Месца сустрэчы – «Трансэлектракамплект»

Афіцыйная яе назва – семінар-нарада кіраўнікоў і эканамістаў прамысловых прадпрыемстваў раёна. Па чарзе на адным з іх і адбываецца – штомесячна, па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама. Месцам правядзення красавіцкага семінара стала ТАА “Трансэлектракамплект”. Абсалютны прадукт прыватнай ініцыятывы, яркі прыклад пераўтварэння арыгінальнай ідэі ў нетрывіяльны бізнес, прыбытковы, і ў значнай ступені экспартаарыентаваны. Сёлета ў прадпрыемства дзесяцігадовы юбілей. Яго прадукцыя запатрабавана ў Расіі, Украіне, іншых дзяржавах. Хоць, як адзначыў дырэктар Генадзій Сакуць, канкурыраваць становіцца ўсё складаней – нягледзячы на, практычна, еўрапейскую якасць вырабаў, стрыманасць у вызначэнні цаны на іх. Каб утрымацца на шэрагу рынкаў, даводзіцца весці вельмі “пластычную” маркетынгавую палітыку. Колькасць работнікаў прадпрыемства набліжаецца да сотні, а сярэдні заробак кожнага з іх – да 6 мільёнаў рублёў у месяц. Вытворчасць кабельных тэрмаўсадачных муфтаў, электрамантажныя работы, выкананне электрафізічных вымярэнняў, гандаль электратэхнічнымі вырабамі. У якасці няпрофільнага актыву – магазін харчовых тавараў. Прадпрыемства абнаўляецца тэхніка-тэхналагічна, вядзе будаўніцтва.

У адным са “свежых”, дарэчы, памяшканняў і адбыўся “круглы стол” семінара-нарады. Кіраўнікі малочнага, кансервавага, ільно- і торфабрыкетнага заводаў, лясгаса, кааппрама райпо расказалі пра квартальныя вынікі работы сваіх прадпрыемстваў – з аналізам, у супастаўленні з прагнозамі і мінулым годам. Былі агучаны заданні на красавік і больш аддаленую перспектыву, ход іх выканання. Якія складанасці, што ў здабытках, у рэзерве. Істотным рэзервам павышэння эфектыўнасці работы некаторых нашых прадпрыемстваў з’яўляецца зніжэнне вытворчых выдаткаў. Адпаведна – адпускной цаны на сваю прадукцыю, адпаведна – пашырэнне кола патэнцыяльных пакупнікоў на яе. На жаль, пытанне запоўненасці складоў з’яўляецца вострым і для некаторых з фірмаў-удзельніц “круглага стала”. Рэклама таксама адзін з “актывізатараў” прасоўвання прадукцыі. Канешне, пры ўмове яе арыгінальнасці, даступнасці, крэатыўнасці. Чаго, па меркаванні старшыні райвыканкама, нашым вытворцам часта вельмі не хапае.

Наступная ў падобным фармаце сустрэча запланавана на льнозаводзе. Яшчэ не новым, але ўжо і не старым: як было заяўлена, у новы цэх ужо завозіцца абсталяванне.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *