Ляховичане побывали в парламенте

Для юных ляхавічан, якім напярэдадні Дня Канстытуцыі ўручылі галоўны дакумент – пашпарт, акцыя “Мы – грама- дзяне Беларусі!” мела працяг. 25 сакавіка Ляхавіцкі райкам ГА БРСМ сумесна з баранавіцкімі калегамі арганізаваў для юнакоў і дзяўчат незабыўную паездку ў горад Мінск.

Як расказала першы сакратар райкама БРСМ Тамара Пракап’юк, 20 вучняў школ горада і раёна пабывалі ў галоўным заканадаўчым органе краіны – парламенце, сустрэліся з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалаем Язубцом. Народны абраннік па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе №7 разам з экскурсаводам правялі рабят па залах і пакоях будынка парламента, пазнаёмілі з яго гісторыяй, расказалі пра лёс дэпутатаў першага склікання, пра значнасць дэпутацкай дзейнасці, паказалі сувеніры, якія падарылі парламентарыям калегі з блізкага і далёкага замежжа. З інтарэсам юнакі і дзяўчаты наведалі залу, у якой праходзяць сесіі.

Таксама ў гэты дзень экскурсанты пабывалі ў спартыўна-забаўляльным комплексе “Мінск-Арэна”, убачылі на свае вочы шматфункцыянальную арэну, разлічаную на 15000 гледачоў, наведалі канькабежны стадыён і веладром.

Дарэчы, паездка адбылася дзякуючы спонсарскай дапамозе СВК “Шлях новы”. Гэты сельгаскааператыў славіцца не толькі вытворчымі паказчыкамі і стабільным эканамічным развіццём, але і ўдзелам у разнастайных дабрачынных акцыях. Кіраўніцтва гаспадаркі на чале са старшынёй Аляксандрам Вашчуком клапоціцца пра будучую змену. Напрыклад, гаспадарка выплачвае грашовыя прэміі вучням мясцовых школ, якія паспяваюць на добра і выдатна. А нядаўна за садзейнічанне прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі ў здзяйсненні праграм па падтрымцы таленавітай моладзі, за аказанне практычнай дапамогі ўстановам адукацыі, асабісты ўклад у забеспячэнне педагагічных работнікаў жыллём Аляксандру Вашчуку ўручана падзяка Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Галіна КАНЬКО.

Фота прадастаўлена першым  сакратаром  райкама БРСМ Тамарай  Пракап’юк .

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *