 навучальнага года выкладала прадмет “Ветэрынарна-санітарная экспертыза” ў чацвёртакурснікаў. І цяпер ёй тэлефануюць былыя навучэнцы, каб параіцца.

Дарэчы, у прафесіі Ганна стала прыкладам не толькі для іх, але і для сваёй малодшай сястры Вольгі. Яна таксама выпускніца ЛДАКа, зараз працуе ў райветстанцыі.

Але жыве Ганна, канешне, не толькі працай. Ёсць сям’я, хобі. Ёсць мары, якія пачалі ўжо спраўджвацца. І няхай яны стануць прыгожай і шчаслівай явай.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *