Малюся за людзей

Праскоўя і Пётр Ярховы славіліся ў Маршанскім раёне Тамбоўскай вобласці працавітымі рукамі. Не шкадуючы сіл, працавалі і ў калгасе, і дома, трымалі вялікую падсобную гаспадарку, каб пракарміць дзяцей (да вайны нарадзіліся чацвёра) і дапамагчы тым аднавяскоўцам, хто знаходзіўся ў горшай жыццёвай сітуацыі. А Праскоўя, якая закончыла 4 класы царкоўнай школы, яшчэ была і адмысловай швачкай. Заказаў на абновы – хоць адбаўляй. Але не толькі гэта прыцягвала людзей да добразычлівай маладой жанчыны. Як сапраўды веруючы чалавек (і гэту веру ў Бога яна пранесла праз усё доўгае, але не заўсёды шчаслівае жыццё), яна імкнулася дапамагчы кожнаму і словам, і справай.

Вайна нечакана ўварвалася ў мірнае жыццё. Галасілі жанчыны, калі праводзілі мужоў, сыноў і дачок на фронт. І не ведалі, што і самі яны ў тыле нямала зробяць для Вялікай Перамогі.

Пятра Піліпавіча ў дзеючую армію не ўзялі – камісавалі па стане здароўя, ён адправіўся працаваць у Хабараўск на ваенны завод. Праскоўя засталася адна з дзецьмі. І стала не проста калгасніцай, а работніцай тылу.

Працавалі ў полі ад цямна да цямна, адкуль толькі сілы браліся. Без нашай дапамогі салдатам на фронце было б значна цяжэй, — успамінае Праскоўя Ярхова, якая мінулай восенню адзначыла стогадовы юбілей.

Пасля палявых работ звеннявая паляводчай брыгады “перакваліфікоўвалася” ў швачку, каб хоць падзарабіць і пракарміць дзетак. А яшчэ збірала перамешаныя з зямлёй зярняткі на полі, ачышчала, малола і гатавала для дзяцей нешта накшталт кашы ці галушак. Бадай што адзіная ў вёсцы захавала карову, сама касіла для яе сена, даглядала. Так і выжылі. Гэта потым за доблесную працу ў тыле жанчына атрымала не адну ўзнагароду.

— Перамозе не проста радаваліся, тое адчуванне немагчыма перадаць. Столькі перажылі за ваенныя гады: холад, голад, пахавальныя… — успамінае жанчына.

Вярнуўся дамоў і Пётр Ярхоў. Неўзабаве ў сям’і нарадзіліся яшчэ трое дзяцей. Працавітыя муж і жонка пабудавалі прасторны дом, куды перабралася вялікая сям’я. Як і раней, Праскоўя Ісаеўна імкнулася дапамагчы суседзям, аднавяскоўцам. Асабліва шкадавала ўдоў, у якіх вайна забрала мужчын, і якія самі падымалі дзяцей, — дзялілася з імі і хлебам, і малаком.

— Гэта быў своеасаблівы абрад: мама падоіць карову і абавязкова разнясе малако па суседках. А яшчэ, як і іншыя аднавяскоўцы, вырошчвалі тытунь (апрацоўваць яго дапамагалі мы, дзеці), які потым здавалі на тытунёвую фабрыку, — расказвае малодшая дачка Ніна, якая працуе галоўнай медсястрой у абласной псіхіятрычнай бальніцы “Крывошын”.

Гора ў лёсе Праскоўі Ярховай хапіла. Трагічна загінулі ў маладым узросце 2 сыны, яшчэ да вайны памерла маленькая дачушка. Як гэта вынесці маці? Але Праскоўя Ісаеўна вытрымала. І ў многім ёй дапамагла вера. Усё сваё свядомае жыццё яна малілася за сябе, дзяцей, усіх людзей. Гэта была не даніна мо-дзе, а патрэбнасць душы. Яна і цяпер не праводзіць дня без малітвы, захоўвае ўсе пасты, чытае царкоўную літаратуру.

— Мяне вучылі мае бацькі, я вучыла сваіх дзяцей, а потым унукаў і праўнукаў: паважайце і любіце людзей, не бярыце чужога, клапаціцеся пра тых, хто побач, умейце дараваць, і тады жыццё будзе ў радасць, — разважае Праскоўя Ярхова.

Пасля смерці мужа, з якім у згодзе пражылі больш як 60 гадоў, засталася адна, але працягвала весці гаспадарку. Потым дачка Ніна ўсё ж угаварыла пераехаць да яе ў Крывошын. 19 гадоў Праскоўя Ісаеўна жыве на Ляхавіччыне і паспела стаць сваёй сярод сваіх. Яе паважаюць за разважлівасць, душэўнасць, шчырасць, яе парадам давяраюць, да яе прыслухоўваюцца. І заўсёды побач і ў радасці, і ў нейкіх праблемах дачка і зяць. Не забываюць бабулю і прабабулю ўнукі і праўнукі. За гэта яна не перастае дзякаваць Богу.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *