Дарога да сэрца вучняў ляжыць праз давер

Гэта адбылося – педагогі з Ляхавіччыны, стаўшы лепшымі ў раёне, паказалі выдатныя вынікі і ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.

Настаўніца інфарматыкі СШ №1 Наталля Арцюшкевіч стала пятай у намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”. А настаўніца медыцынскай падрыхтоўкі СШ №2 Наталля Сапега-Панько аказалася другой у намінацыі “Музыка, выяўленчае мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка” – да вышэйшай прыступкі не хапіла ўсяго 2 балаў.

Хто імкнецца да вяршынь – той іх дасягае! А да гэтага на шляху прафесійнага спаборніцтва ў Наталлі быў адкрыты ўрок у адной са школ горада Кобрына, тэма якога ў звычайным адукацыйным працэсе патрабуе асаблівага і ўдумлівага падыходу да выбару формаў і метадаў выкладання – “Гігіена шлюбу. Культура палавых адносін. Віды кантрацэпцыі”. А тут – чужая школа і незнаёмы клас.

– Папярэдне прадумваючы змест урокаў, не чакала, што могуць даць такую далікатную конкурсную тэму. 10-класнікі, пачуўшы, пра што будзе ісці гаворка, адразу засаромеліся. Але ўдалося зняць бар’еры, адказаўшы, што мы не робаты, а людзі, – прызнаецца Наталля.

Па словах загадчыцы раённага вучэбна-метадычнага кабінета Святланы Маргаевай, урок праведзены на вышэйшым метадычным узроўні. Журы ахарактарызавала яго як самы лепшы.

Сваю перамогу педагог лічыць заслугай не асабістай.

– У ёй уклад усяго дружнага калектыву школы, рабят, калег. Яны мяне падтрымлівалі, хваляваліся, дапамагалі, – адзначае Наталля Міхайлаўна.

А яшчэ вялікую ролю ў заваяванні такога прызнання адыграла сям’я. Менавіта муж Наталлі Анатолій, урач-гінеколаг са стажам, дапамог прафесійнымі парадамі і падрыхтоўкай неабходных матэрыялаў.

Акрамя адкрытага ўрока, канкурсанты паказвалі майстар-класы для калег. Наша зямлячка і тут не разгубілася. У школе яна вядзе клуб “Здаравячок”. Таму цікавай і змястоўнай тэмай “Лекавыя расліны Беларусі” сумела зацікавіць педагогаў вобласці, адкрыўшы ім мноства карыснай інфармацыі.

Сцэнічнае выступленне “Навучаючы, я выхоўваю…” Наталля Сапега-Панько падрыхтавала ў выглядзе маналогу.

Абаяльная, тактоўная, эрудзіраваная, адказная, умее выслухаць і падтрымаць. Дзецям з ёй не бывае сумна. Цудоўны класны кіраўнік, якога паважаюць і любяць як вучні, так і бацькі. Неаднойчы яе выхаванцы станавіліся пераможцамі раённых конкурсаў. Была класнай “мамай” для хлопчыкаў і дзяўчынак класа МНС. І праз гады не парываецца іх школьнае сяброўства.

У сваёй прафесійнай дзейнасці, якая працягваецца ўжо 26 гадоў, кіруецца прынцыпам адбору для заняткаў такога матэрыялу, які спатрэбіцца школьнікам у паўсядзённым жыцці. На занятках аддае перавагу інфармацыйным, модульным і праектным тэхналогіям. Фарміруючы пазнавальны інтарэс і практычныя ўменні школьнікаў як на уроках медыцынскай падрыхтоўкі, так і на ўроках геаграфіі, яна падштурхоўвае рабят да самастойнага пошуку, імправізацыі і здольнасці знаходзіць выйсце з любой сітуацыі.

Сакрэтам свайго поспеху Наталля лічыць узаемны давер з вучнямі, стварэнне на ўроках атмасферы супрацоўніцтва, творчасці і псіхалагічнага камфорту.

Побач з новым прафесійным статусам у яе жыцці яшчэ некалькі – любімая і любячая жонка, клапатлівая матуля сына і дачкі, ласкавая бабуля.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *