Ляхавіччына: вясновы час на вагу золата

Гэтымі днямі адзін з галоўных клопатаў вяскоўцаў – якасна і ў час адсеяцца. Па інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, штодзень на палях раёна працуе больш за 35 энерганасычаных трактароў, каля 20 – з камбінаванымі глебаапрацоўчымі пасяўнымі агрэгатамі.

Два “ДжонДзіры” вось ужо больш за тыдзень шчыруюць на палях СВК “Ляхавіцкі”. Адным з іх кіруе вопытны хлебароб Леанід Пішч (на здымку). Фотакар “ЛВ” застаў яго на 90-гектарным полі за сяўбой яравога ячменю. Літаральна пару хвілін “фотасесіі” – і адзін з лепшых сейбітаў раёна спяшаецца за штурвал трактара. За працоўны дзень на яго рахунку – каля 40 засеяных гектараў.

На раніцу 28 сакавіка гаспадарка мела адзін з лепшых у раёне вынікаў па сяўбе – 29 працэнтаў, яравымі культурамі было засеяна 472 гектары. Як адзначыў намеснік старшыні СВК “Ляхавіцкі” Іван Вітко, раннія яравыя збожжавыя тут плануюць адсеяць да сярэдзіны наступнага тыдня. Паралельна з сяўбой – хімапрацоўка пасеваў, пачалася другая падкормка азімых. Наогул, не навіна, што ў гэтай гаспадарцы ўмеюць вырошчваць добрыя ўраджаі.

Сярод лепшых сейбітаў раёна, акрамя “Ляхавіцкага”, СВК “Шлях новы”, дзе па стане на 28 сакавіка засеялі 1078 гектараў (крыху больш за 28 працэнтаў да плана). Вытрымліваюць тэмп СВК “Востраў-Агра” і “Канюхі”. У цэлым жа, адзначылі ў райсельгасхарчы, сельгаспрадпрыемствам Ляхавіччыны варта было б сур’ёзна прыбавіць у тэмпах: на мінулую пятніцу раён засеяў менш за 15 працэнтаў запланаваных пад яравыя плошчаў, у той час як у сярэднім на Брэстчыне гэты паказчык перасягнуў 24 працэнты. Амаль удвая меншая за сярэднеабласную і лічба пасеяных у раёне ранніх збожжавых і зернебабовых: 33 працэнты супраць амаль 66.

А вясна тым часам прыспешвае. Кожная спрыяльная вясновая гадзіна – на вагу золата. Самага дарагога – жніўнага.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *