Пісьмы вайны. Хрэстаматыя патрыятызму


Напярэдадні святкавання Дня Незалежнасці і чарговай гадавіны вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў у абласной друкарні выйшла ўнікальнае гісторыка-дакументальнае, публіцыстычнае ілюстраванае выданне «Пісьмы вайны. Хрэстаматыя патрыятызму», падрыхтаванае рэдакцыяй абласной газеты «Заря» у межах аўтарскага праекта брэсцкага журналіста, пісьменніка Аляксандра Валковіча пад эгідай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Брэсцкага аблвыканкама.
Унікальнае выданне, аналагаў якому ў нашай рэспубліцы няма, ўяўляе гісторыка-дакументальны, публіцыстычны, ілюстраваны зборнік франтавой карэспандэнцыі, нанова «прачытанай» сучаснікамі.
У зборнік увайшлі франтавыя «трохвугольнікі», канверты, паведамленні, «пахаванкі», партызанскія дзённікі, архіўныя фотаздымкі байцоў і камандзіраў, якія вызвалялі Беларусь і Брэсцкую вобласць у складзе часцей і падраздзяленняў Беларускіх франтоў, атрадаў Брэсцкага партызанскага злучэння, а таксама пісьмы на перадавую родным і блізкім воінаў — ураджэнцаў і жыхароў Брэстчыны.
Асобнымі главамі прадстаўлены малавядомыя пісьмы абаронцаў Брэсцкай крэпасці, партызанскія хронікі і малюнкі, пісьмы з фашысцкай няволі беларускіх гастарбайтэраў, некаторыя біяграфіі, гісторыі і лёсы.
У кнізе выкарыстаны музейныя і архіўныя дакументы, матэрыялы фотахронікі ТАСС, БЕЛТА, абласной газеты «Заря» і некаторых рэгіянальных СМІ, здымкі, копіі і арыгіналы з сямейных альбомаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і іх нашчадкаў — жыхароў Брэста і Брэсцкай вобласці.
«Хрэстаматыя патрыятызму» разлічана на шырокае кола чытачоў, моладзь, школьнікаў, з’яўляецца наглядным дапаможнікам для «Урокаў мужнасці», заняткаў па гісторыі і краязнаўству.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *