Лепшы бонус – будатрад

Моладзь на добраўпарадкаванні райцэнтра перад "Дажынкамі-2013"

Думкі сёлетніх выпускнікоў школ накіраваны на ўступную кампанію. Большасць менавіта зараз робіць канчатковы выбар будучай прафесіі. Месяц-другі – і клопаты захопяць старшакласнікаў, якія жадаюць падчас канікулаў не толькі адпачыць, але, па магчымасці, падзарабіць грошай на кішэнныя расходы. Такое жаданне варта заахвочваць і падтрымліваць. Добра, што падлеткі імкнуцца працаваць. Гэта дазволіць ім адчуць сябе больш самастойнымі, а яшчэ – ашчаднымі (да самастойна заробленых грошай – асаблівае стаўленне). Канешне, ажыццявіць гэта ў свабодны ад вучобы час больш шанцаў у маладых жыхароў вялікіх гарадоў, дзе юнакам і дзяўчатам без праблем прапануюць вакансіі барменаў і афіцыянтаў у малочных кафэ і іншых прадпрыемствах грамадскага харчавання, прыбіральшчыкаў, распаўсюджвальнікаў рэкламы, нянек, рознарабочых, будаўнікоў і г.д. Студэнты педагагічных ВНУ і ССНУ працуюць у аздараўленчых лагерах у якасці важатых, выхавальнікаў, фізрукоў і плаўрукоў. Па-ранейшаму даволі папулярныя сярод моладзі будаўнічыя студэнцкія атрады, трапіць у якія могуць толькі лепшыя і самыя актыўныя студэнты. Прычым некаторыя будатрады дзейнічаюць на працягу ўсяго вучэбнага года. Тым больш, што апошнім часам надзвычай актуальнай стала задача круглагадовай занятасці вучнёўскай моладзі.

Каб юнакі і дзяўчаты арыентаваліся, на які падзаробак можна разлічваць сёлета, нялішнім будзе азірнуцца на 2013 год.

Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Дзяжурны, летась Ляхавіцкі раён выканаў усе заданні па другаснай занятасці, што і было агучана на пасяджэнні аблвыканкама.

За мінулагодні працоўны семестр усімі відамі занятасці былі ахоплены 2156 юнакоў і дзяўчат, што на 18 працэнтаў вышэй у параўнанні з 2012 годам. Паспяхова спрацавалі 3 будаўнічыя атрады гарадскіх школьнікаў, 2 атрады укладвалі тратуарную плітку, а атрад, складзены з навучэнцаў аграрнага каледжа, рамантаваў інтэрнаты ЛДАКа. Пра тое, што маладыя працавалі з душой і адказна, сведчаць толькі станоўчыя водгукі пра іх ад работадаўцаў – КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” і ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”. Многія з рабят выказвалі жаданне, калі будзе магчымасць, папрацаваць і на наступнае лета.

Больш за 100 рабят, аб’яднаных у сельскагаспадарчыя атрады, дапамагалі гаспадаркам раёна на жніве, яшчэ 7 юнакоў і дзяўчат – байцы педагагічнага атрада, які традыцыйна запатрабаваны ў аздараўленчым лагеры “Чайка”, рабілі першыя самастойныя крокі на педагагічнай ніве. У школьных працоўных брыгадах, “зялёных” патрулях і г.д. былі заняты яшчэ 1503 юныя землякі, а 352 аказвалі дапамогу тым, каму яна асабліва патрабуецца, у якасці валанцёраў. Дапамога ветэранам вайны і працы, дзецям-інвалідам, навядзенне парадку на тэрыторыі палацава-паркавых ансамбляў, на месцах воінскіх пахаванняў, каля помнікаў і абеліскаў, на аб’ектах абласнога фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2013” – тут дапамога валанцёраў неабходная і важная.

Ва ўстановах адукацыі раёна (гарадскія школы, гімназія, Крывошынская і Тальмінавіцкая СШ) дзейнічалі 5 летніх працоўных атрадаў, якія аб’ядналі 80 рабят. Школьнікі ачышчалі лясы ад смецця, палолі, фарбавалі агароджу на вуліцах райцэнтра – работы хапала, выконвалі яе якасна і зарплату зарабілі дастойную.

Немалаважны і той факт, што праведзена больш якасная работа па індывідуальным працаўладкаванні маладых. У параўнанні з 2012 годам летась колькасць вырасла на 70 працэнтаў і склала 150 чалавек.

За мінулы год у службу занятасці за садзейнічаннем у працаўладкаванні на пастаянную ці часовую работу звярнуліся і зарэгістраваны 76 маладых людзей.

Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а таксама ў райкаме ГА БРСМ фарміруюцца банкі даных рабят, якія выказваюць жаданне папрацаваць. Інфармацыя па сфарміраваных вакансіях размяшчаецца на інфармацыйных стэндах службы занятасці, афіцыйным сайце Брэсцкага абласнога камітэта БРСМ, накіроўваецца на прадпрыемствы і ў арганізацыі Ляхавіччыны. На жаль, многія прадпрыемствы адмаўляюцца ад часовых работнікаў: маўляў, няма патрэбы, спраўляемся ўласнымі сіламі, не гатовы прыняць нават на часовую працу некваліфікаваных работнікаў. Таму службе занятасці даводзіцца адмаўляць юнакам і дзяўчатам, якія просяць даць хоць якую-небудзь работу, і іх бацькам, якія звяртаюцца з просьбай працаўладкаваць дзяцей.

Атрымліваецца, што многія юнакі і дзяўчаты хочуць працаваць, але не ўсе і не заўсёды маюць такую магчымасць. Праўда, як гаворыцца, знаходзіць той, хто шукае.

І ўсё ж, калі арганізавана займацца другаснай занятасцю моладзі, то эфект будзе больш значны. Таму ў рашэнні аблвыканкама прадугледжана неабходнасць актывізаваць работу штабоў працоўных спраў, пашырыць дзейнасць валанцёрскіх атрадаў. У нашым раёне другасная занятасць носіць сезонны характар (у асноўным з мая па верасень), таму трэба пашырыць геаграфію працаўладкавання тых, хто не жадае бяздзейнічаць у вольны час. Між іншым, як адзначыў першы сакратар ЦК ГА БРСМ Ігар Бузоўскі, сёлета ў БРСМ чакаюць прарыву ў арганізацыі другаснай занятасці моладзі.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *