Па сцежцы ў лета. У Ляхавіцкім раёне рыхтуюцца да летняга аздараўленчага перыяду

Да пачатку летняга дзіцячага адпачынку – месяц. Зусім няшмат часу засталося дарослым, каб паспець прывесці ў належны парадак аздараўленчыя лагеры, у тым ліку любімую юнымі ляхавічанамі “Чайку”.

Па словах начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Леаніда Калбасы, добраўпарадкаваннем папулярнага ў мясцовай дзятвы месца адпачынку займаюцца работнікі аддзела і ўстаноў адукацыі. Яны не толькі рыхтуюць карпусы лагера, робяць іх бягучы рамонт, але добраўпарадкуюць тэрыторыю, высаджваюць кветкі.

Дарослых клапоцяць не толькі зручнасць, але і бяспека дзяцей — вядзецца работа па замене маланкааховы. Рамантуецца і ўкладваецца тратуарная плітка на дарожках летніка. Дарэчы, плітка тут набывае другое жыццё: да гэтага яна ўпрыгожвала плошчу Леніна ў райцэнтры, якую рэканструявалі падчас падрыхтоўкі да фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2013”. Кошт работ складзе больш за 76 мільёнаў рублёў.

Падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя, і ў бліжэйшы час пачнецца будаўніцтва навеса, пад якім у больш зручных умовах адпачываючыя ў лагеры змогуць прымаць гігіенічныя працэдуры. На гэту “абноўку” з новымі ўмывальнікамі і мыйкамі выдаткавана 150 мільёнаў рублёў з раённага бюджэту. Усяго ж на рамонт лагера, дзе летам адпачнуць падчас чатырох змен 380 хлопчыкаў і дзяўчынак, выдаткаваны з раённага бюджэту 351 мільён рублёў.

Акрамя “Чайкі”, рабят летам запросіць палатачны лагер “Рабінзоны”. Зменяць дыслакацыю – з Дарава перамесцяцца ў Жарабковічы – “Эўрыка” для адораных рабят і абаронна-спартыўны “Выратавальнік”. Днямі пачнецца прыём заяў ад бацькоў на летні адпачынак рабят у лагеры “Колас” дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Усяго ў раёне за лета плануецца аздаравіць у лагерах з кругласутачным знаходжаннем каля 600 школьнікаў. Яшчэ 575 змогуць весела і карысна правесці час, пакуль бацькі на працы, у прышкольных лагерах, якія будуць працаваць у першы месяц лета ў многіх установах адукацыі раёна.

Гарадскія школы і гімназія, Начаўская і Тухавіцкія СШ арганізуюць для сваіх вучняў лагеры працы і адпачынку, у Крывошынскай і Ліпскай СШ школьнікам прапануюць другасную занятасць.

Да 28 мая ўсе месцы адпачынку рабят павінны атрымаць пашпарты гатоўнасці да аздараўленчага сезона.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *