Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі сустрэўся з калектывамі брэсцкіх абласных газет «Заря» і «Народная трыбуна».

Министр информации Олег Пролесковский

СМІ і час.

БЕЛТА.

Рэфармаванне беларускай медыясферы прадоўжыцца, паведаміў 3 красавіка журналістам міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі ў час сустрэчы з калектывамі брэсцкіх абласных газет «Заря» і «Народная трыбуна».

Міністр інфармацыі высока ацаніў вынік стварэння двух медыяхолдынгаў: выдавецкага дома «Звязда» культуралагічнай накіраванасці і грамадска-палітычнага на базе газеты «Советская Белоруссия». Прытым, што абодва холдынгі акупныя, дасягнута таксама значная эканомія бюджэтных сродкаў. За кошт аптымізацыі рэспубліканскіх газет у 2013 годзе было сэканомлена амаль Br8 млрд. Наступным крокам, паводле слоў Алега Праляскоўскага, стане стварэнне магутнага вэб-рэсурсу «СМІ Беларусі», дзе будуць прадстаўлены ўсе сродкі масавай інфармацыі краіны.

Станоўчы эфект дало і аб’яднанне кніжнага гандлю ў холдынг «Белкніга». Абласныя арганізацыі, якія былі на мяжы выжывання, упершыню за многія гады ў 2013 годзе спрацавалі з прыбыткам. На чарзе аптымізацыя сеткі «Саюздруку». «Гэтыя арганізацыі прыбытковыя. Пачынаючы іх аб’яднанне, трэба не нашкодзіць. Таму ісці будзем акуратна, дробнай хадой», – падкрэсліў Алег Праляскоўскі, паведаміўшы, што пачаць плануецца з Мінска і Мінскай вобласці.

Будуць рэфармаваны і дзяржаўныя выдавецтвы. У Беларусі налічваецца 5 вялікіх дзяржвыдавецтваў. Некаторыя маюць падобную тэматыку: «Народная асвета» і «Вышэйшая школа», «Беларусь» і «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Улічваючы той факт, што друкаваныя тыражы кніг падаюць і ўсё больш запатрабаванымі становяцца электронныя кнігі, ёсць сэнс ва ўзбуйненні выдавецтваў, лічыць міністр інфармацыі.

Рэгіянальныя СМІ, паводле слоў міністра, таксама не стаяць убаку ад агульнага працэсу. За некалькі гадоў зроблены сур’ёзны рух наперад. На сённяшні дзень амаль 70 працэнтаў рэгіянальных выданняў выйшлі на самаакупнасць, маюць магчымасць выходзіць у поўным колеры і з павышанай палоснасцю. 15 раённых газет пераведзены ў штотыднёвы фармат. Адначасова павялічаны іх аб’ём, каляровасць, а таксама ўзмоцнены аналітычны складальнік. Кожная раённая газета мае свой сайт. І гэта не проста патрабаванне часу, а неабходнасць, адзначыў Алег Праляскоўскі. Гаворачы аб значэнні і ролі рэгіянальнай прэсы, міністр выказаў думку, што па сваім рэйтынгу і ўзроўні даверу яна канкурыруе толькі з «Советской Белоруссией». «Вельмі вялікі давер. Таму мы так сур’ёзна займаемся ўмацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы гэтых выданняў. Цяпер такіх газет, якія мы называлі б «баявы лісток», няма. Калі ў вас была б магчымасць паглядзець рэтраспектыўна на ўсе нашы раённыя газеты, вы ганарыліся б разам са мной», – сказаў Алег Праляскоўскі.

На сустрэчы з калектывамі абласных газет узнімаліся пытанні падпіскі, работы рэгіянальных друкарняў, пераходу на лічбавы фармат вяшчання. Галоўная задача газетчыкаў, упэўнены Алег Праляскоўскі, застаецца ранейшай: быць калектыўным прапагандыстам, агітатарам і арганізатарам. «Тыраж – гэта аб’ектыўная ацэнка дзейнасці газеты. Менавіта дзякуючы вашай рабоце тыражы захоўваюцца. Людзі вераць друкаванаму слову і давяраюць СМІ – зыходзячы з гэтага і трэба працаваць», – даў наказ прадстаўнікам рэгіянальных выданняў міністр інфармацыі.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *