Супраць спайсу ёсць прыёмы.Праблема абмяркоўвалася за «круглым сталом «ЛВ»

Праблема распаўсюджвання наркаманіі з кожным годам набывае ўсё больш глабальны характар. Лічбы статыстыкі гавораць самі за сябе: па падліках медыкаў у свеце каля 210 мільёнаў наркаманаў – больш за 3 працэнты ўсяго насельніцтва нашай планеты.

На жаль, актуальная праблема наркаманіі і для Беларусі. Прымушае задумацца той факт, што наркаманія працягвае маладзець.

У Беларусі неабходна прыняць радыкальныя меры ў барацьбе супраць наркотыкаў, пра гэта сёлета на пачатку красавіка заявіў Прэзідэнт краіны, прымаючы з дакладам старшыню Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Апошнім часам многія краіны свету, у тым ліку і Беларусь, накрыла хваляй сінтэтычных наркотыкаў. У інтэрнэце і не толькі можна без праблем знайсці прапанову купіць спайс, “соль” і іншыя аналагічныя рэчывы. Як сведчаць спецыялісты, спайс па папулярнасці ўжо абагнаў гераін. Яшчэ зусім нядаўна сярод моладзі існавала думка, што спайс — гэта не наркотык, а проста лёгкі спосаб хутка расслабіцца. Але нядаўнія 7 смерцяў юнакоў і дзяўчат, справакаваныя спайсамі і маркамі, дзясяткі тых, хто толькі пасля адной спробы гэтай атруты стаў пастаянным пацыентам псіхіятрычнай бальніцы, прымусілі гаварыць пра праблему ўголас.

Што падштурхоўвае чалавека да такога існавання, якое нельга назваць жыццём? Ці можна перамагчы ў вайне з наркотыкамі? Што супрацьпаставіць спайсу? На гэтыя і іншыя пытанні паспрабавалі адказаць госці “ЛВ”, якія сабраліся за “круглым сталом”: урач псіхіятр-нарколаг райбальніцы Леанід ЛАПІЧ, оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку РАУС Сяргей САХВОН, участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Сяргей СОКАЛ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Мікалай ДАБРЫЯНЕЦ, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Наталля ПІШЧ.

Але перш чым дарослыя выказалі свае думкі і прапановы, “ЛВ” пацікавіўся, што думаюць пра наркотыкі юныя ляхавічане.

—Упэўнена, што пра шкоду наркотыкаў ведаюць нават першакласнікі. Але адна справа ведаць, і зусім іншая – адмовіцца ад спакусы паспытаць тое, што некаторыя так расхвальваюць, ці быць белай варонай у асяроддзі тых, хто, па іх жа словах, “кайфаваў”. Я вучуся ў Мінску, і неаднойчы даводзілася адмаўляцца ад дозы спайсу ці опію. Здаецца, што для такога маленькага горада як Ляхавічы праблема наркаманіі не надта актуальная. Хаця, магчыма, і памыляюся, — падзялілася думкамі 21-гадовая Насця, якая спяшалася на апошні аўтобус на Баранавічы.

— Калі па шчырасці, і мне на дыскатэцы прапаноўвалі “падыхаць” нейкай атрутай. Перад гэтым выпіў піва, і вельмі хацелася паспрабаваць. Але, як цяпер разумею, на шчасце, суседскі хлопец амаль што сілай адцягнуў мяне, — расказвае 19-гадовы Сяргей.

— Сам не спрабаваў, але ведаю хлопца, які спачатку мак пакаштаваў, а потым і на спайс замахнуўся. Наркаман — гэта ціхі забойца не толькі сябе, але і сваіх родных, і ў яго, па вялікім рахунку, дзве дарогі – на той свет ці ў турму, — гэта словы Яўгенія, якому 21 год.

— Наркотыкі, а спайсы асабліва, цяпер дастаць не праблема. Праз інтэрнэт знойдзеш усё, што захочаш. Мяне гэтыя рэчывы не цікавяць. Пра іх шкоду даведалася, калі яшчэ вучылася ў школе: паказвалі відэафільмы пра наркаманаў, перад намі выступалі супрацоўнікі міліцыі, пракуратуры, урачы. Навошта ствараць сабе праблемы? Людзі, якія ўжываюць наркотыкі, дзеля дозы ідуць на крадзёж, разбой, насілле і нават забойства. Такая перспектыва мяне не прываблівае, як і любога нармальнага чалавека, — сцвярджае 17-гадовая Кацярына.

— Гэта невылечная хвароба. Ведаю аднаго наркамана з суседняй вуліцы ў Лунінцы. У кватэры, дзе ён жыве з маці, амаль нічога не засталося з мэблі і тэхнікі. Ён усё прадаў дзеля чарговай дозы. Мая мама гаварыла, што гэтага хлопца лячылі ў наркалагічным дыспансеры ў Брэсце, але праз нейкі час ён пачаў калоцца зноў. Худы, страшны, нейкі жоўты, толькі вочы відаць. Навошта так жыць? — задае рытарычнае для многіх пытанне 18-гадовы Ілья.

А цяпер — меркаванні гасцей “ЛВ”.

Леанід ЛАПІЧ:

— Спайс, як і іншыя сінтэтычныя наркотыкі, рэкламуецца распаўсюдж-вальнікамі як ”легальны прадукт, што не ўтрымлівае наркатычных і псіхатропных рэчываў”. Але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Яго ўздзеянне на арганізм чалавека ў 5-10 разоў мацнейшае, чым раслінных прэпаратаў, якія ўтрымліваюць у сваім складзе наркатычныя рэчывы. Практычна адразу пасля прыняцця спайсаў і ім падобных з’яўляюцца зрокавыя і слухавыя галюцынацыі. Увогуле, рэакцыі могуць быць рознымі: псіхоз, эйфарыя, смех, страх, поўная страта кантролю над сваімі дзеяннямі. Нават аднаго прыёму дастаткова, каб стаць нарказалежным на ўсё жыццё.

Не трэба быць вопытным спецыялістам-медыкам, каб распазнаць наркамана. Бледнасць скуры, расшыраныя ці наадварот звужаныя зрэнкі, пачырванелыя ці памутнелыя вочы, замаруджаная мова, дрэнная каардынацыя рухаў, нездаровы бляск у вачах – знешнія прыкметы. А калі да гэтага дадаць сляды ад уколаў, парэзы, сінякі, маленькія лыжачкі, капсулы, бутэлькі, згорнутыя ў трубачку паперкі, пах тытунёвага дыму з прымессю водару траў ці сінтэтыкі, плюс да ўсяго ўзрастаючая абыякавасць, немагчымасць сканцэнтравацца, частая і рэзкая змена настрою, абыякавыя адносіны да вучобы ці работы, праяўленні жорсткасці, хамства, ляноты – не сумнявайцеся, перад вамі нарказалежны.

Зараз на ўліку ў наркалагічным кабінеце райбальніцы знаходзіцца 6 хворых.

Сяргей САХВОН:

— Яшчэ пакуль псіхатропы (маркі, спайсы, міксы), якія камусьці могуць каштаваць здароўя, а то і жыцця, можна купіць праз інтэрнэт. Нядаўна па гэтай прычыне Генпракуратура абмежавала доступ да 12 сайтаў з аб’явамі аб продажы наркотыкаў. Па статыстыцы, абарачэнне спайсаў на наркарынку Беларусі ўсяго за 2 месяцы вырасла больш чым у 10 разоў! Калі ў 2013 годзе курыльныя сумесі і маркі складалі 8 працэнтаў гэтага рынку, то сёння — 69 працэнтаў.

У студзені пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх пракурсораў, які вызначае забароненыя да абарачэння ў нашай краіне сродкі, папоўніўся яшчэ 30 найменнямі. У выніку літаральна за некалькі дзён у краіне было ўзбуджана больш за 70 крымінальных спраў адносна грамадзян, якія распаўсюджваюць спайсы.

Што датычыцца супрацьдзеяння распаўсюджванню курыльных сумесяў, то супрацоўнікі падраздзяленняў міліцыі праводзяць актыўныя мерапрыемствы. За мінулы год на тэрыторыі Беларусі з незаконнага абарачэння канфіскавана 41619 грамаў (больш за 4 мільёны разавых дозаў) курыльных сумесяў і рэагентаў для іх вырабу, 70 кілаграмаў (7 тысяч разавых дозаў) расліннай масы для вырабу наркотыкаў, 1700 дозаў псіхатропных рэчываў. Яшчэ літаральна 2-3 гады назад лічбы былі ў разы меншыя. Пры гэтым колькасць курыльных сумесяў, сярод якіх найбольш распаўсюджаны спайс, значна перавышае ўсе іншыя наркотыкі ці псіхатропы.

Дарэчы, з 11 красавіка гэтага года ўступіла ў сілу пастанова пленума Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, якая абавязвае беларускія суды пры прызначэнні пакарання за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, не дапускаць прызначэння празмерна мяккага пакарання. А яшчэ МУС краіны вынесла на разгляд парламентарыяў прапанову аб пакаранні для тых, хто спажывае наркотыкі.

Мікалай ДАБРЫЯНЕЦ:

— Не навіна, што наркаманія – хвароба маладых. У ЛДАКу гэта выдатна разу-меюць, таму прафілактыцы наркаманіі і алкагалізму – самая пільная ўвага. На інтэрнэт-сайце каледжа размешчана інфармацыя пра адказнасць за незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў, наступствы для здароўя ад іх ужывання, знешнія прыкметы наркатычнага ап’янення. Выкладчыкі, куратары груп, выхавальнікі ў інтэрнатах уважліва ставяцца да кожнага з навучэнцаў, каб не прапусціць першыя прыкметы “знаёмства” з наркотыкамі. Традыцыйнымі сталі спецыялізаваныя сустрэчы, інфармацыйныя гадзіны не толькі з каляджанамі, але і з іх бацькамі. Штомесяц медыкі з райбальніцы ці супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзяць у інтэрнатах каледжа лекцыі.

Наталля ПІШЧ:

— Лічыцца, што фактарам рызыкі прыцягнення да адурманьваючых рэчываў з’яўляецца няпоўная сям’я, дзе падлетка выхоўвае адзін з бацькоў. Але, мусіць, усё ж галоўнае значэнне мае не колькасны склад сям’і, а атмасфера, якая пануе ў ёй, эмацыянальная блізкасць і давер адзін да аднаго. Часцей за ўсё спрабуюць наркотыкі дзеці і падлеткі, якія пакінуты самі на сябе. Важна, каб падлетак знайшоў справу ці занятак па душы, а не праводзіў вольны час, бяздумна блукаючы па вуліцы.

Сярод прычын, якія штурхаюць моладзь у наркатычныя “абдымкі”, на мой погляд, яшчэ адна важная: кожнаму маладому чалавеку хочацца знайсці сваё месца ў жыцці, але не заўсёды ўсё атрымліваецца. Хтосьці не праходзіць гэтага выпрабавання і ўцякае ад рэальнасці. Часта — у свет наркотыкаў. Таму трэба пазбягаць адчужэння ў сям’і, школе і г.д. Ва ўстановах адукацыі раёна праводзіцца шматгранная работа па прафілактыцы шкодных звычак непаўналетніх: ладзяцца сустрэчы з урачамі, супрацоўнікамі міліцыі, пракуратуры, агульнашкольныя акцыі, конкурсныя праграмы, кіналекторыі з наступным абмеркаваннем, трэнінгі, тэматычныя кніжныя выставы. Моладзь Ляхавіччыны актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскай акцыі “Стоп спайс”. Летась сярод вучняў 9-11 класаў праводзіўся маніторынг па праблемах наркаманіі ў маладзёжным асяроддзі. З 573 рэспандэнтаў больш за 20 рабят адказалі, што вопыт ужывання наркотыкаў, хоць і аднаразовы, у кампаніі сяброў, у іх ёсць. Праведзеныя даследаванні паказваюць, што асноўнымі прычынамі ўжывання падлеткамі наркотыкаў з’яўляюцца жаданне падняць настрой, выглядаць моднымі, “крутымі”, не выдзяляцца з кампаніі, абстрагавацца ад рэальнасці. Значыць, нам, дарослым, ёсць тэма для роздуму.

Сяргей СОКАЛ:

— У нашым раёне, на шчасце, не рэгіструюцца выпадкі ўжывання наркотыкаў, у тым ліку і спайсаў, у маладзёжным асяроддзі. Хаця за прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Сёлета ў Баранавічах двое 16-гадовых, паспрабаваўшы спайс, скончылі жыццё самагубствам: скокнулі з даху шматпавярховіка… Асаблівую ўвагу ўдзяляем тым падлеткам, якія стаяць на ўліку ў ІСН. На сённяшні дзень такіх 32 чалавекі, з іх 4 дзяўчынкі. У адносінах 17 з іх устанаўліваліся факты ўжывання спіртных напіткаў ці знаходжання ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане. Падчас прафілактычнай акцыі “Начны дазор” міліцыянеры правяраюць падлеткаў з групы рызыкі па месцы жыхарства, кантралююць іх заняткі ў вячэрні час, арганізоўваюць сустрэчы з вучнямі школ і навучэнцамі каледжа, правяраюць магазіны і кафэ на прадмет продажу непаўналетнім алкагольнай і тытунёвай прадукцыі. Асаблівая ўвага – неўладкаваным сем’ям. Толькі ў студзені гэтага года выяўлена 8 бацькоў, якія неналежным чынам выконвалі свае бацькоўскія абавязкі.

Леанід ЛАПІЧ:

— Вельмі дарэчы распрацоўка беларускіх вучоных – тэставая міні-лабараторыя, якая дазваляе ў лічаныя хвіліны па сліне вызначыць, спажывае чалавек пэўны від наркотыкаў ці не. Камплект тэстаў характарызуецца простым выкарыстаннем, бяспечнасцю і скорасцю выканання аналізу і не патрабуе медыцынскай кваліфікацыі: правесці тэст можна ў хатніх умовах. Як правіла, пры падазрэнні на ўжыванне ці распаўсюджванне курыльных сумесяў вучнямі педагогі імкнуцца разабрацца ў сітуацыі ў межах сваёй установы адукацыі. Такое замоўчванне можа мець сур’ёзныя наступствы. Толькі аб’яднаўшы намаганні, можна паставіць надзейную заслону наркотыкам, у тым ліку і спайсу. Так, важна не хаваць і не замоўчваць гэту набалелую праблему, адкрыта гаварыць пра яе з падлеткамі і моладдзю. Пазіцыя чакання, што ўсё будзе добра і маіх дзяцей і блізкіх наркотыкі не зацікавяць, не заўсёды сябе апраўдвае. Сярод загінуўшых ад спайсаў і марак былі і дзеці з уладкаваных сем’яў, бацькі нават падумаць не маглі, што іх сыны і дочкі ведаюць, што такое наркотыкі…

Так, важна не хаваць і не замоўчваць гэту набалелую праблему, адкрыта гаварыць пра яе з падлеткамі і моладдзю. Пазіцыя чакання, што ўсё будзе добра і маіх дзяцей і блізкіх наркотыкі не зацікавяць, не заўсёды сябе апраўдвае. Сярод загінуўшых ад спайсаў і марак былі і дзеці з уладкаваных сем’яў, бацькі нават падумаць не маглі, што іх сыны і дочкі ведаюць, што такое наркотыкі…

Матэрыялы «круглага стала» падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *