Верым! Балеем! Падтрымліваем земляка!

Дзмітрый Лобан

Яшчэ не паспелі сціхнуць эмоцыі пасля феерычнага закрыцця ХХІІ зімовых Алімпійскіх гульняў, а гасцінны Сочы прымае эстафету ХІ зімовых Паралімпійскіх гульняў, сімвалам якіх абраны Праменьчык і Сняжынка. З 7 па 16 сакавіка каля 1700 спартсменаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі з 47 краін свету будуць вызначаць лепшых у 5 відах спорту (кёрлінг на калясках, біятлон, лыжныя гонкі, гарналыжны спорт, слэдж-хакей). Усяго будзе разыграна 72 камплекты медалёў. Спартыўныя баталіі пройдуць на ўжо знакамітых ва ўсім свеце алімпійскіх пляцоўках – кёрлінгавым цэнтры “Ледзяны куб”, комплексе па лыжных гонках і біятлоне “Лаўра”, гарналыжным цэнтры “Роза Хутар”. Эстафета Паралімпійскіх гульняў, якая пачалася 26 лютага і завершыцца 7 сакавіка на Цэнтральным стадыёне, трымае шлях праз 47 гарадоў Расіі.

У ХІ гульнях прыме ўдзел і паралімпійская зборная Беларусі. У яе складзе 10 спартсменаў (двое – інваліды па зроку, астатнія – з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату), якія будуць спаборнічаць у лыжных гонках і біятлоне. Будзем перажываць, падтрымліваць, балець за нашых – Людмілу Волчак, Ядвігу Скарабагатаву, Валянціну Шыц, Ларысу Варону, Васілія Шаптабоя, Сяргея Сільчанку, Яўгенія Лук’янчыка, Лідзію Графееву, Сяргея Валчуновіча і, канешне, Дзмітрыя Лобана – нашага земляка, адзінага прадстаўніка Брэстчыны на Паралімпіядзе ў Сочы.

Мінулыя Паралімпійскія гульні ў Канадзе для зборнай Беларусі былі надзвычай паспяховымі – заваяваны 9 медалёў (2 залатыя і 7 бронзавых). І мы ганарымся, што ў гэтай скарбонцы – бронзавы медаль лыжніка з Ганчароў Дзмітрыя Лобана. Наш зямляк 18 сакавіка 2010 года ў гонцы на 10 кіламетраў сярод спартсменаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарату фінішаваў трэцім.

Да самых важных стартаў чатырохгоддзя малады спартсмен напружана рыхтаваўся 3 гады пад кіраўніцтвам вопытнага трэнера Юрыя Буранава. На прафесійным узроўні асвойваць такую дысцыпліну як лыжныя гонкі для спартсменаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарату Дзмітрый пачаў з 2007 года. Вялікія намаганні, сіла волі, што-дзённыя трэніроўкі і дапамога трэнера хутка далі вынікі. У 2009 годзе Дзмітрый двойчы быў трэцім на этапах Кубка свету ў Канадзе. У 2010 годзе выйграў этап Кубка свету ў Францыі. Па выніках усіх спаборніцтваў стаў уладальнікам “Хрустальнага кубка”.

Гаворачы пра Дзмітрыя Лобана, нельга не згадаць і адкрыты публічны конкурс “Трыумф. Героям спорту-2010”. Гэты праект вызначае лаўрэатаў папярэдняга спартыўнага года ў розных намінацыях. Удзельнікамі конкурсу сталі лепшыя беларускія спартсмены і спартсменкі, якія ў 2010 годзе выступалі на буйных міжнародных спаборніцтвах. Вядомы беларускі хірург Аляксандр Астроўскі абвясціў рашэнне журы і пад апладысменты прысутных уручыў бронзавую статуэтку ў намінацыі “За волю да перамогі” лыжніку Дзмітрыю Лобану, які, насуперак рэкамендацыям урачоў, з траўмай выйшаў на старт 10-кіламетровай лыжнай гонкі ў алімпійскім Ванкуверы і ва ўпартай барацьбе заваяваў сваю першую алімпійскую ўзнагароду. Тады зала апладзіравала Дзмітрыю стоячы.

29 кастрычніка 2010 года побач з плошчай Алімпійскай славы Брэстчыны была закладзена алея Алімпійскай славы з 16-ці серабрыстых клёнаў – па ліку брэсцкіх спартсменаў, якія заваявалі медалі алімпійскіх і паралімпійскіх гульняў. На ўрачыстую цырымонію былі запрошаны чэмпіёны і прызёры алімпіяд розных гадоў, а таксама іх трэнеры. Пасадзіў маладзенькае дрэўца і ляхавіцкі паралімпіец Дзмітрый Лобан.

“Маю цвёрды намер паехаць на паралімпіяду ў Сочы. У нас ужо ёсць план падрыхтоўкі і правядзення трэніровак. Канешне, спадзяюся паказаць высокі вынік”, – адзначыў спартсмен у адным з інтэрв’ю “ЛВ”.

Першая частка мары спраўдзілася – засталося толькі паспяхова выступіць. Чаго Дзіме шчыра жадаем. Тым больш, што, акрамя лыжных гонак, ён будзе спрабаваць сябе і ў біятлоне.

Як і 4 гады назад, у гэтыя сакавіцкія дні трымаем кулакі за Дзіму і жадаем яму паспяховага выступлення. Сярод шматлікіх балельшчыкаў двое будуць асаблівыя – самыя адданыя і надзейныя, для якіх Дзмітрый не толькі паспяховы спартсмен, але і любімы сын, – Галіна Казіміраўна і Валянцін Васільевіч Лобаны.

На Алімпійскіх гульнях у Сочы беларуская спартыўная дружына трапіла ў лік 10 самых спартыўных дзяржаў свету. Спадзяёмся і верым, што паралімпійская зборная таксама дастойна абароніць спартыўны гонар дзяржавы.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *