Каб помнілі… Як у Ляхавіцкім раёне ўшаноўвалі памяць пра абаронцаў Радзімы

Курган Славы. 2013-ы.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны мне вельмі блізкая: мой бацька Мікалай Пятровіч Пабягайла загінуў пад Кёнігсбергам у красавіку 1945 года. Памяць пра яго я праношу праз усё жыццё і заўсёды хачу, каб моладзь, нашчадкі ведалі пра герояў, якія не скарыліся акупантам і адстаялі сваю незалежнасць. Каб ведалі, які цяжар вытрымалі нашы людзі ў той вайне, колькі было загублена жыццяў.

У першыя пасляваенныя гады было шмат жывых сведкаў і ўдзельнікаў тых вогненных падзей. А наўкол усё разбурана, многае знішчана. Трэба было ўсё аднаўляць – а пра помнікі асабліва не думалі. Але ішоў час, і да пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя стала зразумелым, што новаму пакаленню беларусаў трэба вельмі добра ведаць і памятаць пра мужнасць і гераізм іх бацькоў і дзедаў. Ды і ў рэспубліцы многае было ўжо адноўлена-адбудавана. Неабходным і магчымым стала ўстанаўленне помнікаў героям. Дарэчы, праз 10 гадоў пасля вызвалення Мінска ў 1954-м на Круглай плошчы ў сталіцы быў узведзены велічны манумент – абеліск Перамогі. А яшчэ праз 4 гады плошча была перайменавана ў плошчу Перамогі.

…Набліжалася 20-годдзе падзеі, салют у гонар якой расфарбаваў неба над планетай, абвясціўшы, што з карычневай чумой пакончана. Краіна рыхтавалася да юбілею. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы прымалі партыя і камсамол. З сакавіка 1964 года я стаў працаваць першым сакратаром Ляхавіцкага райкама камсамола. Да гэтага настаўнічаў у Ліпскай СШ і чуў, што ў дуброве ля вёскі Залужжа ў напрамку Тухавічаў у час вайны размяшчалася стаянка партызанскага атрада. З вучнямі мы хадзілі туды ў паход, бачылі разбураныя партызанскія зямлянкі. У той час старшынёй мясцовага калгаса “Шлях Ільіча” працаваў былы партызан Міхаіл Васілевіч, які дапамог камсамольцам гаспадаркі аднавіць адну з зямлянак. Да 20-годдзя вызвалення раёна ў гэтых мясцінах пабываў Герой Савецкага Саюза, які пазней быў удастоены і звання Героя Сацыялістычнай Працы Кірыл Арлоўскі, былы камандзір партызанскага атрада “Сокалы”, што ў ваенны час дыслакаваўся ў Машукоўскім лесе і ахопліваў сваёй дзейнасцю тэрыторыю нашага раёна.

Помнік на брацкай магіле 14 савецкіх воінаў у г. Ляхавічы.

З 1964 года (сёлета будзе юбілей – рэд.) Дзень моладзі мы пачалі праводзіць ля вёскі Мінічы, непадалёку ад ракі Шчара. Ведалі, што ў чэрвені 1941-га ў гэтых мясцінах праходзілі вельмі цяжкія баі. Мы з сакратаром камсамольскай арганізацыі саўгаса “Ганчароўскі” Станіславам Булдыгам абходзілі блізкія вёскі, распытвалі людзей, якія былі сведкамі тых падзей, і зразумелі: гэта месца павінна быць дастойна пазначана. Да таго часу ў многіх цэнтральных вёсках калгасаў і саўгасаў ужо былі ўзведзены помнікі на месцах пахавання абаронцаў Радзімы, ахвяр вайны. А вось нечага велічнага, галоўнага ў раёне яшчэ не было. Маю прапанову аб узвядзенні ў тых мясцінах кургана з помнікам падтрымалі першы сакратар РК КПБ былы партызан Мікалай Сцепанюк, старшыня райвыканкама Дзмітрый Касьянаў, члены бюро райкама партыі, а таксама ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны кіраўнікі гаспадарак Пётр Бычкоў, Мікалай Стэцко, Адам Кумейша.

Больш года вяліся работы. Каб насыпаць курган, звозілі зямлю з усіх гаспадарак раёна. Фундамент зрабіла міжкалгасная будаўнічая арганізацыя, якой кіраваў удзельнік вайны Барыс Чубрык. Сам помнік узводзілі і выконвалі іншыя работы будаўнікі ПМК-46 пад кіраўніцтвам Уладзіміра Саладухі. І ў 1967 годзе наш Курган стаў практычна такім, якім мы яго прывыклі бачыць. Падкрэслю актыўны ўдзел камсамольцаў і моладзі раёна ў тым ліку ў гэтай важнай справе.

І цяпер штогод Дзень Перамогі святкуецца на свяшчэнным для кожнага земляка месцы. Сюды з’язджаюцца жыхары з усіх куточкаў раёна, а ў ганаровай варце стаяць сённяшнія воіны. На Курган, дарэчы, прыязджалі ўдзельнікі баёў Вялікай Айчыннай – ветэраны 55-й стралковай дывізіі. У іх ліку генерал-маёр Шамодзі, які ў пачатку вайны быў лейтэнантам. Яны прайшліся па месцах былых жорсткіх баёў ля вёскі Завінне, усклалі кветкі на магілу больш як 200 загінуўшых там аднапалчан, пабывалі ў Крывошынскай школе і Ляхавіцкай СШ № 2, воінскіх часцях. Ветэраны выказалі шчырую ўдзячнасць жыхарам раёна за тое, як яны берагуць памяць пра герояў вайны.

Ля Кургана Славы (каля 40 гадоў назад)

Пазней, калі я працаваў сакратаром райкама партыі, пачуў інфармацыю, што ля ракі Ведзьма (па вул. Леніна – рэд.) у першыя дні вайны загінуў разлік 45-міліметровай гарматы. Жыхары горада воінаў там і пахавалі. Яшчэ даведаўся, што па вул. Матросава ў адной з хат на пачатку вайны размяшчаўся часовы перавязачны пункт, і некалькі параненых салдат там памерлі. Пахавалі іх прама на тэрыторыі сядзібы гаспадара. З супрацоўнікам райваенкамата Аляксеем Шарапам пры дапамозе мясцовых жыхароў адшукалі тыя пахаванні. Рашэнне перапахаваць астанкі воінаў у брацкай магіле на вул. Леніна і ўзвесці там помнік было прынята аднадушна. Астанкі пяці воінаў, іх асабістыя ўцалелыя рэчы і неўзарваная граната – вось што знайшлі салдаты падчас раскопак. З воінскімі ўшанаваннямі ў прысутнасці многіх ляхавічан перапахавалі герояў. Прозвішчы загінуўшых, на жаль, устанавіць не ўдалося. Над узвядзеннем помніка працаваў калектыў Ляхавіцкага завода жалезабетонных вырабаў. Кіраваў работамі галоўны інжынер прадпрыемства Віктар Папянюк.

Калі потым я назіраў, як ля гэтага помніка нясуць варту піянеры, у мяне на вачах наварочваліся слёзы. Вельмі хацелася, каб у далёкім Калінінградзе з такой самай пашанай ставіліся да памяці воінаў-вызваліцеляў, так хораша даглядалі магілы герояў, у адной з якіх ляжыць і мой бацька.

У 1980 годзе мне давялося ўзначаліць саўгас-тэхнікум.

Тады даведаўся, што многія жыхары вёсак Зубелевічы і Патапавічы загінулі на франтах Вялікай Айчыннай. У нашым калектыве працавалі іх удовы, дзеці, сваякі. Было адзіна правільным – увекавечыць памяць загінуўшых воінаў-землякоў. У 1984 годзе да дня вызвалення раёна ад фашысцкіх акупантаў адбылося адкрыццё помніка – абеліск і гранітныя пліты з выбітымі на кожнай прозвішчамі загінуўшых. Каб помнілі… Цяжка пераацаніць выхаваўчую работу сярод моладзі ўстановы, якую праводзіў удзельнік тых баёў выкладчык гісторыі Мікалай Жукаў.

У інтэрнаце № 2 ужо дзейнічаў музей баявой і працоўнай славы, які быў створаны па ініцыятыве і дзякуючы вялікай працы ў той час выхавальніка Мікалая Куліцкага. Пасля заканчэння будаўніцтва інтэрната № 4 з’явілася магчымасць перавесці музей з двух пакояў у новае прасторнае памяшканне. Тут ён набыў і выгляд, і магчымасць працаваць як сапраўдны музей.

А яшчэ ўспомню падрыхтоўку матэрыялаў да выдання кнігі “Памяць. Ляхавіцкі раён”. На чале рэдкалегіі стаяў кіраўнік раёна Аляксандр Цупрык. Вялікую дапамогу пры падрыхтоўцы матэрыялаў аказалі рэдактар раённай газеты, якая ў той час насіла назву “Будаўнік камунізму”, Вікенцій Шталь, гісторык Віталій Скалабан, журналісты раёнкі, многія кіраўнікі гаспадарак, прадпрыемстваў і арганізацый, настаўнікі гісторыі мясцовых школ. Усе іх прозвішчы пазначаны ў кнізе, але ўсё ж асабліва ўспомню Вольгу Альшакову (СШ № 2) і Васіля Сокала (Зубелевіцкая БШ).

А цяпер прапанова: лічу, што наспеў час адкрыць у Ляхавічах гарадскі музей. У нашага раёна вялікая і цікавая гісторыя, шмат знакамітых людзей жыло тут на працягу многіх стагоддзяў. Пра ўсё гэта нельга забываць, бо без мінулага не бывае будучыні.

Мяфодзій ПАБЯГАЙЛА,

г. Ляхавічы.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

і з архіва аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *