Мілыя сэрцу сястрычкі. 12 мая ляхавіцкія медсёстры адзначаць Міжнародны дзень медыцынскіх сясцёр

Галоўная медсястра Ала Туркіна (у цэнтры) са сваімі надзейнымі калегамі: Верай Крываруцкай, Святланай Пазняковай, Наталляй Запруцкай, Аленай Абражэвіч, Аленай Александровіч і Вольгай Пташук.

Вось ужо на працягу 40 гадоў менавіта 12 мая прадстаўніцы адной з самых гуманных і запатрабаваных прафесій прымаюць віншаванні ў сваё свята – Міжнародны дзень медыцынскіх сясцёр. Гэта дата абрана не выпадкова – 12 мая нарадзілася вядомая англічанка Флорэнс Найтынгейл, якая арганізавала падчас Крымскай вайны першую ў свеце службу сясцёр міласэрнасці. У 1974 годзе сёстры міласэрнасці са 141 краіны свету аб’ядналіся ў адну прафесійную грамадскую арганізацыю — Міжнародны савет медыцынскіх сясцёр.

Сёлета гэты дзень праходзіць пад дэвізам “Медыцынскія сёстры: рухаючая сіла перамен – жыццёва важны рэсурс для здароўя”. Тлумачэнне простае: прафесійна граматныя і матываваныя работнікі аховы здароўя вельмі важныя і неабходныя, а якасныя медпаслугі не могуць быць аказаны пацыентам без дастатковай колькасці добра падрыхтаваных медыцынскіх сясцёр.

Гэта свята і 308 прафесіяналаў у белых халатах, добразычлівых і ўважлівых, ветлівых і акуратных, абаяльных і ўмелых медыцынскіх сясцёр, лабарантаў і фельчараў УАЗ “Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца”. Яны — галоўныя памочнікі ўрачоў у прафілактыцы і лячэнні хвароб, адказваюць за псіхаэмацыянальны стан пацыентаў, аказваюць ім душэўную падтрымку, паспяваюць падбадзёрыць і родных хворага. На прыёме ў паліклініцы ў кабінеце ўрача менавіта медсястра выпіша рэцэпт і зафіксуе ўсе рэкамендацыі. У прыёмным пакоі райбальніцы — уважліва апытае, вымерае ціск, даведаецца пра скаргі хворага і запоўніць медыцынскую картку. У аддзяленні – хутка і якасна паставіць кропельніцу (як сказаў адзін з пацыентаў, “укол ад вашых чароўных рук зусім не балючы, не тое што ўкус камара”…), раздасць таблеткі і ўважліва сочыць за выкананнем бальнічнага рэжыму. А якія медсёстры ў фізіятэрапеўтычным аддзяленні! Працэдуры — вельмі важная частка лячэння, тутэйшыя супрацоўніцы ўзмацняюць іх эфект добрым словам і пяшчотным дотыкам. Няма выпадковых работнікаў у аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі. А фельчар ФАПа – увогуле асоба на вёсцы незаменная і шчыра паважаная.

– Гэта сапраўды шчасце і гонар адчуваць запатрабаванасць сваёй прафесіі, працаваць побач з адданымі сваёй справе калегамі. Толькі так я магу сказаць пра медсясцёр, фельчараў, лабарантаў медыцынскіх устаноў нашага раёна, — гаворыць галоўная медсястра райбальніцы Ала Туркіна, якая амаль 10 гадоў на гэтай надзвычай адказнай пасадзе. У многім дзякуючы ёй не на паперы, а на справе дзейнічае савет медыцынскіх сясцёр ЦРБ, праводзіцца штотыднёвая вучоба са старшымі медсёстрамі аддзяленняў, штомесяц — агульнараённыя канферэнцыі для сярэдняга медыцынскага персаналу. А чаго вартыя ідэальныя чысціня і парадак у аддзяленнях, на калідорах, кветкавы рай вакол медустаноў!

Сапраўды, сярод такой колькасці прафесіяналаў цяжка вызначыць лепшых. Але, напэўна, тых, каго хоць раз лёс звёў з работнікамі аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі, не маглі не ўразіць сваёй міласэрнасцю, клопатам і шчырасцю старшая медсястра аддзялення Вера Крываруцкая, медыцынскія сёстры Святлана Пазнякова, Ірына Папко, Святлана Сліва, Алена Александровіч, Наталля Траяноўская, Наталля Ракала. Дарэчы, дзве Наталлі зусім нядаўна паспяхова вытрымалі экзамены на вышэйшую катэгорыю (усяго ў медустановах раёна 83 сярэднія медыцынскія работнікі маюць самую высокую кваліфікацыйную катэгорыю). Гаворачы пра лепшых з лепшых, нельга не ўразіцца, наколькі адпавядаюць прафесіі і гарманічныя ў ёй медсёстры тэрапеўтычнага аддзялення Алена Кульчык, Наталля Чайкоўская, Алена Бажко, Галіна Дземідзенка, працэдурныя Святлана Арцём, Алеся Тарлюк. Прыклад для ўсіх і старшая аперацыйная медсястра Наталля Запруцкая.

Днямі прайшоў абласны агляд-конкурс на лепшую аперацыйную медыцынскую сястру Брэстчыны 2014 года. Чацвёртае месца ў ім заняла прадстаўніца Ляхавіччыны – аперацыйная медсястра Алена Абражэвіч — дастойны вынік. Традыцыйна выберуць пераможцу і на раённым конкурсе “Лепшая медыцынская сястра”.

Наша здароўе пад надзейнай аховай, у тым ліку і гэтых мілых сэрцу жанчын – сястрычак міласэрнасці.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *