Пастаўскі баль


Міжнародны фестываль народнай песні і музыкі, які праходзіў у горадзе Паставы Віцебскай вобласці, сабраў лепшыя самадзейныя калектывы рэспублікі, прымаў гасцей з Польшчы, Расіі, Украіны, Прыбалтыкі. Брэстчыну прадстаўлялі ляхавіцкія ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці – ансамбль “Народныя музыкі” і са-лісты народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Крыніца”.
На нейкі час горад ператварыўся ў вялікую сцэну, з якой гучалі песні на розных мовах, ігралі музыкі так, што ногі самі пускаліся ў скокі. Задавалі тон гармонік, баян і цымбалы – самыя лірычныя і любімыя народам інструменты. Віртуозна ігралі ляхавічане Леанід Ткачэнка і Віктар Сабалеўскі, якія былі ўзнагароджаны дыпломам за захаванне народных музычных традыцый, развіццё народна-інструментальнай творчасці і ўдзел у фестывалі. Такога ж дыплома ўдастоены Людміла Ламака і Вольга Лушчык, якія пакарылі пастаўчан і журы сваімі песнямі. У намінацыях “Ансамблі народнай музыкі”, “Выканаўцы прыпевак: хто – каго?”, “Інструментальныя дуэты” вызначыліся музыканты і салісты Эдуард Сіліцкі, Аляксей Коўш, Жанна Хмыз, Мікалай Шклянік, Мікалай Ламака, Валянціна Столяр, Карына Раманоўская, Уладзімір Стыкуць, а калектыў стаў лаўрэатам міжнароднага фестывалю і ўдастоены дыплома другой ступені.
Ляхавіцкія самадзейныя артысты былі сярод лепшых на “Пастаўскім балі”. І на абрадзе “Куменне”, галоўнай мэтай якога было знаёмства творчых калектываў і далейшыя стасункі, апынуліся ў цэнтры ўвагі. Захаплялі музычныя творы нашага самадзейнага кампазітара Эдуарда Сіліцкага “Грай, гармонік!” і “Мы – славяне!”, якія былі візітнай карткай калектыву. А на заключным гала-канцэрце ансамбль “Народныя музыкі” разам з Беларускім нацыянальным аркестрам імя Жыновіча пад кіраўніцтвам Мікалая Казінца выканаў “Груздаўскае вяселлейка”.
Цёплы, душэўны прыём, знаёмствы і творчыя планы, у якія абавязкова ўваходзяць новыя сустрэчы, аб’ядналі ўсіх удзельнікаў міжнароднага фестывалю. Музыка і песня не ведаюць межаў!
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *