З году ў год запатрабаваны ў грамадзян Расійскай Федэрацыі Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж

Марыя Талчэева, Юлія Кулікова, Аляксандр Чорны і Алена Кобзырава

За прафесіяй – у Беларусь.

Найбольш хвалюючае пытанне для выпускнікоў школ – куды пайсці вучыцца. І калі прыходзіць адказны час зрабіць выбар, то, як і шмат гадоў назад, многія абітурыенты мараць стаць студэнтамі навучальных устаноў у вялікіх гарадах. А некаторыя ў пошуках ведаў накіроўваюцца і ў замежжа, тым больш, для расіян і беларусаў дарога адкрытая ў любую вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову суседняй краіны.

З году ў год запатрабаваны ў грамадзян Расійскай Федэрацыі і Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж. Не выпадкова, бо і матэрыяльная база ўстановы, і веды, якія атрымліваюць тут навучэнцы, адпавядаюць сучасным патрабаванням у поўнай меры. А яшчэ вабіць маладых людзей запатрабаванасць сельскагаспадарчых прафесій, якія тут можна атрымаць.

Як расказала намеснік дырэктара ЛДАКа па вучэбнай рабоце Ірына Прыступа-Юнік, цяпер у каледжы асновам сельскагаспадарчых спецыяльнасцей навучаюцца 5 расіян, якія маюць пасведчанне на права пражывання на тэрыторыі Беларусі. У 41-й і 43-й групах заатэхнічнага аддзялення разам з беларусамі набываюць веды і пацвярджаюць іх на практыцы Юлія Кулікова і Алена Кобзырава. Сёлетні выпускнік аддзялення ветэрынарнай медыцыны Аляксандр Чорны ўжо размеркаваўся, як і аднакурснікі беларусы, на першае гарантаванае месца працы ў ЗАТ “Шчара-Агра” Баранавіцкага раёна, а аграном Дан Гансгор’еў – у ААТ “Агра-Пелішча” Камянецкага раёна. А вось для Марыі Талчэевай вучоба на аддзяленні ветэрынарнай медыцыны толькі пачалася – яна першакурсніца.

Мяркуючы па настроі рабят і поспехах у вучобе, яны адчуваюць сябе ў Беларусі, як дома. І іменна так іх прынялі ў каледжы. Тут няма розніцы, беларус ты ці расіянін, галоўнае, каб быў адказны, мэтанакіраваны, дысцыплінаваны, старанна асвойваў выбраную прафесію. Усе рабяты вучацца на бюджэтнай аснове, атрымліваюць стыпендыю, пры неабходнасці забяспечваюцца інтэрнатам, пры жаданні наведваюць гурткі, клубы па інтарэсах, спартыўныя секцыі, удзельнічаюць у грамадскім жыцці.

Усе яны – нашы.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *