Рэцэпт аптымізму

Пералік абавязкаў загадчыцы сектара сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама немалы. І Людміла Ланкуць выдатна спраўляецца з усімі. Па-добраму можна пазайздросціць і яе актыўнасці ў грамадскай дзейнасці – старшыня райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, дэпутат раённага Савета дэпутатаў. І сёння яна – кандыдат у дэпутаты ў мясцовыя Саветы наступнага склікання.

Вельмі жаноцкая і абаяльная, але ў той жа час моцная і працаздольная. Людміла ніколі не сумуе і, здаецца, здольна знайсці выйсце з любой сітуацыі.

Яе дзіцячыя ўспаміны належаць сонечнаму Узбекістану, дзе нарадзілася і дзе прайшлі бесклапотныя школьныя гады. Незабыўнае відовішча – поле квітнеючага бавоўніку. Збіраючы “белае золата”, цвёрда засвоіла, што свой лёс чалавек па цаглінцы будуе сам. З даволі красамоўнай філасофіяй – ад чалавека залежыць колер яго жыцця – рознакаляровае ці чорна-белае – упэўнена крочыць па ім.

У дзяцінстве дзяўчынкі звычайна мараць стаць артысткамі, дактарамі. А Людміла бачыла сябе эканамістам. Для гэтага ў яе былі ўсе задаткі: “сяброўства” з матэматыкай, уменне лагічна думаць і аналізаваць.

Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі ёй прапаноўвалі пасаду галоўнага бухгалтара на БелАЗе, але яна аддала перавагу Ляхавічам, дзе чакаў каханы. Сям’я (з мужам выхавалі двух сыноў), работа – усё звязана з нашым гарадком. Пазней сюды ж, на гістарычную радзіму, вярнуліся сястра і бацькі Людмілы.

Жыццярадасная, адкрытая ў зносінах, адказная, пра сваю работу з захапленнем можа расказваць бясконца. Большая частка прафесійнай дзейнасці Людмілы Генадзьеўны звязана са службай занятасці, 5 гадоў працавала намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Патрабавальная да сябе, яна вельмі тонка адчувае іншых. Чалавек-сонейка, імкнецца абагрэць, дапамагчы і падтрымаць.

А яшчэ – руплівая гаспадыня, з асалодай працуе на прысядзібным участку. Любіць падарожнічаць, даведвацца і пазнаваць новае, зачытваецца Асадавым… Сапраўдная жанчына!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *