Па парадку пра падаткі


Дзейнасць падатковай службы і сфера яе кампетэнцыі тым ці іншым чынам закранае бадай кожнага з нас.
Адзін з асноўных клопатаў падатковых органаў – своечасовае і ў поўнай меры пералічэнне прадпрыемствамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і грамадзянамі падаткаў. Падатковыя паступленні, якія папаўняюць бюджэты розных узроўняў, трансфармуюцца ў зарплаты бюджэтнікаў, бясплатныя (для нас, але не для дзяржавы) адукацыю і медыцыну, разнастайныя дзяржаўныя дапамогі і датацыі і многае іншае.
У гэтым важным кругазвароце ў кожнага са спецыялістаў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ляхавіцкім раёне – сваё адказнае і важнае месца. І ад іх прафесійнай, кампетэнтнай, адладжанай работы залежыць многае.
Напярэдадні прафесійнага свята падатковай службы на чарговай “прамой лініі “ЛВ” працаваў начальнік інспекцыі міністэрства па падатках і зборах па Ляхавіцкім раёне Анатолій ЖАБІК.
– У сакавіку гэтага года атрымала з Расійскай Федэрацыі грашовы перавод не ад сваякоў. Ці трэба мне плаціць падаходны падатак з гэтай сумы?
Е. Тарлюк, г. Ляхавічы.
– З 1 студзеня 2010 года сумы грашовых сродкаў, атрыманыя з-за межаў Рэспублікі Беларусь не ад блізкіх сваякоў, не абкладаюцца падаткам у межах 500 базавых велічынь у год. На сёння гэтая сума складае 17 мільёнаў 500 тысяч рублёў. Даходы, атрыманыя з-за межаў краіны, што перавышаюць згаданую суму, належаць дэклараванню і падаткаабкладанню ў адпаведнасці з заканадаўствам. У 2009 годзе абкладалася падаткам уся атрыманая сума.
– Маю ва ўласнасці трактар і навясное абсталяванне да яго, аказваю аднавяскоўцам паслугі па вырошчванні сельгаспрадукцыі: заворваю агарод, кашу сена, убіраю ўраджай. Ведаю, што за такія паслугі трэба плаціць падаткі. Падкажыце, як правільна гэта зрабіць.
І. Горбік, в. Гута.
– Пры аказанні фізічнай асобай паслуг па вырошчванні сельскагаспадарчай прадукцыі рэгістрацыі дзейнасці ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка не патрабуецца.
Фізічныя асобы маюць права самастойна, без прыцягнення наёмных асоб па працоўных і (ці) грамадзянска-працоўных дагаворах, ажыццяўляць наступныя віды дзейнасці: аказанне паслуг па вырошчванні сельскагаспадарчай прадукцыі, па драбленні зерня; выпас жывёлы; рэпетытарства; чыстка і прыбіранне жылых памяшканняў; дзённы догляд за дзецьмі, здача ў наём (паднаём) жылых памяшканняў (акрамя прадастаўлення месцаў для кароткатэрміновага пражывання).
Да пачатку ажыццяўлення гэтых відаў дзейнасці неабходна падаць у падатковы орган па месцы жыхарства заяву аб пастаноўцы на ўлік з указаннем віду дзейнасці, якім чалавек збіраецца займацца, і ўплаціць падатак.
Сума падатку па згаданых відах дзейнасці складае па г. Ляхавічы 35 тысяч рублёў, а па сельскай мясцовасці 20 тысяч рублёў у месяц.
– Вырашыў прадаць атрыманы ў спадчыну жылы дом. Ці трэба звяртацца ў падатковую інспекцыю за даведкай аб адсутнасці запазычанасці па падатках?
І. Пятроўскі, г. Ляхавічы.
– Калі вы грамадзянін Рэспублікі Беларусь і пастаянна пражываеце на тэрыторыі Беларусі, за такой даведкай звяртацца не трэба. Зямельны падатак і падатак на нерухомасць вам будуць прад’яўлены прапарцыянальна перыяду знаходжання ва ўласнасці жылога дома.
Калі на працягу 5 гадоў вы адчужаеце шляхам продажу, мены, рэнты другі жылы дом, што знаходзіцца ў вашай уласнасці, то абавязаны не пазней за 1 сакавіка года, наступнага за годам адчужэння, падаць у падатковы орган падатковую дэкларацыю. Вылічэнне 5-гадовага тэрміну вядзецца з даты апошняга выплатнага адчужэння маёмасці, што адносіцца да аднаго віду.
Калі ж у выніку куплі-продажу, мены, дарэння, рэнты адчужаецца аб’ект нерухомай маёмасці, што належыць грама-дзяніну Рэспублікі Беларусь, які пастаянна не пражывае на тэрыторыі краіны, замежнаму грамадзяніну, асобе без грамадзянства, замежнай ці міжнароднай юрыдычнай асобе, што не мае месца знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь, неабходна звяртацца ў падатковыя органы па месцы знаходжання аб’екта нерухомасці для атрымання даведкі аб уплаце падаходнага падатку з фізічных асоб, зямельнага і падатку на нерухомасць.
– Я атрымліваю платна першую вышэйшую адукацыю. Квітанцыі на аплату згублены. Ці маю я права на вылік па падаходным падатку па расходах, панесеных на навучанне?
М. Юруць, г. Ляхавічы.
– Згодна пункта 5 артыкула 165 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь у выпадку страты плацельшчыкам дакументаў, што пацвярджаюць фактычную аплату навучання, падатковаму агенту (падатковаму органу) падаецца пісьмовае пацвярджэнне атрымальніка грашовых сродкаў аб паступленні такіх сродкаў з указаннем прозвішча, імя, імя па бацьку плацельшчыка, сумы і даты аплаты, прызначэння плацяжу.
Такім чынам, вы будзеце мець права на атрыманне сацыяльнага падатковага выліку па падаходным падатку ў суме, уплачанай за сваё навучанне, пры прадастаўленні даведкі банкаўскай установы аб паступленні грашовых сродкаў з указаннем прозвішча, імя, імя па бацьку плацельшчыка, сумы і даты аплаты, прызначэння плацяжу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *