Музей вайны — тэрыторыя міру. У Крэпасці-героі будзе новая экспазіцыя

Днём журналіста назваў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Георгій Тамашэвіч 28 сакавіка, калі прайшоў “круглы стол”, прысвечаны тэме “Патрыятычная тэматыка ў сродках масавай інфармацыі Брэстчыны ў год 70-годдзя вызвалення Беларусі”, які адбыўся ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”. Арганізатарамі выступілі галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама сумесна з Брэсцкай абласной арганізацыяй ГА “Беларускі саюз журналістаў”.

Прадстаўнікі рэгіянальных СМІ вобласці былі запрошаны да ўдзелу ў абмеркаванні сацыяльных праграм, аналітыкі і дзейснасці газетных публікацый.

Колькі б не наведваў Брэсцкую крэпасць, кожны раз іначай, па-новаму ўспрымаеш расказ экскурсавода, бачыш маўклівыя сведкі – помнікі ваеннай гісторыі і найвялікшага подзвігу, зачароўваешся велічнасцю мемарыяльнага комплексу.

Музей абароны Брэсцкай крэпасці – адзін з самых вядомых ваенных музеяў рэспублікі. У 10 залах прадстаўлена каля 4000 экспанатаў. 80 тысяч фотаздымкаў, дакументаў, артэфактаў і іншых рэліквій налічваюць фонды мемарыялу.

Па словах дырэктара ДУ “Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой” Рыгора Бысюка, за мінулы год гэта святое месца наведалі 387 тысяч чалавек, тут праведзена больш за 100 мерапрыемстваў. На ўсё жыццё застаюцца ў памяці ўрачыстыя моманты прыёму ў піянеры, уручэнне членскіх білетаў БРСМ, музейна-педагагічныя заняткі – мемарыяльны комплекс з’яўляецца няштатным цэнтрам патрыятычнага выхавання моладзі.

Пакланіцца легендарнай зямлі, яе абаронцам штогод прыязджаюць людзі з розных куткоў свету. Летась самую буйную турыстычную славутасць Брэста наведалі на 55 тысяч замежных турыстаў больш, чым у папярэднія гады. Едуць не толькі дзяржаўныя дэлегацыі, працоўныя калектывы, школьнікі, але і сяброўскія кампаніі, сем’і. У час журналісцкай экскурсіі па мемарыяльным комплексе да дырэктара мемарыяльнага комплексу падышла павітацца маладая жанчына. Яна патлумачыла, што першы раз сям’ёю прыязджалі ў Брэсцкую крэпасць, калі дачцэ было ўсяго 3 гады. А сёлета, вяртаючыся з падарожжа па Еўропе, спецыяльна завіталі сюды зноў са сваёй падросшай дзяўчынкай, каб падысці да Вечнага агню, ушанаваць памяць загінуўшых…

Намеснік дырэктара мемарыяльнага комплексу Ларыса Бібік расказала падчас “круглага стала” не толькі пра перспектывы развіцця мемарыялу, але і пра работу, якая вядзецца па музеефікацыі паўднёва-ўсходняй казармы цытадэлі. Дзякуючы спонсарскай дапамозе ААТ “Белтрансгаз” у паўднёва-ўсходняй казарме 22 чэрвеня будзе адкрыта экспазіцыя «Музей вайны – тэрыторыя міру». Яна стане працягам існуючага музея абароны Брэсцкай крэпасці. Па задумцы, новая экспазіцыя павінна праз мастацкія вобразы, своеасаблівы дыялог з гісторыяй і з дапамогай інфармацыйных тэхналогій паказаць ваенную трагедыю. Па словах Ларысы Бібік, зараз ідуць работы па мантажу канструкцый залаў, якіх, дарэчы, будзе 8, і тэма кожнага падкрэсліць яго змест: «Напярэдадні», «Бітва», «Выпрабаванне», «Прызнанне», «Рэха вайны», «Спадчына». Цікава, што музею давяраюць свае сямейныя рэліквіі, узнагароды ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, адзінокія людзі. Так, удзельнік вызвалення Беларусі Аляксей Верасавы, жыхар Якуціі, штогод прыязджае ў Брэсцкую крэпасць, каб паглядзець на свае медалі, якія перадаў некалі музею…

Улічваючы, што гісторыя Брэсцкай крэпасці прыцягальная і для замежных турыстаў, анатацыі да кожнай залы, тэмы і асобных экспанатаў будуць зроблены на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Ларыса Бібік звярнулася з просьбай аб дапамозе ў пошуках даваенных прадметаў побыту, якія маглі б стаць экспанатамі экспазіцыі «Музей вайны ­– тэрыторыя міру». У прыватнасці, для паказу перадваеннага жыцця гарнізона неабходны савецкі матацыкл даваеннага выпуску.

Дырэктар Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці Ганна Карапузава расказала пра дакументы перыяду акупацыі, якія захоўваюцца ў архіве, і прапанавала журналістам актыўней іх выкарыстоўваць у сваіх публікацыях.

Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Георгій Тамашэвіч акцэнтаваў увагу калег на неабходнасці ўстанаўліваць духоўную сувязь з мінулым праз маладое пакаленне. Важна падкрэсліць тое, што магчымасць мірна жыць, развіваць свае здольнасці, праяўляць сябе заваявана нашымі бацькамі, дзедамі, прадзедамі. Сваё слова пра падзеі тых горкіх дзён павінны сказаць і дзеці вайны, якія да часу сталі дарослымі.

Намеснік начальніка галоўнага упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Ігар Гетман, падводзячы вынікі сустрэчы, рэзюмаваў, як важна паказаць моладзі значнасць і велічнасць заваяванай Перамогі, захаваць пераемнасць пакаленняў, паспець атрымаць галоўныя маральныя ўрокі з подзвігу герояў.

Развітваючыся з Брэсцкай крэпасцю – легендарным і славутым месцам, супрацоўнікамі, якія ў прамым сэнсе “балеюць” і жывуць мемарыялам, падумалася, што на нас, жыхарах вобласці, ляжыць вялікая адказнасць – захаваць і данесці памяць пра гістарычныя падзеі да нашых нашчадкаў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

One thought on “Музей вайны — тэрыторыя міру. У Крэпасці-героі будзе новая экспазіцыя

  • 24/04/2014 в 07:31
    Permalink

    Святое место для белорусов. Стараюсь каждый год приехать и походить по Символу мужества.Каждый раз переполняют чувства.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *