Городской пейзаж от коммунальников г.Ляховичи/фото/

Абноўленая гасцініца

У трэцюю нядзелю сакавіка ў нашай краіне па традыцыі адзначаецца Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У нашым раёне сёлетняе свята для спецыялістаў гэтых запатрабаваных і важных службаў – асаблівае. Упершыню яны будуць адзначаць яго як адзіны калектыў: 1 сакавіка 2014 года КУП па аказанні паслуг “Ляхавіцкі РКБА” далучаны да КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”. І цяпер гэта расшыраная арганізацыя налічвае больш за 550 чалавек, з якіх 50 – спецыялісты бытавога абслугоўвання.

Наша сённяшняе жыццё цяжка ўявіць без стабільнай работы гэтых службаў. Камунальнікі і бытавікі Ляхавіччыны пастаянна клапоцяцца, каб у нашых дамах, кватэрах, у адміністрацыйных і вытворчых будынках было цёпла і ўтульна, каб чысцінёй і дагледжанасцю радавалі гараджан і вяскоўцаў паркі і скверы, вуліцы і дарогі, двары і пад’езды. Менавіта гэтыя службы даюць магчымасць пазбягаць спажыўцам многіх бытавых праблем і дапамагаюць вырашаць надзённыя пытанні.

Ад арганізаванасці, адказнасці, кампетэнтнасці, уважлівых адносін кожнага з сённяшняга калектыву камунгаса да сваіх абавязкаў залежыць настрой і камфорт ляхавічан. Няхай усіх радуюць якасць камунальнага і бытавога абслугоўвання і асартымент паслуг.

Зручныя пешаходныя дарожкі, новы асфальт на гарадскіх вуліцах, нядаўна пабудаваныя будынкі раённага аддзела ўнутраных спраў і паліклінікі, рэканструяваныя кінатэатр “Кастрычнік”, дзіцячая школа мастацтваў, аўтавакзал, раённыя вузлы паштовай і электрасувязі, адрамантаваныя дамы-шматпавярховікі і ўтульныя дваровыя тэрыторыі. Такія сёння Ляхавічы – сталіца мінулагодніх абласных “Дажынак”. На суцэльнай будаўнічай пляцоўцы, якой быў наш горад перад фэстам, шчыравалі шматлікія будаўнічыя, дарожныя арганізацыі з розных куткоў Беларусі. Але значная частка зроблена работнікамі мясцовай камунальнай службы. КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” было асноўным заказчыкам капрамонту амаль усіх аб’ектаў жылфонду: больш за 40 мільярдаў бюджэтных рублёў зрасходавана на іх рэканструкцыю з мадэрнізацыяй, уведзена ў эксплуатацыю 32,9 тысячы квадратных метраў адрамантаванага жылля. Добраўпарадкаваны дваровыя тэрыторыі, зроблена асфальтавае пакрыццё праездаў, дарожак, устаноўлены малыя архітэктурныя формы ў дварах дамоў №№ 19, 26, 37, 45 па вуліцы Леніна, № 2 па Камсамольскай, №5 па Чкалава, №№ 3 і 6 па Савецкай – на гэта пайшло больш як 2,7 мільярда рублёў.

У скверы каля гарадскога фантана здорава!

Ляхавіцкая ЖКГ была не толькі заказчыкам, але і падрадчыкам работ па капрамонце дома і добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі па адрасе: вуліца Леніна, 26. Уклаліся ў графік, ды і якасць работы на належным узроўні.

Сапраўдны кветкавы рай падарылі абноўленым Ляхавічам у жніўні мінулага года каманды зялёнага будаўніцтва і добраўпарадкавання з усіх раёнаў Брэстчыны. Якіх толькі кампазіцый ні пакінулі пасля сябе майстры-азеляніцелі! Многія, дарэчы, паспяхова перазімавалі, і цяпер ляхавіцкія камунальнікі падораць ім другое жыццё.

Сёння на балансе райкамунгаса знаходзіцца 168 шматкватэрнікаў агульнай плошчай 153 тысячы квад-ратных метраў (з якіх 90 – у горадзе) плюс 22 дваровыя тэрыторыі. Гэта ўсё патрабуе пастаяннай увагі і падтрымання парадку. Толькі апошнім часам цякучым рамонтам былі ахоплены 6 дваровых пляцовак – заменены і адрамантаваны пясочніцы, зроблены новыя і адрамантаваны старыя лаўкі і сталы, устаноўлены стойкі для выбівання дываноў і сушкі бялізны, рэканструяваны пешаходныя дарожкі.

– Навядзенне парадку было і застаецца адным з важнейшых накірункаў работы ЖКГ. Як толькі дазволіла надвор’е, сёлета гэтая работа адразу і пачалася. Ужо ў сакавіку ў дварах гарадскіх шматпавярховікаў з’явілася 50 урнаў. У двары дома №3 па вуліцы Савецкай устаноўлены і пафарбаваны лаўкі. Зусім іншы – сучасны і стыльны – выгляд маюць двары дамоў № 19, 26, 37 па вуліцы Леніна. Літаральна днямі пачнём добраўпарадкоўваць дваровыя тэрыторыі дамоў ад № 44 да 52 па вуліцы Леніна і некаторых па вуліцы Чкалава, – расказвае дырэктар камунгаса Аляксандр Мядзвецкі.

Па дарозе ў бібліятэку.

Адна справа – пабудаваць, прыдумаць, устанавіць, навесці чысціню. Другая – захаваць у добрым стане, а гэта справа кожнага дня без адкладу на потым, без спасылак на дрэнныя ўмовы надвор’я ці іншыя аб’ектыўныя і не вельмі прычыны. Работнікі ўчастка добраўпарадкавання прыкладаюць усе намаганні, каб і гараджане, і госці Ляхавіч хадзілі па чыстых вуліцах, адпачывалі ва ўтульных дварах, любаваліся эстэтычнымі пейзажамі ў парках і скверах. У 5 гадзін раніцы, калі большасць з нас яшчэ бачыць сны, спецыяльная тэхніка пачынае ўборку. А з 6 гадзін ёй на дапамогу прыходзяць прыбіральшчыкі. Людзям прывычна хадзіць па тратуарах, расчышчаных ад снегу, ільду, апалага лісця, смецця. Але, згадзіцеся, не кожны возьме ў рукі венік і пойдзе, калі яшчэ цёмна, прыбіраць вуліцы. І не аднойчы, а зробіць гэта сваёй прафесіяй. Таму ў камунгасе менавіта на даным участку адчувальная праблема з кадрамі. Кіраўніцтва прадпрыемства актыўна шукала выйсце з сітуацыі. І знайшло. Са сродкаў Брэсцкага абласнога ўпраўлення ЖКГ у другім квартале 2014 года будзе выдаткавана каля 500 мільёнаў рублёў на набыццё прыбіральна-падмятальнай машыны. Універсальны агрэгат падыходзіць для ўборкі вуліц, двароў і нават …пад’ездаў.

– Гэты цуд тэхнікі дапаможа нам эканоміць. Машына, па-першае, замяняе ручную працу адразу 9-10 чалавек, па-другое, выконвае яе больш якасна і хутка, – тлумачыць Аляксандр Мядзвецкі.

Плошча Перамогі.

Вясну машынна-трактарны парк камунгаса сустрэў абноўленым. Да больш як 100 адзінак тэхнікі далучыўся многафункцыянальны міні-трактар, які пры неабходнасці выконвае ролю падмятальшчыка, газонакасілкі і іншых прыстасаванняў для ўборкі вуліц і памяшканняў.

Тым не менш, падтрымліваць чысціню і парадак без разумення, дапамогі і гаспадарлівасці кожнага з гараджан і вяскоўцаў вельмі цяжка. На жаль, наўрад ці каго здзівіш раскіданым смеццем каля ўстаноўленых для яго кантэйнераў, недакуркамі на прыступках магазінаў, паламанымі лаўкамі ці разбітымі бетоннымі агароджамі. Аўтарамі гэтай безгаспадарчасці, абыякавасці, а іншы раз хуліганства і вандалізму з’яўляюцца самі жыхары. Не паспелі работнікі камунгаса ўстанавіць новы аўтобусны прыпынак на вуліцы Будаўнікоў, як літаральна праз тыдзень пластыкавы дах на ім зламалі. Шкада, што хуліганаў не знайшлі. Магчыма, атрымаўшы пакаранне за свае ўчынкі, яны па-іншаму пачалі б ставіцца даагульнага дабра. Аўтобусны прыпынак камунальнікі адрамантавалі, пластык замянілі на металачарапіцу. Пакуль трымаецца. Хацелася б, каб надоўга.

Частка вуліцы 17 Верасня стала пешаходнай.

У сакавіку каля несанкцыянаваных гаражоў па вуліцы Арлоўскага камунгас паставіў прычэп для збору смецця і развесіў у гэтым мікрараёне аб’явы з просьбай прыняць удзел ва ўборцы тэрыторыі. Грамадзяне адгукнуліся, каля гаражоў прыбралі, склалі смецце ў кучы. І ўсё. Яшчэ тыдзень спатрэбіўся, каб закінуць паслязімовыя рэшткі ў прычэп.

Красавік традыцыйна лічыцца месяцам добраўпарадкавання, арганізуюцца суботнікі ў дварах, на падведамасных тэрыторыях. Аляксандр Мядзвецкі нагадаў пра актуальную гэтым часам паслугу ад ЖКГ: на канкрэтную дату і час можна заказаць транспарт для вывазу сабранага смецця.

Яшчэ адзін аспект, які таксама датычыцца добраўпарадкавання. Рашэннем райвыканкама за кожным прадпрыемствам, установай, арганізацыяй замацавана тэрыторыя, на якой неабходна пастаянна падтрымліваць парадак. Вясна пачалася не па календары – значна раней. Снег сышоў, і смецце, што хавалася пад ім, сёння “ўпрыгожвае” зямлю. Але не ўсе спяшаюцца на ўборку, адкладваюць на потым. Кожны імкнецца, каб у яго доме ці кватэры на дачным участку ці ў дворыку было чыста, прыгожа, утульна. Каб і самому прыемна, і гасцей запрасіць не сорамна. А пад’езды, двары, вуліцы, плошчы, паркі і скверы, як і сам горад, – гэта наш агульны дом, пра які мы абавязаны клапаціцца. Так хочацца, каб люстэрка парадку Ляхавічаў было чыстым, без плямаў смецця і разводаў бруду. І патрабуецца ад кожнага не надта многа: кінуць абгортку ад цукеркі (і навучыць гэтаму сваё дзіця) не каля урны для смецця, а ў яе; спыніць хулігана, які псуе лаўку ці сцены дамоў, а не застацца да гэтага абыякавым; выйсці ўсёй сям’ёй на аб’яўлены ў двары суботнік, зрабіць кветнікі, падфарбаваць агароджу, навесці парадак у падвалах і пад’ездах, а не спадзявацца на іншых. Усё проста. Але ад такіх простых крокаў вялікая відавочная карысць: ведаць, адчуваць і разумець, што ў агульным парадку ёсць часцінка тваёй працы. А той, хто хоць аднойчы падмёў нават невялікі ўчастак вуліцы ці прыбраўся разам з калегамі ў скверы ці парку, ніколі не будзе смеціць ці ламаць і не дасць гэта зрабіць іншым. Толькі так, разам і пастаянна, мы будзем падтрымліваць свой горад чыстым і ўтульным.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

«Кастрычнік» такі малады!

Вуліца Леніна памаладзела.

Сквер ля СШ № 2.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *