15 марта — День потребителя

Купляючы тавары ці заключаючы дагавор на аказанне паслуг, мы аўтаматычна набываем статус спажыўца. Сённяшні Дзень спажыўца і ўвесь наступны год пройдуць пад дэвізам “Забеспячэнне абароны правоў спажыўцоў мабільнай сувязі”.

Белпошта з’яўляецца дылерам аператараў мабільнай сувязі “Мабільныя ТэлеСістэмы”. На першым паверсе РВПС аператар Наталля Якушава заключае дагаворы з прыватнымі асобамі на аказанне мабільных і сэрвісных паслуг МТС. Тут можна “закрыць” нумар, змяніць тарыф і абмяняць SIM-карту, атрымаць дэталізацыю рахунка і г.д. У мінулым годзе 3 чалавека звярталіся ў дылерскую кропку МТС у Ляхавіцкім раёне з прэтэнзіяй на якасць мабільнай сувязі. Улічваючы, што пошта толькі пасрэднік паміж кліентамі і кампаніяй, на месцы спрэчныя пытанні не вырашаюцца. Пісьмовую заяву разглядае менавіта МТС.

Дарэчы, Ляхавіцкі раённы вузел паштовай сувязі ў вобласці па аб’ёме дылерскіх паслуг займае другое месца. У мінулым годзе да паслуг МТС былі падключаны 1793 чалавекі, аформлена 2063 заяўкі на сэрвісныя паслугі. За 2 месяцы бягучага года ў МТС па нашым раёне стала на 338 кліентаў больш, 371 чалавек скарыстаўся сэрвіснымі паслугамі. Абараніць жа свае правы як спажыўца мабільнай сувязі можна ў сэрвісным цэнтры, які знаходзіцца ў г. Баранавічы на плошчы Леніна, д.1 .

Па словах упаўнаважанага па абароне правоў спажыўцоў, галоўнага спецыяліста аддзела эканомікі райвыканкама Юліі Глобуз, па пытаннях мабільнай сувязі зваротаў у райвыканкам не паступала. Сярод разгледжаных зваротаў, напрыклад, адзін датычыў работы прадпрыемства грамадскага харчавання райцэнтра. Аплаціўшы папярэдні заказ, жыхар суседняга раёна прыбыў пазней вызначанага часу, і яму адмовілі ў абслугоўванні, не вярнулі аванс. Мужчына звярнуўся з пісьмовай заявай у райвыканкам, дзе яму растлумачылі яго правы. І, у прыватнасці, тое, што работнікі кафэ не мелі права адмовіць у абслугоўванні. Аванс быў вернуты, а дырэктар кафэ папярэджаны аб парушэнні інструкцыі аб парадку афармлення папярэдніх заказаў на абслугоўванне, аказанне паслуг у гандлёвых аб’ектах грамадскага харчавання.

У 2002 годзе быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”, які вызначае агульныя прававыя, эканамічныя і арганізацыйныя асновы абароны правоў спажыўцоў, вырашае ўсе пытанні, якія ўзнікаюць, устанаўлівае правы спажыўцоў на набыццё тавараў (работ, паслуг) належнай якасці і бяспечных для жыцця, здароўя, маёмасцi спажыўцоў і навакольнага асяроддзя. Законам прадугледжана атрыманне інфармацыі аб таварах (работах, паслугах) i вытворцах (выканаўцах, прадаўцах), вызначаны механізм рэалізацыі гэтых правоў. Згодна артыкула 31 Закона, пры выяўленні адыходаў ад умоў дагавору, якія пагоршылі вынік работы (паслугі), ці іншых недахопах выкананай работы (паслугі) заказчык мае права па сваім выбары запатрабаваць бязвыплатнае ўхіленне гэтых недахопаў або суразмернага змяншэння цаны, бязвыплатнага вырабу іншай рэчы з аднароднага матэрыялу такой жа якасцi цi паўторнага выканання работы (аказання паслугi), калі гэта магчыма. Пры гэтым спажывец абавязаны вярнуць раней перададзеную яму выканаўцам рэч і мае права кампенсацыі панесеных iм расходаў па ліквідацыі недахопаў выкананай работы сваімі сіламі ці трэцімі асобамі. Калі вытворца адмаўляецца ўрэгуляваць патрабаванні добраахвотна, заказчык можа звярнуцца ў суд з адпаведным іскам.

Так, жыхарка Ляхавіцкага раёна заказала дзверы ў прыватнай фірме. Мантаж дзвярэй выконваўся іншай фірмай, з якой дагавор не заключаўся, і быў зроблены няякасна. У райвыканкаме жанчыне растлумачылі яе правы і дапамаглі скласці іскавы дакумент.

Яшчэ адзін прыклад. Ляхавічанін заказаў у індывідуальнага прадпрымальніка са Слуцка выраб вокнаў, унёс перадаплату. Сышлі ўсе тэрміны, а заказ так і не быў выкананы. Заказчыку давялося звяртацца ў суд па месцы рэгістрацыі прадпрымальніка. Каментуючы сітуацыю, Юлія Глобуз раіць афармляць усе дамоўленасці дакументальна.

У суд Ляхавіцкага раёна для абароны правоў спажыўца ў мінулым годзе звярнуўся адзін чалавек. Спрэчная сітуацыя ўзнікла з-за неадпаведнасці аб’ёму выкананых работ па дагаворы падраду індывідуальным прадпрымальнікам з праектнай дакументацыяй.

Сёлета за абаронай спажывецкіх правоў у суд звярнуліся 2 жыхары райцэнтра. Адна справа ўжо разгледжана, і закончылася яна прымірэннем бакоў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з сайта http://газета-нж.рф

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *