У Ляхавічах прайшла раённая справаздачна-выбарная канферэнцыя ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”

ПАТРЫЯТЫЗМ БЕЗ ФАРМАЛІЗМУ.

Маладосць заяўляе пра сябе: часцей можна пачуць пра дзейнасць будатрадаў, пра ўдзел юнакоў і дзяўчат у рознага кшталту акцыях, прыярытэтным становіцца патрыятычнае выхаванне, актыўнасцю вызначаецца грамадзянская пазіцыя новага пакалення.

Пра гэта ішла гаворка на пятай раённай справаздачна-выбарнай канферэнцыі ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Перад дэлегатамі са справаздачным дакладам выступіла першы сакратар райкама БРСМ Тамара Пракап’юк. Яна падрабязна расказала пра дзейнасць 62-х маладзёжных пярвічак, якія створаны ў школах, на вытворчасці і аб’ядналі 1180 юнакоў і дзяўчат. Называла канкрэтныя мерапрыемствы, у якіх удзельнічала моладзь раёна: рэспубліканскія акцыі – “Я памятаю, я ганаруся”, “Дзякуй за Перамогу!”, “Грамадзянінам быць абавязаны!”, “100 ідэй для Беларусі”… Актывісты маладзёжнага руху з’яўляюцца грамадскімі выхавальнікамі, удзельнічаюць у пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх, удзяляюць увагу мнагадзетным і малазабяспечаным сем’ям. Летась у раёне дзейнічалі 3 будаўнічыя атрады, байцамі якіх маглі быць толькі тыя, хто вызначыўся ў вучобе, грамадскім жыцці. Райкам БРСМ дапамог 150 юнакам і дзяўчатам працаўладкавацца на летні перыяд. Актыўна дзейнічалі валанцёры, чый дэвіз “Запалі касцёр дабрыні”, – сённяшнія цімураўцы, якія дапамагалі і ветэранам вайны і працы, і адзінокім састарэлым людзям, і дзецям.

Пра добрыя справы членаў БРСМ гаварылі ў сваіх выступленнях сакратар пярвічкі ЛДАКа Ксенія Вашчылка, Дзмітрый Багушэвіч, які ўзначальвае маладзёжную арганізацыю льнозавода, старшыня раённага савета ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” Наталля Кудраўцава. Госця канферэнцыі старшыня кантрольнай рэвізійнай камісіі абласнога камітэта ГА “БРСМ” Алена Шамкуць удакладніла, што абласная арганізацыя налічвае ў сваіх радах 60 тысяч юнакоў і дзяўчат, і рады БРСМ растуць. Аднак важны не толькі колькасны, але і якасны састаў, бо сучаснай моладзі ўсё ж не хапае ініцыятывы і творчасці.

І сапраўды, аналізуючы ўдзел моладзі ў грамадскім жыцці, можна сказаць, што наша раённая арганізацыя займае пазіцыю хутчэй “прымыкаючую”, чым ініцыюючую. Скажам, ладзяцца мерапрыемствы ў школах, ЛДАКу, у працоўных калектывах, наш райкам не застаецца ў баку, удзельнічае, нават засноўвае свае прызы, іншыя заахвочванні. Як і ў акцыях цэнтральнага ці абласнога камітэтаў ГА “БРСМ”. А вось самім прыдумаць праект мясцовага маштабу, выступіць з цікавай ініцыятывай, захапіць энтузіястаў і рэалізаваць пачын пакуль не атрымліваецца. Чаму? На гэтае пытанне красамоўна адказаў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, у выступленні якога прасочваецца праграма дзейнасці маладзёжнай арганізацыі.

Па сутнасці, былыя камсамольцы і сённяшнія бээрэсэмаўцы ставілі і ставяць перад сабой аднолькавыя задачы, з невялікай папраўкай на дзень сённяшні. Маральныя ж прынцыпы выхавання маладога чалавека застаюцца тымі ж, а членства ў маладзёжнай арганізацыі павінна быць сур’ёзнай школай жыцця. Тут важна задумацца, ці кожны малады чалавек гатовы і дастойны быць у гэтых радах.

Калісьці, каб мець гонар звацца камсамольцам, моладзь здавала ці не самы адказны экзамен: гісторыя, статут ВЛКСМ, праграма дзейнасці арганізацыі, улічваліся поспехі ў вучобе, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. І, галоўнае, кожны сам сабе задаваў пытанне: ці варты я таго, каб быць камсамольцам. І калі ва ўрачыстай абстаноўцы ўручалі камсамольскі білет, кожны адчуваў гонар і адказнасць, гатоўнасць да вялікіх спраў.

Заўважу, сёння ўсё прасцей: калі ты ўжо не піянер, то, значыць, член маладзёжнай арганізацыі, табе выпішуць білет.

А вось з выхаванасцю ў моладзі не заўсёды ўсё добра. Свежы прыклад. Ля гарадскога Дома культуры сабраліся юнакі і дзяўчаты: прыемна палюбавацца прыбраным горадам. Дзяржава затраціла вялізарныя сродкі, каб ён стаў такім утульным і прыгожым. Але неўзабаве людзі, для якіх гэта зроблена, месца сустрэчы ператварылі ў сметнік з семачак і абгортак ад цукерак. Брыдкаслоўе, дым ад цыгарэт у твар субяседніцам, якія не заўважаюць хамства і не задумваюцца, што такі шлях “да самасцвярджэння” не абяцае нічога добрага.

З выхавання культуры паводзін як першаасновы фарміравання самасвядомасці маладых людзей і трэба пачынаць. Вельмі добры пачын – акцыі на розную тэматыку. Але не для “птушачкі” іх варта праводзіць, а зрабіць так, каб яны сталі сапраўды цікавымі і выніковымі.

Дарэчы, старшыня райвыканкама расказаў дэлегатам канферэнцыі, як некалі разам з камсамольцамі-аднакласнікамі раскопваў у балоце ля вёскі Цыгань падбіты ворагам самалёт. Пасля здабытыя экспанаты сталі асновай стварэння музея:

— Нас ніхто не вымушаў ісці туды і працаваць да сёмага поту, гэта было наша жаданне, маральная патрэбнасць. Я перакананы: каб не было вайны, трэба шанаваць гісторыю, любіць сваю Радзіму і быць патрыётам.

Сацыяльна арыентаваная палітыка дзяржавы накіравана на будучыню. А будучыня, як вядома, гэта маладое пакаленне, якое павінна будзе забяспечыць далейшае працвітанне краіны. Пад сілу гэта толькі людзям адукаваным, выхаваным, адданым, працавітым, патрыётам, якія ўжо сёння актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, спрабуюць свае сілы ў кіраванні краінай, маюць думку наконт вырашэння пытанняў сацыяльных, эканамічных, палітычных.

— Калі толькі вы правільна зразумееце, чаго хочаце дабіцца ў жыцці, будучыня абавязкова будзе, — зазначыў Вячаслаў Сельмановіч.

Дэлегаты канферэнцыі аднагалосна выбралі першым сакратаром РК ГА “БРСМ” Тамару Пракап’юк, зацвердзілі новы састаў райкама ГА “БРСМ”, выбраны таксама дэлегаты на ХХХІV абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю, прыняты зварот да ўсёй моладзі раёна. А цяпер за справу!

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *