І таямнічы блюз гучыць у выкананні ляхавічаніна

Як толькі вядучы канцэртнай праграмы аб’яўляе: “Для вас іграе Павел Кірмель”, зала замірае ў прадчуванні цудоўнай музыкі, якую так віртуозна даносіць да слухачоў малады саксафаніст.

Паўгода назад выпускнік Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа вярнуўся ў родныя Ляхавічы ў дзіцячую школу мастацтваў, дзе калісьці займаўся і сам, выкладчыкам па класе саксафона.

Канешне, вопыт педагога ў юнака яшчэ пакуль небагаты, аднак, дзякуючы і ўзросту, і вельмі дружалюбнаму характару, ён лёгка знаходзіць агульную мову з 7 вучнямі, якія спяшаюцца на кожны занятак, бы на свята.

– Вырашыў, што буду музыкантам, як толькі пачаў вучыцца ў школе мастацтваў пад кіраўніцтвам педагога Мікалая Шкляніка. Неаднойчы з інтарэсам назіраў за выступленнямі саксафаністаў у тэлевізійных канцэртах. Захапіўся, – расказвае Павел.

Бацькі падтрымалі захапленне сына і купілі саксафон – не самы танны музычны інструмент.

– Хто хоць аднойчы пачуў, як спявае саксафон, не забудзе яго прыгожы, пяшчотны, пявучы голас, – гаворыць малады музыкант. Сэрца замірае ад цудоўных гукаў, бархатны тэмбр саксафона здзіўляе, радуе, прымушае марыць і верыць. Праўду гавораць, што гэты інструмент іншы раз варты цэлага аркестра. А такі таленавіты музыкант і стыльны малады чалавек як Павел Кірмель са сваім чароўным саксафонам зробіць любы канцэрт, вечарыну, свята незабыўным, незалежна ад таго, іграе папулярную сучасную музыку, таямнічы блюз ці неўміручы джаз.

Калісьці гадоў 5-6 назад давялося быць сведкай аднаго з першых выступленняў тады яшчэ школьніка Паўла Кірмеля на сцэне ГДК. Канешне, хлопчык надзвычай хваляваўся, але з першых гукаў мелодыі зала настолькі цёпла сустракала пачынаючага артыста, што нумар аказаўся не проста ўдалым, феерычна паспяховым. Сам юнак успамінае сваё першае выступленне ў дзіцячай школе мастацтваў на бацькоўскім сходзе, дзе яго падтрымлівала амаль уся сям’я – бацькі, бабуля і старэйшая сястра. І цяпер мама і бабуля – яго самыя адданыя слухачы, прысутнічаюць на ўсіх яго канцэртах. А яшчэ яны галоўныя крытыкі, да іх парад і заўваг юнак абавязкова прыслухоўваецца.

Павел выступае не толькі сольна, ён яшчэ спявае ў складзе народнай эстраднай групы “Пачатак” ГДК. Пры неабходнасці можа гэдак жа паспяхова іграць на фартэпіяна, кларнеце, трубе.

Юнак не збіраецца спыняцца на дасягнутым, цяпер – ён студэнт-завочнік аддзялення народнай духавой інструментальнай музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва. Яго мара – іграць у складзе знакамітых аркестраў. Напэўна, яна спраўдзіцца, бо таленту, натхнення, мэтанакіраванасці, працаздольнасці ў Паўла Кірмеля хапае.

І яшчэ адна акалічнасць. Калі б ён не стаў музыкантам, то, па яго словах, абавязкова атрымаў бы прафесію ўрача-хірурга ці фармацэўта, як любімая мама.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *