Паехалі!


Гэта ў пэўным сэнсе хвалюючая падзея здарылася ў мінулы чацвер на адным з палеткаў ААТ «Ляхавіцкі райаграсервіс». Толькі на адзін дзень сёлетні старт апярэдзіў пачатак мінулагодняй уборачнай кампаніі. Калі леташні паход за новым ураджаем Ляхавіччына пачынала з уборкі азімых ячмянёў, цяперашнія першыя камбайнавыя кругі прыйшліся на палетак трыцікале. Першы выхад стаў своеасаблівым вучэбным практыкумам для спецыялістаў і кіраўнікоў райсельгасхарчу і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. Іменна яны былі ўдзельнікамі семінара-нарады, што пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Дзмітрыя Бурдука адбыўся на самым старце зернеўборачнай кампаніі і ўсебакова закрануў пытанні арганізацыі і вядзення гэтай самай кампаніі.
Такім чынам, убраны першыя «соткі». Усяго ж, як адзначалася ў ходзе семінара, уборачны клін АПК Ляхавіччыны сёлета складае 20352 гектары, у тым ліку 17257 зерневых гектараў плюс рапс, кукуруза на зерне, травы на насенне. Пад абазначаныя аб’ёмы работ у сельгаспрадпрыемствах раёна маецца ў наяўнасці 71 зернеўборачны камбайн. Гэта азначае 286 гектараў вытворчай нагрузкі на кожны агрэгат. Лічба істотная, аднак, па падліках спецыялістаў, у патэнцыяле цалкам рэальна завяршыць уборку на працягу 21 дня. Існуе і верагоднасць манеўра: ЛДАК, ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», СВК «Дарава» могуць «убрацца» за 8, 10, 11 дзён, адпаведна, і накіраваць свае ўборачныя магутнасці на дапамогу іншым. Час у гэтую пару не проста грошы, а вельмі вялікія грошы.
Перад удзельнікамі семінара быў «разгорнуты» комплекс машын і агрэгатаў для выканання цыкла работ — пачынаючы з непасрэдна ўборачных і да вядзення пажніўнай сяўбы.

Прыярытэтнае слова — якасць. Ёй і належная ўвага на кожным з этапаў, пры выкананні любой, пачынаючы з уборкі і наступных за ёй аперацый. Зразумелая справа, асаблівая ўвага — ашчаднасці наладкі, дакладнасці рэгуліровак і дадатковай укамплектаванасці камбайнаў (сродкамі пажаратушэння, рыдлёўкамі, драўлянымі лапатамі, ёмістасцямі для вады, адпаведна ўкамплектаванай медыцынскай аптэчкі і іншае). Камбайн КЗС тут жа трымаў тэст на так званую герметычнасць: мінімальнасць страт зерня ў працэсе работы, інакш кажучы. Як лічыць старшыня райвыканкама, усе занятыя на жніве зернеўборачныя агрэгаты павінны штодзённа праходзіць праверку на герметычнасць. Больш таго, у выпадку выяўлення ў рабоце камбайнаў з недапушчальна высокімі стратамі, іх экіпажы могуць быць пазбаўлены права ўдзелу ў спаборніцтве, што праводзіцца сярод удзельнікаў жніва.
Важным, у тым ліку і з пункту гледжання закладкі асноў ужо наступнага ўраджаю, этапам уборачнай кампаніі з’яўляецца ўпарадкаванне саломы. Іменна так: аптымальна патрэбная яе колькасць належнай якасці павінна быць саскладавана бліз фермаў. Прычым, адлегласць перавозкі ад поля да месца складавання — мінімальна кароткая. Інакш — сабе даражэй, і ў такіх выпадках яна павінна адразу ж «распыляцца» і ў камбінацыі з азотнымі ўдабрэннямі заглыбляцца ў іржышча. Мінуў час, калі па колькасці і велічыні сцірт на полі меркавалі аб заможнасці гаспадаркі: падобнае зараз — дрэнная прыкмета, мякка кажучы.

Тэма надвор’я на перыяд жніва заўсёды хвалюючая. Як прагучала ў ходзе семінара-нарады, не варта, хутчэй за ўсё, і сёлета спадзявацца на асаблівую яе міласць. Верагодныя дажджы-ветры здольны «зблытаць» зерневыя палеткі, пераўвільгатніць іх. Таму абсалютнай павінна быць абсталяванасць камбайнаў сцеблапад’ёмнікамі, і ў кожнай гаспадарцы, як мінімум, адзін абавязаны мець пашыраны ход — спараныя колы.
Семінар не абмежаваўся наведваннем толькі жніўнага палетка ААТ «Ляхавіцкі райаграсервіс». Падзівіліся-парадаваліся цудоўным відам на ўраджай некаторых культур у СВК «Ляхавіцкі», закранулі тэму жывёлагадоўлі на прыкладзе КУСГП «Нача». Гэта, аднак, ужо некалькі другія гісторыі. Гісторыяй жа нумар адзін на бліжэйшыя тыдні стане жніво.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *