В воскресенье «Мелиоратор» из Ляховичей сыграет с Барановичской «Викторией»

Адкрыты чэмпіянат горада Баранавічы па футзале доўгія месяцы трымаў у тонусе не толькі каманды-удзельніцы, але і іх балельшчыкаў. Як паказаў дэбютны для “Меліяратара” турнір, зацікаўленых прыхільнікаў нямала і ў ляхавіцкай каманды. У нядзелю, калі спарткомплекс “Атлант” прыме заключны тур чэмпіянату, балельшчыцкая падтрымка раўназначная дадатковаму іграку на полі. Гэта будзе залаты – за чэмпіёнства – матч. Дакладней, стане такім у выпадку, калі ў вочным паядынку з Баранавіцкай “Вікторыяй” “Меліяратар” не прайграе.

Але пры любым раскладзе ніжэй другога месца ў чэмпіянаце дружына Ляхавіцкага ПМС не апусціцца. Гэта стала фактам яшчэ 9 сакавіка, пасля пераканаўчай, з лікам 7:1, перамогі над Баранавіцкім “Авіязаводам”. Пры гэтым, як расказаў дырэктар прадпрыемства меліярацыйных сістэм Сяргей Юшкевіч, гульню “зрабіў” не самы аптымальны склад каманды. Надзейным абаронцам варот паказаў сябе Андрэй Быцко, які, у тым ліку, нейтралізаваў пенальці, лепшыя лідарскія і бамбардзірскія якасці – адразу 4 галы запісаў сабе ў актыў – праявіў Дзяніс Леснік. Пры гэтым памятаем, канешне, што футзал – гульня камандная.

У нядзелю ж адбудзецца ўшанаванне лепшых па выніках турніру. Акрамя тройкі каманд-прызёраў, арганізатары ў асобе аматарскай лігі футзала назавуць лаўрэатаў у асабістых намінацыях: лепшых варатара, палявога іграка, бамбардзіра. Тут, дарэчы, таксама маецца ўжо некаторая і прыемная для ляхавічан яснасць. Аднак, лепш адзін раз убачыць, чым дзесяць прачытаць.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *