Дзень, калі сёння вызначае заўтра

У важнай справе - галасаванні- Лідзію Архангельскую падтрымалі ўнукі Мікіта і Ліза і сын Юрый

Сіноптыкі прагназуюць на выхадныя ледзь не летняе надвор’е. Заўзятыя дачнікі рыхтуюць інвентар і плануюць перарабіць за гэты час мноства спраў першай садова-агароднай важнасці. Нехта збіраецца выехаць па тых ці іншых патрэбах за межы раёна. А хтосьці мяркуе проста адпачыць з сям’ёй, пабыць дома. Таму надзвычай важную справу – прыйсці на выбарчы ўчастак і прагаласаваць – многія не адкладваюць на апошні дзень.

– За 3 дні датэрміновага галасавання свой грамадзянскі абавязак на нашым выбарчым участку выканалі крыху больш за 10 працэнтаў ад унесеных у спісы 1534 выбаршчыкаў, – расказвае старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Ляхавіцкага-Ленінскага ўчастка для галасавання №1 Людміла Юнік. – Людзі прыходзяць з добрым настроем, галасуюць даволі актыўна. Сваіх кандыдатаў у дэпутаты многія ведаюць асабіста: і тых, хто балаціруецца па 5 акругах у дэпутаты райсавета, і кандыдата ў дэпутаты аблсавета.

Прагаласаваць датэрмінова вырашыла і ляхавічанка Лідзія Архангельская – чалавек у райцэнтры вядомы і вельмі паважаны. Больш за 2 дзесяцігоддзі Лідзія Іванаўна кіравала СШ №1, дырэктарам была строгім, але справядлівым, аўтарытэтным і любімым вучнямі. Сёння яна на заслужаным адпачынку і дапамагае сыну і нявестцы выхоўваць унукаў – трохгадовага Мікіту і другакласніцу Лізу. Але і за гэтымі прыемнымі абавязкамі не забываецца пра тое, чаму вучыла многія пакаленні сваіх калег-педагогаў і вучняў, – быць чалавекам з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, нераўнадушным да таго, што адбываецца навокал.

Дарэчы, у спісах для галасавання на 34 выбарчых участках у Ляхавіцкім раёне – 21310 выбаршчыкаў. Абсалютная большасць – нераўнадушныя, актыўныя, тыя, хто не перакладвае з сябе на іншых адказнасць за будучыню і сённяшні дзень краіны. Тыя, хто прыйдзе на свой участак і прагаласуе.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *