Актуальна і вырашальна

Штотыднёва старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч праводзіць апаратную нараду з удзелам сваіх намеснікаў і начальнікаў структурных падраздзяленняў райвыканкама. Уздымаюцца і аналізуюцца найбольш актуальныя пытанні грамадскага, сацыяльна-эканамічнага жыцця Ляхавіччыны, даюцца даручэнні па іх выкананні.

У мінулы аўторак зноў закранулі арганізацыю работы магазіна харчовых тавараў па вуліцы Камсамольскай у райцэнтры. Ужо неаднойчы кіраўніцтву райпо даваліся даручэнні прывесці гэту гандлёвую кропку да адпаведнасці стандартам. Але тут па-ранейшаму нездавальняючыя асартымент і санітарны стан.

Патрабуюць неадкладнага вырашэння і іншыя гандлёвыя аспекты: забяспечанасць сельскіх магазінаў садавінай і агароднінай, арганізацыя вулічнага летняга гандлю, бесперабойнасць работы аўталавак. У чаканні адкрыцця магазінаў жыхары вёсак Заліпенне і Федзюкі.

Добраўпарадкаванне і падтрыманне чысціні на падведамасных тэрыторыях, у грамадскіх месцах, на вуліцах і ў дварах шматкватэрнікаў таксама на пастаянным кантролі старшыні райвыканкама. Сярод месцаў, дзе тэрмінова патрабуецца навядзенне парадку, — тэрыторыя на ўездзе ў прамысловую зону райцэнтра, каля льнонасенстанцыі, так званыя “шанхаі” па вуліцы Арлоўскага ў райцэнтры, у вёсках Задвор’е, Альхоўцы і іншых. Гэта справа для прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і насельніцтва.

У працяг тэмы — патрабаванне да кіраўніцтва жылкамунгаса: устаноўка кантэйнераў для паасобнага збору смецця на спецыялізаваных пляцоўках у дварах шматпавярховак. Вячаслаў Сельмановіч акцэнтаваў увагу і на неабходнасці ў бліжэйшы час праверыць эфектыўнасць выкарыстання новага жылля ў сельскай мясцовасці (у 2013 годзе здадзена 12 дамоў у вёсках і аграгарадках).

Па электроннай пошце на асабісты электронны адрас старшыні райвыканкама паступае нямала прапаноў і пытанняў ад жыхароў Ляхавіччыны. Кіраўнік раёна ўважліва іх вывучае, выкладзеныя факты абавязкова разглядаюцца і атрымліваюць аб’ектыўную ацэнку. Нядаўна, напрыклад, з надзённым пытаннем – чаму адсутнічае нумарацыя на фасадах дамоў па вуліцы Леніна ў райцэнтры — звярнуўся работнік аддзялення хуткай дапамогі. Дарэчы, і раёнка на гэты факт звярнула ўвагу (№ 29 за 19.04.2014): публікацыя адпраўлена на рэагаванне ў ЖКГ.

Адна з прычын, па якой грамадзяне вымушаны звярнуцца «вышэй», — недастатковыя, а іншы раз абыякавыя адносіны да выканання сваіх непасрэдных прафесійных абавязкаў, некампетэнтнасць асобных кіраўнікоў, спецыялістаў і работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна. Большасць зваротаў, што паступае на электронную пошту кіраўніка раёна, магла быць вырашана адказнымі службамі ці службовымі асобамі.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *