Свята “тры ў адным”


Акрамя найвялікшай рэлігійнай светласці, сёмы дзень сёмага месяца года, калі праваслаўныя вернікі адзначаюць нараджэнне Іаана Прадцечы, для жыхароў Навасёлак, іншых вёсак аднайменнага сельсавета мае і яшчэ адну значнасць. 66 гадоў назад у азначаны дзень на навасёлкаўскую зямлю прыйшло вызваленне ад фашысцкіх захопнікаў. Разбуранае ваенным ліхалеццем жыццё пачало наладжвацца: цяжка і не адразу, аднак, няспынна-настойліва, з вядомай сялянскай руплівасцю. Канешне ж, з пачуццём найвялікшай і шчырай удзячнасці воінам-вызваліцелям. Ганаровай вартай памяці тым падзеям і людзям у цэнтральнай частцы Навасёлак, што пяцігодку ўжо знаходзяцца ў статусе аграгарадка Навасёлкаўскага, узвышаюцца два помнікі. Над брацкім пахаваннем трыццаці воінаў, што загінулі ў ліпеньскіх 44-га года баях за вызваленне мясцовасці, і абеліск у славу герояў, якія не вярнуліся з палёў Вялікай Айчыннай. На мармуры дваццаць сем прозвішчаў: Бельмачы, Бубены, Пранчакі, Станчыкі…
Ёсць у Навасёлках і іншае, што вельмі сімвалічна і вельмі цесна яднае ў сабе дзве гэтыя падзеі, – Ражджаство Іаана Прадцечы і дзень вызвалення. Маецца на ўвазе храм, пабудаваны на сродкі СВК “Шлях новы” і прыхаджан-мясцовых жыхароў у гонар 60-годдзя вызвалення Беларусі і вёсак Навасёлкі, Пранчакі, Станчыкі, Гарбачы, Макееўшчына, Ціткаўшчына ад фашысцкіх захопнікаў і асвечаны ў імя Ражджаства Іаана Прадцечы пры Архіепіскапе Пінскім і Лунінецкім Стэфане. Адным словам, усе зоркі – зямныя і нябесныя – за тое, каб іменна 7 ліпеня стала святам вёскі.
Сёлетні працяг традыцыі і пачаўся ў аднайменным храме. Дакрануцца сваёй прысутнасцю да таямніцы богаслужэння пажадалі вельмі і вельмі многія. Навасёлкаўцаў, жыхароў суседніх вёсак і райцэнтра, людзей сталага і сярэдняга веку, маладых і зусім юных белакаменная царква нават і не ўмяшчала. Пры ўдзеле святароў усіх цэркваў Ляхавіччыны богаслужэнне правіў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан.
Круг вакол храма пад гукі звона, і хрэсны ход узяў накірунак у цэнтр вёскі-аграгарадка, дзе ў брацкай магіле пакояцца воіны, што загінулі ў барацьбе за вызваленне вёскі ад фашызму. Вянкі ляглі да падножжа помніка, адбыўся мітынг “Памяць сэрца”.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук павіншаваў жыхароў населенага пункта, увогуле, сельсавета “з цудоўным светлым святам – святам вызвалення, святам свабоды…” Кіраўнік раёна шчыра падзякаваў уладыку Стэфану за тое, што ён знайшоў час для прыезду на жыватворную Ляхавіцкую зямлю, да яе цудоўных людзей і памаліцца за іх здароўе.

На малебен за воінаў, што загінулі на полі брані, – і ў тым бачыцца асаблівая сімвалічнасць – громам адклікнуліся нябёсы. Стрыманыя, без раскатаў, амаль рытмічныя гукі – быццам урачысты салют вечнаму подзвігу, воінам, што адваявалі свабоду Айчыны.
Святкаванне працягвалася на сцэнічнай пляцоўцы перад навасёлкаўскім аздараўленчым комплексам. Навасёлкаўцаў вітаў старшыня мясцовага сельвыканкама Аляксандр Буйкевіч. Заслужаную порцыю ушанаванняў, феерверк віншаванняў, пэўную каштоўна-прызавую падтрымку традыцыйна атрымалі землякі ў нечым найбольш заслужана-адметныя. Найбольш сталы жыхар населенага пункта 92-гадовая Надзея Станчык, усяго толькі на 2 гады менш – 90 споўнілася 10 ліпеня – за плячамі Алены Цвірко. Усё жыццё у нялёгкіх вясковых клопатах, паважаныя ў акрузе не толькі з-за багацця вопыту слаўныя руплівіцы. Наадварот, самаму маладому жыхару Навасёлак Ганначцы Якубовіч на дзень святкавання споўнілася толькі 2 дні. Шчаслівым бацькам – Наталлі, якая працавала сакратаром кіраўніка мясцовага СВК, і шафёру гаспадаркі Вадзіму – шчырыя віншаванні з пажаданнем у згодзе і здароўі адзначыць, як мінімум, залатое вяселле. Як, напрыклад, іх землякі Леаніда і Аляксандр Станчыкі.
Застаецца здзіўляцца руплівасці аператара машыннага даення СВК “Шлях новы” Жанны Шпак, што падышла да Дня вёскі ў рангу лепшага малаказдатчыка. За 6 месяцаў года яна прадала дзяржаве 6267 кілаграмаў малака з уласнага падвор’я. Цяжка давялося журы з вызначэннем пераможцаў конкурсу на лепшы падворак “Райскі куток”. Шмат вартых, нямала роўных, аднак, лаўры пераможцаў дасталіся Валянціне Папко, Ядвізе Пархоц і Наталлі Тарабеш.
Працавалі выставы дзіцячых вырабаў “Астравок творчасці і фантазіі”, народнай творчасці “Цуды сваімі рукамі”, праходзіў конкурс гаспадынь “Любімая кухня” і іншае.
Спорт на свяце прадстаўлялі такія яго віды як гіравы, барацьба на руках, перацягванне каната, канешне ж, гульня № 1 у свеце – футбол, дзе пасапернічаць з гаспадарамі былі запрошаны таксама каманды з СВК “Жарабковічы” і КУСГП “Нача”.
На працягу ўсяго свята радавалі вакалам самадзейныя артысты Ура-джайнінскага і Навасёлкаўскага СДК.
А завяршыўся Дзень вёскі доўгім танцавальным феерверкам.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *