Ляхавіччына прадпрымальніцкая ў лічбах, фактах, суб’ектыўных ацэнках, высновах

Права на сваю справу ёсць у кожнага. Жаданне – не ў кожнага, але ў вельмі многіх. Магчымасці ж – дай Бог, каб у кожнага дзясятага. Пра гэта “распавядае” статыстыка, ва ўнісон якой “гучыць” і практыка жыцця. Як і ў оперных спевах, архітэктуры, канструяванні самалётаў, спорце і іншым, дасягнуць поспеху ці, скажам больш стрымана, стабільнасці можна толькі пры валоданні стартавым капіталам. У самым прамым сэнсе таксама, але гэта далёка не ў першую чаргу. У прыярытэце – адмысловы комплекс асабістых якасцяў чалавека, глыбокае веданне прадмету бізнесу і рынку. Яшчэ патрэбен выпадак, уменне схапіцца за які з’яўляецца сапраўдным талентам. Толькі на такім полі грошы могуць вырасці ў аб’ёме, у цане. Што і з’яўляецца дамінантай прадпрымальніцтва.

У паралельнай прывязцы са сваім папярэднікам 2013-ты для бізнесу нашага раёна атрымаўся годам са знакам “плюс”. І па колькасным паказчыку, і, рызыкнём выказаць суб’ектыўнае меркаванне, у плане якасці. На старце бягучага года ў раёне працавала 146 малых і сярэдніх прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці. З іх 19 – фермерскія гаспадаркі. Бізнес-поле раёна дапаўняюць таксама 385 індывідуальных прадпрымальнікаў. У рэестры прадпрымальніцкай практыкі нашых землякоў – сельскагаспадарчая вытворчасць і вытворчасць прамысловай прадукцыі, будаўніцтва, дрэваапрацоўка, гандаль, рознага кшталту сэрвісы. Пра дзяржаўную значнасць прыватнай ініцыятывы гаворыць тое, што тут знайшлі сабе занятак 1823 чалавекі. І гэта больш за 16 працэнтаў ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва Ляхавіччыны.

Чаму год са знакам “плюс”? На працягу апошняга часу бадай усе агучаныя вышэй лічбы маюць станоўчую тэндэнцыю. У 2013-ым, напрыклад, раён “прырос” 36 малымі прадпрыемствамі і 79 прадпрымальнікамі-індывідуаламі. Яшчэ 2 МП было створана ў першым квартале года бягучага.

Не падлягае сумненню той факт, што росту прыватнага сегмента эканомікі садзейнічаюць бонусныя адносіны дзяржавы. Пачынаючы з самага верху і ўніз па вертыкалі. Ільготнасць арганізацыі і вядзення бізнесу ў сельскай мясцовасці і малых гарадах (а Ляхавічы ў гэты фармат трапляюць), канешне ж, маюць значэнне. Калі б не, пара-тройка прыватных структур наўрад ці звярнула на нас увагу. Тых жа “Ажуруну”, “Ібіру”, для прыкладу, прынеслі ў раён іменна гэтыя вятры эканамічных перамен. Цяпер яны працуюць, даюць занятак некалькім дзясяткам ляхавічанак.

Вельмі і вельмі цікавай, зыходзячы яшчэ са студэнцкага асабістага вопыту, выглядае адна перспектыва, праект, рэалізацыя якога запланавана ўжо на гэты год. Таварыства з абмежаванай адказнасцю (назва ні пра што не скажа, ды і не ў ёй сутнасць) рэалізуе ў Ляхавічах інвестыцыйны праект “Будаўніцтва вытворчага комплексу ЛГМ”. ЛГМ літаральна – ліццё па газіфікаваных мадэлях. Тэхналогіі, магчыма, не менш як паўстагоддзя, аднак, у нашай краіне распаўсюджання яна не мела. Чаму — можна толькі здагадвацца, хоць справа цікавая. Адносіцца да металургіі і дазваляе атрымліваць вельмі дакладныя адліўкі, параўнальныя па гэтым паказчыку з ліццём па выплаўляльных мадэлях. Толькі – значна больш танна. Па паказчыку затратнасці ЛГМ параўнальна з класікай жанру – ліццём у земляную форму. І абсалютна не параўнальна з ёй па якасці атрыманых адлівак. Праект у выпадку яго рэалізацыі атрымаецца чыста інавацыйным, арыентаваным на імпартазамяшчэнне.

Добрым прыкладам ужо дзясятак гадоў працуючага прадпрыемства імпартазамяшчальнай накіраванасці з’яўляецца ТАА “Трансэлектракамплект”, экспартныя пастаўкі якога ў 2013 годзе склалі ў эквіваленце 1636 тысяч долараў ЗША.

У якасці найбольш эфектыўных бізнес-структур раёна можна і трэба назваць ПУГП “Гандлёвы дом “Уладзімір” і фермерскую гаспадарку “Уладзімір плюс”, СТАА “Бляшаначны завод “Інтэрлак”, ТАА “Ляхавічыдрэў”, ПСУП “Аўтацэнтр “Вікторыя” (які, дарэчы, па выніках мінулага года зноў стаў пераможцам у абласным конкурсе “Лепшы прадпрымальнік года”), ЗАТ “Ляхавіцкі завод “Металапластмас”, ужо ўзгаданая “Ібіра”, фермерскія гаспадаркі “Улазавічы”, “Даманскае”.

Нягледзячы на пэўную шчыльнасць прысутнасці ў нас малога бізнесу, незанятых эканоміка-гаспадарчых ніш у раёне дастаткова. Напрыклад, шукай — не знойдзеш у горадзе камерцыйных аўтамабільных стаянак з аховай. Трэба спадзявацца — пакуль няма, таму што для іх арганізацыі створана, як думаецца, нядрэнная база ў выглядзе чатырох сфарміраваных у райцэнтры пляцовак пад патэнцыяльныя паркінгі: па вуліцах Першамайскай, Інтэрнацыянальнай, дзве па вуліцы Арлоўскага.

Акрамя таго, 10 участкаў-пляцовак з інфраструктурай, размешчаныя ў розных кутках раёна, чакаюць жадаючых і здольных арганізаваць на іх свой бізнес. Ці то вытворчасць нейкіх тавараў, аб’екты гандлю, кропкі па аказанні тых ці іншых паслуг.

Ёсць і аб’екты нерухомасці, што знаходзяцца ў камунальнай уласнасці і выкарыстоўваюцца не ў поўнай меры вынікова або ўвогуле з’яўляюцца “баластам”. А маглі б стаць нядрэнным для прадпрымальных і пры грашах людзей перспектыўным інвестпраектам, удалым укладаннем. У рэестры гэтага года значыцца 5 падобнага кшталту аб’ектаў нерухомасці. Столькі ж, дарэчы, колькі і знайшлі гаспадара ў 2013-ым. Спіс дастаткова ўнушальны: комплекс будынкаў палацава-паркавага ансамбля “Савейкі”, будынкі Куршынавіцкай школы, комплекснага прыёмнага пункта ў вёсцы Альхоўцы, рамонтных майстэрняў у вёсцы Ганчары, дзіцячага садка ў Коньках.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *