В Ляховичах перед посевной провели семинар

Агранамічная служба райсельгасхарчу арганізавала семінар, каб яшчэ раз перад адказным стартам нагадаць некаторыя моманты правядзення веснавых палявых работ – тых, якія папярэднічаюць пачатку асноўнай пасяўной кампаніі. Маецца на ўвазе ўнясенне калійных удабрэнняў, падкормка аднагадовых траў, рапсу, азімых культур, падрыхтоўка глебы пад сяўбу яравых. Да гэтага часу ў гаспадарках павінны быць гатовы планы размяшчэння пасеваў, унясення мінеральных і арганічных удабрэнняў зыходзячы з аналізу патэнцыялу кожнага ўчастка глебы і наяўнасці тукаў. Планы набываюць статус афіцыйных дакументаў, якія афармляюцца ў кожным сельгаспрадпрыемстве.

Прадукцыйна выкарыстоўваюць сёлета спрыяльнае надвор’е для сельгасработ у ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”: тут стараюцца да пачатку пасяўной выканаць многія мерапрыемствы, каб не траціць на іх час у адказнейшы перыяд. Таму на базе гэтага сельгаспрадпрыемства і было вырашана правесці семінар галоўных аграномаў раёна.

Ля Малога Гарадзішча зарунелі азімыя. Агрэгат “Раса” на полі ўвесь светлавы дзень: вялікія мяккія колы ніколькі не шкодзяць маладым парасткам, а азот, зразумела ж, падсілкуе іх. Як расказаў намеснік дырэктара райаграсэрвісу Уладзімір Юруць, работа неўзабаве будзе арганізавана ў 2 змены, каб не ўпусціць спрыяльныя тэрміны для мінеральнай падкормкі, тым больш, на чарзе пасевы рапсу.

Дарэчы, уладальнікі агрэгатаў “Раса” СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, ЗАТ “Белпрампрыбор” таксама ўключыліся ў работу. Астатнім гаспадаркам, як зазначыў галоўны аграном райсельгасхарчу Мікалай Каплыноў, патрэбна тэрмінова абследаваць пасевы азімых культур, хто не паспеў восенню – завяршыць праполку і пры дапамозе тэхнікі ўносіць ўдабрэнні.

Кожнае поле, куды наведаліся ўдзельнікі семінара, пазначана спецыяльнай шыльдай, на якой змешчаны даныя пра плошчу, пасеяную культуру, унесеныя ўдабрэнні. Напрыклад, непадалёку ад Малога Гарадзішча, знаходзіцца шматкампанентная паша: на 40 гектарах раскінуўся трохгадовы травастой. Каб мець поўны камплект разнатраўя, сеялка з дыскамі якраз падсявала канюшыну, адначасова ўносіліся калійныя ўдабрэнні.

Ля вёскі Завінне сёлета размесціцца бульбяное поле. Ужо ў гэтыя дні там кіпіць работа: раскідваецца і заворваецца арганіка. А непадалёку вядзецца падрыхтоўка глебы пад сяўбу аўса. Участак у 40 гектараў на ўзгорку, не пераўвільготнены, таму плануецца засеяць яго ў бліжэйшыя дні.

Падводзячы вынікі работы семінара, начальнік райсельгасхарчу Сяргей Баргамон звярнуў увагу галоўных спецыялістаў на шэраг вельмі важных пытанняў. Якасць пасяўнога матэрыялу, яго пратраўліванне – аснова асноў. Многім гаспадаркам трэба яшчэ набыць насенне некаторых культур і рабіць гэта варта не адкладваючы, асабліва, што датычыць траў і кукурузы. Пад кантролем трэба трымаць унясенне мінеральных удабрэнняў.

— Яшчэ адзін з важнейшых аспектаў, – адзначыў Сяргей Баргамон – захаванне правіл тэхнікі бяспекі. Перад выхадам у поле паўсюдна неабходна правесці інструктажы, тэхнікай павінны кіраваць толькі тыя механізатары, якія маюць на гэта права, трэба, каб усе былі забяспечаны спецадзеннем. Шмат будзе залежаць і ад разумна распрацаваных мер маральнага і матэрыяльнага стымулявання: хто зарабіў, той і атрымае. Высокапрадукцыйнай працы пасадзейнічае арганізацыя гарачага харчавання…

Лічаныя дні да пачатку веснавой сяўбы. Вось-вось будзе дадзена каманда на старт. Іменна ад гэтага адказнейшага часу будзе залежаць важкасць новага хлебнага каравая.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота з архіва Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *