На ўсе 100!


Як непрыкметна ляціць час. Здаецца, зусім нядаўна звонкімі дзіцячымі галасамі ўпершыню сёлета напоўніўся аздараўленчы лагер “Чайка”. А ў мінулы чацвер эстафету цікавага адпачынку ўрачыстым адкрыццём прыняла 2-я змена.
Больш за 100 хлопчыкаў і дзяўчынак на працягу 18 дзён чакае незабыўнае і запамінальнае падарожжа па незвычайнай краіне са шматабяцальнай назвай “На ўсе 100” . Менавіта такую, багатую на падзеі і цікавыя сюрпрызы, змену прыдумалі для рабят, якія будуць называцца зоркамі, важатыя і выхавацелі, а ініцыятарамі стварэння зорнага горада сталі старшая важатая Вольга Прыхач і педагог-арганізатар Наталля Хлапянік.
На святочна-ўрачыстае адкрыццё змены ў госці да рабят і іх старэйшых сяброў – педагогаў завіталі старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч. На лінейцы, прымеркаванай да гэтай падзеі, рабяты павязалі гасцям гальштукі, кожны з якіх сімвалізуе колер адпаведнага атрада – жоўты, зялёны, фіялетавы, сіні, чырвоны ці бардовы. Дзмітрый Бурдук пажадаў рабятам цікавага, карыснага, змястоўнага і вясёлага адпачынку. А каб падзеі і сустрэчы запомніліся на ўсё жыццё, падарыў “Чайцы” фотаапарат.
Насычанай і багатай на сюрпрызы і таленавітыя выступленні была і праграма адкрыцця. Свае здольнасці прадэманстравалі і рабяты, і дарослыя. Апладысменты доўга не сціхалі пасля кожнага выступлення.
Час паказаў: такімі ж неардынарнымі, інтрыгуючымі і вясёлымі былі і наступныя дні 2-й змены, якая працягваецца пад дэвізам “На ўсе 100”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *