Ляхавіцкія лёгкаатлеты перавялі стрэлкі на летні час

Перабудова на стадыёне «Колас» пачалася з агароджы.

Нібы птушкі вырай, з надыходам устойлівага цяпла лёгкаатлеты пакідаюць сцены душных залаў і манежаў. Выступленні на адкрытым паветры і ў памяшканнях – а для цыклічных відаў атлетыкі гэта асабліва характэрна – адрозніваюцца досыць істотна. Як, напрыклад, бег ад кросу, спаборніцтвамі па якім лёгкаатлеты раёна перавялі стрэлкі з зімы на лета.

Старты адбыліся 7 красавіка. Перыметр стадыёна “Колас” Ляхавіцкай ДЮСШ стаў бегавымі трасамі, самі ж спаборніцтвы з’яўляюцца адным з этапаў праграмы ўжо 17-й па ліку спартакіяды вучнёўскай моладзі раёна.

Як паведаміў рэдакцыі трэнер-выкладчык ДЮСШ Андрэй Іванюценка, ЛДАК прадстаўляў толькі адзін удзельнік, Зубелевіцкая базавая, Падлеская і Альхоўская сярэднія школы не мелі і таго.

У канкурэнцыі трох гарадскіх школ камандная перамога ў раённым кросе — у СШ № 1. Лепшы камандны вынік сярод сельскіх устаноў адукацыі ў лёгкаатлетаў Крывошынскай СШ. Жарабковіцкая СШ стала другой, а Навасёлкаўская замкнула прызавую тройку.

А вось сярод пераможцаў асабістага заліку найбольшае прадстаўніцтва ў СШ № 2. Самы хуткі бег на дыстанцыі ў 2000 метраў паказалі Максім Грэсь і Юлія Лешык. Самую “дарослую”, таму і самую прэстыжную кросавую дыстанцыю, роўную 3000 метраў, таксама выйграў вучань СШ № 2 – адзінаццацікласнік Алег Заяц. Сярэдняя школа № 1 можа пахваліцца двума пераможцамі раённых кросавых спаборніцтваў: забегі на самыя кароткія ў праграме спаборніцтваў дыстанцыі – 500 і 1000 метраў адпаведна ў дзяўчынак і хлопчыкаў – выйгралі Таццяна Смірнова і Юрый Тарлюк. Абсалютнай перамозе школьнікаў-гараджан не дазволіла адбыцца Валерыя Цімашэнка з Жарабковіч, якая заваявала вышэйшы п’едэстал у кросе на 1500 метраў.

Пераможцаў і другіх прызёраў на кожнай з дыстанцый ужо 13 красавіка  чакаюць трасы Палескага лёгкаатлетычнага кросу на прызы майстра спорту міжнароднага класа Уладзіміра Цямчыка.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *