Старая новая хвароба

24 сакавіка 1882 года нямецкі вучоны Роберт Кох адкрыў мікабактэрыю туберкулёзу, якую назвалі “палачкай Коха”. Іменна ў гэты дзень штогод адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з туберкулёзам. За ”круглым сталом ”ЛВ” пранебяспечнае захворванне, метады яго лячэння і прафілактыкі разважаюць кампетэнтныя суразмоўцы.

Таццяна МАЛЯР, намеснік галоўнага ўрача раёна, урач- фтызіятр:

– У апошнія гады ў раёне назіраецца тэндэнцыя да павелічэння захворвання туберкулёзам, а таксама рэгістрацыя яго рэцыдываў. За перыяд з 2009-2013 г.г. агульны паказчык захворвання вырас з 57,1 да 68,7 на 100 тысяч насельніцтва раёна. Паказчык захворвання сярод сельскіх жыхароў вышэй, чым сярод гарадскіх.

Але за апошнія 5 гадоў знізіўся з 15,8 да 7,2 на 100 тысяч насельніцтва раёна паказчык смяротнасці ад туберкулёзу.

Няма выпадкаў захворванняў туберкулёзам сярод дзяцей, у адзінкавых выпадках выяўляецца ён у падлеткаў (1 чалавек у 2013 годзе).

Нестабільная сітуацыя па захворванні ў раёне перш за ўсё звязана з асаблівасцямі сучаснага туберкулёзу, які характарызуецца вострым прагрэсіруючым цячэннем працэсу, з’яўленнем лекава-устойлівых формаў. Заразіцца можа любы чалавек. Цяжкая форма хваробы вызначаецца высокай рэзістэнтнасцю да антыбактэрыяльных прэпаратаў і дрэнна паддаецца накіраванаму ўздзеянню.

Рэспубліка Беларусь уваходзіць у трывожны спісак з 27 краін з найбольшай распаўсюджанасцю мультырэзістэнтнага туберкулёзу. У нашай краіне 260 пацыентаў жывуць з ВІЧ і туберкулёзам адначасова. Змяніўся сацыяльны партрэт чалавека, захварэўшага туберкулёзам: многія пацыенты раней знаходзіліся ў турэмным заключэнні, злоўжывалі алкаголем, нідзе не працавалі.

З’явіліся новыя групы рызыкі па захворванні, у прыватнасці, мігранты з краін з высокім узроўнем распаўсюджання гэтай хваробы, ВІЧ-інфіцыраваныя асобы, а таксама асобы, якія прыбылі з пенітэнцыярных устаноў. Сацыяльна-неўладкаваны кантынгент насельніцтва, так званыя асобы сацыяльнай рызыкі, з цяжкасцю прыцягваюцца да абследавання і лячэння. У іх асяроддзі часта дыягнастуюцца хранічныя формы туберкулёзу з бактэрыявыдзяленнем, што ўяўляе небяспеку заражэння тых, хто знаходзіцца побач, і становіцца адным з вядучых фактараў эпідэмічнай неўладкаванасці.

Для іх ізаляцыі і працяглага лячэння адкрыты рэспубліканскія туббальніцы “Наваельня” і “Сасноўка” – для пацыентаў з хранічнай формай туберкулёзу з множнай лекавай устойлівасцю ўзбуджальніка. Для прымусовага лячэння хворых з адкрытай формай туберкулёзу па рашэнні суда пацыенты накіроўваюцца ў Вярховіцкую спецыялізаваную бальніцу. За апошнія 5 гадоў на прымусовае лячэнне ад туберкулёзу накіравана 20 жыхароў нашага раёна.

Лячэнне хворых туберкулёзам – сур’ёзная і складаная задача, якая патрабуе канцэнтрацыі намаганняў медыцынскіх работнікаў, самога пацыента і членаў яго сям’і. Калі

тэрміны лячэння пацыентаў у ранняй стадыі хваробы складаюць 6-8 месяцаў, то пры хранічных формах са множнай лекавай устойлівасцю дасягаюць 1,5-2 і больш гадоў.

Таццяна УСЦЮШКОВА, урач-валеолаг:

– Узбуджальнік захворвання – незвычайна жыццяздольны мікраарганізм, які захоўвае свае ўласцівасці пры высыханні, замярзанні, пасля апрацоўкі спіртам, кіслатой, шчолаччу. У глебе застаецца жыццяздольным да года, столькі ж – у высахшай макроце (у жылых памяшканнях), у кнігах 3-4 месяцы. Але бацыла хутка гіне пры ўздзеянні прамых сонечных промняў, высокіх тэмператур.

Крыніца інфекцыі – хворы чалавек – часам нават не ведае пра хваробу, таму што туберкулёз можа працякаць пад выглядам звычайнай прастуды, працяглай невылечнай пнеўманіі, а часам без якіх-небудзь праяўленняў. Уваходныя вароты – шлях пранікнення інфекцыі – дыхальныя шляхі. Радзей заражэнне наступае пры ўжыванні ў ежу малочных прадуктаў ад хворых туберкулёзам жывёл.

Чым даўжэй і часцей кантакты з бактэрыявыдзяляльнікамі, тым вышэй верагоднасць захварэць туберкулёзам. Таму самая вялікая рызыка заражэння ў членаў сям’і і сяброў хворага. Лічыцца, што ў сярэднім за год адзін хворы туберкулёзам з бактэрыявыдзяленнем можа заразіць 15-20 чалавек. На шчасце, не ўсе людзі, якія мелі кантакт з хворым туберкулёзам, заразяцца.

Павышанай небяспецы падвяргаюцца:

– асобы, якія знаходзяцца ў пастаянным кантакце з хворым заразнай формай туберкулёзу лёгкіх;

– людзі з аслабленым імунітэтам па прычыне непаўнацэннага харчавання і дрэнных умоў жыцця, хранічных захворванняў (недастатковае або непаўнацэннае харчаванне);

– курыльшчыкі;

– злоўжываючыя спіртным або наркаспажыўцы;

– інфіцыраваныя ВІЧ або хворыя на СНІД;

– бамжы;

– тыя, хто рэгулярна прымае гармоны або супрацьпухлінныя прэпараты;

– мігранты, у тым ліку працоўныя мігранты (людзі, якія працуюць у іншай дзяржаве);

– асобы з дэфіцытам масы цела;

– тыя, хто пакутуе цукровым дыябетам, язвавай хваробай і іншымі хранічнымі захворваннямі.

Найбольш часта паражаюцца лёгкія, а частым сімптомам туберкулёзу лёгкіх з’яўляецца кашаль, які працягваецца больш за 3 тыдні. Ён можа суправаджацца аддзяленнем макроты або назіраецца кровахарканне.

Іншыя найбольш частыя сімптомы захворвання: павышаная тэмпература; начная патлівасць; страта апетыту і масы цела пры звычайным харчаванні; стамляльнасць; перыядычнае павышэнне тэмпературы цела; слабасць, адышка.

Калі з’явіліся такія сімптомы, неабходна неадкладна звярнуцца да ўрача і абавязкова прайсці рэнтгенаграфічнае абследаванне органаў грудной клеткі.

Не трэба баяцца дыягназу “туберкулёз”. Чым раней пачата лячэнне, тым большая верагоднасць выздараўлення.

Валянціна АЎДЗЕЙ, загадчыца райпаліклінікі:

– Адзіным спосабам выявіць хваробу на ранніх этапах развіцця з’яўляюцца флюараграфічнае і бактэрыялагічнае даследаванні. Прафілактыка захворвання заўсёды займала і працягвае займаць істотнае месца ў супрацьтуберкулёзнай рабоце. Пры гэтым важную ролю ў зніжэнні рызыкі захворвання туберкулёзам адыгрываюць прафілактычныя меры, накіраваныя на ўмацаванне ахоўных сіл арганізма, захаванне чалавекам правільнага рэжыму працы і адпачынку, паўнацэннага харчавання, адмовы ад курэння, наркотыкаў, ужывання алкаголю, захаванне здаровага ладу жыцця.

Асноўнай прафілактыкай туберкулёзу ў дзяцей на сённяшні дзень з’яўляецца вакцына БЦЖ. Прышчэпку робяць у раддоме пры адсутнасці супрацьпаказанняў у першыя 3-7 дзён жыцця дзіцяці. У 7 гадоў пры адмоўнай рэакцыі Манту і адсутнасці супрацьпаказанняў праводзяць рэвакцынацыю па паказаннях.

Усім дарослым, з мэтай выяўлення туберкулёзу на ранніх стадыях, неабходна праходзіць флюараграфічнае абследаванне ў паліклініцы не радзей, чым раз у год, незалежна ад прафесіі, стану здароўя і прыналежнасці да розных груп рызыкі.

Рэкамендацыя: заўсёды звяртайце ўвагу на сваё самаадчуванне. Часцей праветрывайце памяшканне і змагайцеся з пылам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *