Чарнобыльскі шлях

Заўтра  спаўняецца 28 гадоў з дня буйнейшай за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі ядзернай катастрофы – як па колькасці пацярпелых ад яе наступстваў людзей, так і па эканамічных стратах – аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У выніку яе ў зоне паражэння радыяцыяй апынулася плошча ў 150 тысяч квадратных кіламетраў. У ліквідацыі наступстваў удзельнічалі больш за 600 тысяч чалавек з розных рэспублік былога СССР. З 30-кіламетровай зоны адчужэння былі эвакуяваны 115 тысяч чалавек.

26 красавіка ў Беларусі на календары пазначана як Дзень чарнобыльскай трагедыі.

Людзі, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, не засталіся сам-насам са сваімі праблемамі. Пра іх клапоцяцца, і гэты клопат з гадамі не змяншаецца.

Беларусь і Расія рэалізавалі 3 сумесныя праграмы па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Агульны аб’ём іх фінансавання склаў 2,5 мільярда расійскіх рублёў. Першая праграма, прынятая ў 1999 годзе адразу пасля стварэння Саюзнай дзяржавы, была разлічана на 3 гады і прадугледжвала стварэнне адзінай матэрыяльна-тэхнічнай базы для лячэння пацярпелых грамадзян Расіі і Беларусі. На працягу года ў Гомелі за кошт сродкаў саюзнага бюджэту пачалося будаўніцтва Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, а ў гарадскім пасёлку Скідзель на Гродзеншчыне – узвядзенне завода медыцынскіх прэпаратаў. Другая праграма дазволіла забяспечыць гэтыя і іншыя медустановы сучасным абсталяваннем, укараніць перадавыя тэхналогіі ў дыягностыцы і лячэнні насельніцтва, пацярпелага пасля выбуху на АЭС. Трэцяя праграма насіла больш комплексны характар. Яе бюджэт — 1,2 мільярда расійскіх рублёў. Сродкі ўкладваліся ў праекты сельскай і лясной гаспадаркі, а не толькі медыцынскай накіраванасці. Больш як 191 тысяча гектараў забруджаных сельгасугоддзяў нашай краіны і 121 тысяча гектараў лесу пасля пэўных мерапрыемстваў сталі прыгоднымі для выкарыстання. Чарговая праграма прынята ў снежні 2013 года (бюджэт налічвае 1,3 мільярда расійскіх рублёў, з якіх 521 мільён — для Беларусі). Яе асноўная мэта — укамплектаванне дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў (у нашай краіне іх 13) сучасным абсталяваннем, сродкі таксама накіроўваюцца на вырашэнне пытанняў радыяцыйнай абароны і рэабілітацыю зон адсялення.

Днямі супрацоўнікі Ляхавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва наведалі некаторых нашых землякоў, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, пражывалі на забруджанай тэрыторыі.

Вось ужо на працягу больш як 20 гадоў Ляхавіччына стала другой радзімай для Мікалая Зязёткі. Мікалай Ільіч разам з сям’ёй жыў у Нароўлі, працаваў у дарожнай службе. 26 красавіка 1986 года стала і для яго сям’і пераломным: ён, як і тысячы іншых вадзіцеляў-ліквідатараў, перавозіў з забруджанай зоны людзей, жывёлу. А потым і сам з сям’ёй пакінуў абжытыя мясціны, прыехаў у незнаёмыя раней Ляхавічы.

Калісьці жыў у Нароўлі і Анатолій Курачэнка. Анатолій Пятровіч працаваў у гаргазе, вывозіў з небяспечнай тэрыторыі газавае абсталяванне. Цяпер ён на пенсіі, жыве ў Задвор’і.

Яны, як і іншыя эвакуяваныя, адселеныя, тыя, хто самастойна выехаў з тэрыторыі радыёактыўнага забруджвання, маюць права на пэўныя льготы. Як расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень, гэтыя грамадзяне, за выключэннем тых, хто прыбыў у зоны пасля студзеня 1990 года, маюць права на выплату дапамогі па часовай непрацаздольнасці ў памеры 100 працэнтаў сярэднядзённага заробку за каляндарныя дні, пацверджаныя лістком непрацаздольнасці; права выкарыстоўваць працоўны водпуск ў летні ці іншы найбольш зручны для іх час. Ёсць пэўныя перавагі і ў атрыманні жылля. Так, грамадзяне, якія да 1 студзеня 1990 года пражывалі, а потым выехалі з забруджанай тэрыторыі ці зоны адсялення і стаялі на ўліку тых, каму патрабуецца паляпшэнне жыллёвых умоў, маюць права на атрыманне кватэр ці дамоў дзяржаўнага жыллёвага фонду, пабудаванага за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, што накіроўваюцца на пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Гэтыя і іншыя льготы рэгламентуюцца Законам Рэспублікі Беларусь “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый”.

Па словах Дзіяны Трысцень, 44 перасяленцы, 48 ліквідатараў атрымліваюць у нашым раёне пенсіі па ўзросце, 18 — пенсіі па інваліднасці, атрыманай у выніку наступстваў аварыі на ЧАЭС.

Галіна КАНЬКО.

Фота з http://www.proshkolu.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *