Маёмасць трэба выкарыстоўваць эфектыўна

На чарговым пасяджэнні райвыканкама з удзелам памочніка Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці Дзмітрыя Гобарава на парадку дня значыліся 4 пытанні.

Па першым пытанні “Аб выніках кіравання і распараджэння дзяржаўнай маёмасцю, якая знаходзіцца ва ўласнасці раёна, у 2013 і задачах на 2014 год” дакладваў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Дзяжурны.

У адзіным рэестры дзяржаўнай маёмасці ва ўласнасці Ляхавіцкага раёна знаходзіцца 692 аб’екты. У 2013 годзе прададзена 5 аб’ектаў з запланаваных шасці: палацава-паркавы комплекс “Савейкі”, рамонтна-машынны двор у вёсцы Ганчары, комплексны прыёмны пункт у Альхоўцах, будынак школы ў Куршынавічах і Конькаўскі дзіцячы сад. У мінулым годзе ў мясцовы бюджэт ад рэалізацыі і выкарыстання дзяржаўнай маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці раёна, паступіў 1 921 мільён рублёў. У параўнанні з 2012 годам гэта ў 6,3 раза больш.

У мінулым годзе, згодна графіка па прыцягненні ў гаспадарчы абарот невы-карыстоўваемых аб’ектаў нерухомасці раённай уласнасці, знесена 2 аб’екты, прададзена на аўкцыёне – 5, па адным прадоўжана кансервацыя, 2 выкарыстоўваюцца ва ўласных мэтах. На пачатак бягучага года не ўцягнута ў гаспадарчы абарот памяшканне фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў вёсцы Галаўнінцы, якое падлягае зносу. Летась практычна не праводзілася работа па прыцягненні ў гаспадарчы абарот невы-карыстоўваемай маёмасці (за выключэннем жылых памяшканняў) у ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, дзе не эксплуатуюцца 17 аб’ектаў нерухомасці.

Задача па дзяржаўнай рэгістрацыі аб’ектаў нерухомай маёмасці выканана ў раёне на 88,7 працэнта. Незарэгістраванымі застаюцца 38 аб’ектаў ДП “Нача”. Кіраўніку прадпрыемства Мікалаю Тарлюку даручана распрацаваць і падаць у райвыканкам графік рэгістрацыі дзяржмаёмасці.

Памочнік Прэзідэнта акцэнтаваў увагу на аб’ектах, якія па інвестдагаворах рэалізаваны, але ўласнік па нейкіх прычынах не змог ажыццявіць заяўленыя планы. У Ляхавіцкім раёне такіх два, дакументы па іх адпраўлены ў суд.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч даручыў скласці дакладны графік работы па дзяржрэгістрацыі нерухомасці.

У рашэнні райвыканкама прадугледжана персанальная адказнасць кіраўнікоў камунальных арганізацый і ўстаноў, старшыняў сельвыканкамаў па забеспячэнні эфектыўнага выкарыстання маёмасці, якая знаходзіцца ў раённай уласнасці, выкананні графіка прыцягнення ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці. Апошняе патрабаванне датычыць і ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”.

– Маёмасць павінна эфектыўна працаваць, а пастаўленыя задачы выконвацца, – падкрэсліў старшыня райвыканкама.

Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі і іншыя пытанні парадку дня: “Аб захаванні прыродаахоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь у частцы абыходжання з адходамі на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна”, “Аб выкарыстанні зямель сялянскімі (фермерскімі) гаспадаркамі”, “Аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, накіраванага на супрацьдзеянне карупцыйным праяўленням, прычын і ўмоў, якія ім спрыяюць”. Прыняты адпаведныя рашэнні, дадзены даручэнні.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *