Абавязаны – статус сумны, але не пажыццёвы

З асаблівым пачуццём назіраю за маладой жанчынай, якая вядзе за руку хлопчыка і дзяўчынку. Памятаю яе яшчэ школьніцай з неўладкаванай сям’і. Зламанае дзяцінства, на шчасце, не мае працягу ў яе сямейным жыцці. Яна – клапатлівая і любячая маці.

У вобласці на пачатак года 1965 дзяцей з 1065 сем’яў знаходзіліся ў сацыяльна-небяспечным становішчы, у раёне на 1 сакавіка такімі былі прызнаны 47 непаўналетніх з 25 сем’яў. За 4 квартал 2013 года камісіяй па справах непаўналетніх у адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 г. № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях” на дзяржаўнае забеспячэнне адабрана 6 дзяцей у 5 бацькоў, адна маці ў лютым 2014 года адноўлена ў правах.

Па словах намесніка старшыні райвыканкама Святланы Юрлевіч, прычыны адабрання застаюцца нязменнымі: п’янства ці алкагалізм бацькоў, безнагляднасць і безадказнасць, нежаданне забяспечыць адпаведныя санітарна-гігіенічныя ўмовы пражывання дзецям.

Аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, шматлікімі зацікаўленымі службамі праводзіцца карпатлівая работа з сем’ямі, якія па той ці іншай прычыне апынуліся ў полі зроку, выяўляюцца факты сямейнай неўладкаванасці. Калі бацькі не робяць адпаведных высноў, не становяцца на шлях выпраўлення, правы і інтарэсы дзяцей абараняе дзяржава, а бацькі набываюць статус абавязаных.

Напрыканцы мінулага года міжведамасная камісія абследавала ўмовы пражывання непаўналетніх, чыё становішча было прызнана сацыяльна-небяспечным. З наведаных 70 сем’яў нездавальняючы санітарны стан жылых памяшканняў выяўлены ў 14, правілы супрацьпажарнай бяспекі парушаліся ў 21 сям’і. Вынікі рэйду разгледжаны на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх. Паўторны рэйд паказаў паляпшэнне сітуацыі ў 13 з 21 сям’і, у якіх былі дагэтуль выяўлены падобныя парушэнні.

Многія бацькі не задумваюцца, што няспраўнасць электраправодкі ці печы, яе няправільная эксплуатацыя, малазабяспечанасць і адмова ад працаўладкавання, медыцынскай дапамогі і ёсць неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў. У некаторых так і не сфарміраваў-ся мацярынскі інстынкт і бацькоўская адказнасць. Як яшчэ можна растлумачыць той факт, што некаторыя сем’і пад пільным наглядам знаходзяцца не год і не два, а значна больш. Часам захоўваецца сумная пераемнасць, калі на кантроль бяруцца ўжо дзеці дзяцей.

Жыхарка раёна паехала на заробкі ў Расію, пакінуўшы пры гэтым пяцігадовае дзіця на чатырнаццацігадовае. Другая ні за што не хоча працаваць. А маці двух дзетак у аднапакаёвую кватэру прыводзіць шматлікіх гасцей. Бацька прыехаў з заробкаў і ніяк не можа зразумець, чаму дзеці памятаюць яго толькі з бутэлькай у руцэ… Падобных прыкладаў загадчыца сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Галееўская ведае нямала.

На ўліку ў аддзеле знаходзіцца 98 абавязаных асоб. Яны павінны кампенсаваць сродкі на ўтрыманне 114 дзяцей, 90 з якіх знаходзяцца на выхаванні ў замяшчальных сем’ях.

На выязных пасяджэннях каардынацыйнага савета па выкананні патрабаванняў Дэкрэта № 18 аналізуюцца прычыны прагулаў, якія дапускаюць абавязаныя асобы, эфектыўнасць іх адпрацоўкі і магчымасці недапушчэння. Галоўны віноўнік часцей за ўсё – алкаголь. Наступствы згубнай звычкі – прагулы і павелічэнне запазычанасці. Так, даўгі адной з абавязаных асоб перавысілі 21 мільён рублёў. Мужчына прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад кампенсацыі расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне яго дзяцей. Летась за прагулы ён быў асуджаны да 200 гадзін грамадскіх работ. Па словах старшага інспектара прафілактыкі РАУС Аляксандра Чурылава, за невыкананне накладзенага пакарання супраць мужчыны была ўзбуджана крымінальная справа. Рашэнне суда – 4 месяцы ў следчым ізалятары.

З 98 у месцах пазбаўлення знаходзіцца 9 абавязаных асоб (2 мужчыны і 7 жанчын), у крымінальным вышуку – 5 чалавек, на лячэнні ў ЛПП – 4.

Жахліва ад таго, што гора-маці аказваюцца ў зняволенні з-за нежадання гадаваць сваіх крывіначак, перакладваючы гэты абавязак на дзяржаву.

За час дзеяння дэкрэта ў раёне сфарміравана сістэма па змяншэнні прагулаў безадказнымі бацькамі. Штомесяц наймальнікі падаюць у службу занятасці табелі ўліку рабочага часу абавязаных асоб і адпрацоўку прагулаў, інфармацыю пра налічаную заработную плату, наяўнасць вакансій. За кожным абавязаным замацаваны адказны. І часта здараецца так: калі ён хварэе ці знаходзіцца ў водпуску, абавязаная асоба “адпачывае” разам з ім. Пракурор раёна Сяргей Дзяжко нават прапанаваў матэрыяльны стымул для людзей, якія заняты з праблемнай катэгорыяй насельніцтва. Нягледзячы на тое, што кантроль за яўкай на работу абавязаных асоб ажыццяўляецца штодзённа, за папярэдні год прапушчана 1210 рабочых дзён, адпрацавана ж толькі 352. Хаця ёсць і такія абавязаныя, хто працаваў без прагулаў. Іх у раёне 17 чалавек.

Найбольшая колькасць прагулаў у абавязаных асоб СВК “Востраў-Агра”. 10 абавязаных умудрыліся прагуляць 434 рабочыя дні, адпрацаваўшы ўсяго 69. На ТБЗ “Ляхавіцкі” 4 абавязаныя не выходзілі на працу ўвогуле 145 дзён, адпрацавалі 3; у СВК “Ліпнянка” 4 чалавекі зрабілі 131 прагул, адпрацавалі 15 дзён.

Тым не менш, у 2013 годзе вырас працэнт кампенсацыі сродкаў бацькамі, дзеці якіх знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, да 56 працэнтаў (у 2012 ён не даходзіў да 49). 6 чалавек за мінулы год цалкам разлічыліся з запазычанасцю перад дзяржавай.

З налічаных абавязаным асобам за люты больш чым 127 мільёнаў для кампенсацыі на карысць аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама пералічана каля 52 мільёнаў рублёў – 41 працэнт.

Ёсць яшчэ адна праблема. З бацькоў грошы наймальнікі вылічваюць, а на рахунак аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама своечасова не залічваюць. Такая сітуацыя адзначалася ў СВК “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, ПМК-17.

– Усім зацікаўленым службам трэба больш актыўна і скаардынавана працаваць па змяншэнні колькасці прагулаў і спагнанні расходаў. Відавочна, цяжка забяспечыць 100-працэнтнае спагнанне сродкаў з людзей, якія злоўжываюць спіртным і не хочуць клапаціцца пра сваіх дзяцей, але гэта неабходна рабіць, – адзначае Святлана Юрлевіч. – Часам такім людзям неабходны нейкі штуршок да разумення бацькоўскай адказнасці і падтрымка тых, хто працуе побач. Важны момант і адносіны наймальнікаў. Калі бацькі, у якіх адабралі дзяцей, забяспечаны работай, адчуваюць строгі, нават жорсткі кантроль і ўвагу, – прагулы, хоць і здараюцца, але паступова адпрацоўваюцца. Напрыклад, у СВК “Жарабковічы” за 2013 год 213 разоў не выйшлі на працоўныя месцы 9 абавязаных, адпрацавалі – 145 дзён. Добры стымул для тых, хто кампенсуе сродкі дзяржаве, – перавод на больш высокааплатную работу.

Статус абавязаных не пажыццёвы. Калі бацькі прызналі і выправілі свае памылкі, яны аднаўляюцца ў правах. У мінулым годзе жанчына вярнула сабе права звацца маці ў адносінах да дзіцяці-інваліда. Дзеці, вернутыя ў біялагічныя сем’і, знаходзяцца пад пільнай увагай дзяржавы, якая ідзе насустрач і спісвае запазычанасць з бацькоў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *