Пра красавік трэба думаць у жніўні

Некалі выхад статка на пашу быў для селяніна падзеяй і суправаджаўся спецыяльным абрадам, бласлаўляўся і пастух, і статак на атрыманне вялікага малака. Цяпер жа ўсе добра ведаюць, што надоі будуць ў тых гаспадарках, дзе зараней паклапаціліся пра добрую пашу, падрыхтавалі электрапастухі, соль, мел, тэхніку для падвозкі вады, падабралі для работы адказных людзей. А яшчэ ў жніўні мінулага года пасеялі азімыя збожжавыя спецыяльна для ранняга страўлівання жывёле. Такі гаспадарскі падыход да справы — у 4 сельгаспрадпрыемствах: СВК “Ляхавіцкі”, “Шлях новы”, “Востраў-Агра”, ЗАТ “Белпрампрыбор” –усяго падрыхтавана для скормлівання 569 гектараў. Першымі пачалі пашавы перыяд жывёлаводы Галавачоўскай і Вялікалотаўскай МТФ, пасля выгналі кароў на зялёную пашу ў Літве, Навасёлках, Патапавічах “Шляху новага”, да іх далучыліся “Востраў-Агра”, Свяціцкая ферма “Ліпнянкі”.

А як справы ў тых гаспадарках, дзе ўпусцілі тэрміны сяўбы азімых для выпасу статка? СВК “Жарабковічы” забяспечаны кармамі дастаткова, рацыёны кармлення жывёлы збалансаваныя, зараз статак доіцца з прыбаўкай малака. Гэтая гаспадарка дапамагае кармамі і іншым сельгаспрадпрыемствам. А вось у СВК “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” перазімавалі з цяжкасцю, а цяпер ні кармоў, ні яравой падкормкі. Як тут не ўспомніць прымаўку пра сані, якія трэба рыхтаваць летам.

У поўнай меры гэта адносіцца і да наяўнасці культурных пашаў. Усяго па раёне іх значыцца 6888 гектараў, у тым ліку 4441 гектар – шматкампанентных. Калі браць у разліку на адну карову, то атрымліваецца нядрэнна: у аграрным каледжы – 0,76 гектара, у СВК “Жарабковічы” – 0,47, “Тальмінавічы” – 0,51, ЗАТ “Белпрампрыбор” – 0,50 гектара. У цэлым па раёне на адну галаву жывёлы прыпадае па 0,64 гектара культурных пашаў, у тым ліку 41 гектар – шматкампанентных. Аднак, як адзначае галоўны спецыяліст райсельгасхарчу па кормавытворчасці Ігар Яварчук, па якасным складзе гэтыя шматкампанентныя пашы далёкія ад ідэала: іх трэба было ўшчыльняць, асабліва бабовымі травамі, і, дарэчы, гэта можна тэрмінова зрабіць яшчэ цяпер. Па сутнасці, толькі некаторыя гаспадаркі паклапаціліся пра рамонт пашавых угоддзяў летась. Як адзначаюць спецыялісты, перавод малочнага статка на пашавае ўтрыманне патрабуе некаторага часу для адаптацыі жывёлы да новых умоў, і ў гэты час магчыма заніжэнне надояў малака. Аднак пры добрай пашы яно хутка кампенсуецца. Як, напрыклад, у СВК “Шлях новы”: за 10 дзён пасьбы па ранніх азімых надоі стабілізаваліся і пайшла прыбаўка: сёння на Галавачоўскай ферме кожная рагуля дае амаль па 12 літраў малака. Ладзяцца справы і на іншых МТФ. Добры пачатак будзе замацаваны і, па меркаванні галоўнага заатэхніка сельгаскааператыва Ганны Кухарчык, прымножыцца, калі статак выйдзе на культурную пашу, якая стабільна даглядаецца.

Сёлета надоі на адну карову статка раёна пакуль у мінусе ў параўнанні з мінулым годам (мінус 970 грамаў). Разлічваць на прыбаўку, зразумела ж, могуць толькі тыя, хто пастаянна працуе над павышэннем прадукцыйнасці жывёлагадоўчай галіны.

Дарэчы, пашавы перыяд – гэта яшчэ і час рамонту і рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў. І тут адклад не ідзе на лад.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *